Праваслаўны храм | |
Царква святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага | |
---|---|
53°54′31,27″ пн. ш. 27°35′14,37″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Мінская |
Архітэктурны стыль | неарускі стыль |
Архітэктар | В. І. Струеў |
Дата заснавання | 1896 |
Будаўніцтва | 1896—1898 гады |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзеючы |
Сайт | nevsky.by |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў Мінску — праваслаўны храм, пабудаваны ў 1896—1898 гадах на тэрыторыі вайсковых могілак горада. Архітэктар — В. І. Струеў. Адзіны храм Мінска, які амаль цалкам захаваў першапачатковае аблічча.
Гісторыя стварэння
На ўзвядзенне храма-помніка будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага кіравання ў красавіку 1896 года быў зацверджаны каштарыс на агульную суму 11.227,39 рублёў. Месцам для будаўніцтва абраны вайсковыя могілкі на ўскраіне Мінска, званай Доўгім Бродам.
На збудаванне храма ў візантыйскім стылі сродкі ахвяравалі таксама войскі мясцовага гарнізона і прыватныя асобы — галоўным чынам сваякі загінулых воінаў. Актыўна дапамагаў у гэтай справе благачынны 30-й пяхотнай дывізіі протаіерэй Павел Багдановіч. 20.000 рублёў на пабудову храма ўнесла «дачка» лейб-гвардыі Кексгольмскага палка Марыя Кексгольмская[1] — турэцкая сірата, падабраная салдатамі палка ў 1877 годзе на полі бою.
Будаўніцтва было задумана як помнік воінам, якія аддалі сваё жыццё ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў. Пра гэта нагадваюць захаваныя з тых часоў дзве мемарыяльныя дошкі, умантаваныя ў цэнтральны неф. На іх выгравіраваны імёны 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га пяхотнага Каломенскага палка, загінулых пры ўзяцці Плеўны ў Балгарыі. Акрамя таго, побач храма знаходзяцца магілы некалькіх герояў вайны 1877-1878 гадоў — генерал-лейтэнанта Э. В. Жыржынскага, генерал-маёра І. А. Бырдзіна, падпалкоўнікаў А. Т. Дзехцярова, В. К. Жэжэро[2] і С. К. Абрамава.
Храм быў спраектаваны ў неарускім стылі XVII—XVIII стагоддзяў, і збудаваны на месцы маленькай драўлянай царквы, якая стаяла на гэтым месцы.
Як паведамляў у сваім рапарце ад 9 снежня 1897 года святар Павел Багдановіч,
Каменная церковь на Минском военном кладбище, разрешенная Вашим Высокопреподобием, ныне окончена, донося о сем, прошу разрешения Вашего Высокопреподобия на освещения ея, предположенное совершить 28 сего декабря.
Аднак падчас узгаднення з Мінскім архіерэем была вызначаная іншая дата—2 лютага 1898 года, якая практычна супадала з 20-годдзем сканчэння Руска-турэцкай вайны. Храм быў прысвечаны памяці "в бозе почившего Государя Императора Александра III"[3].
Урачыстае асвячэнне храма адбылося 2 лютага 1898 года. Чын асвячэння здзейсніў праасвяшчэнны Сімеон, епіскап Мінскі і Тураўскі, пасля архіепіскап, духавенства мінскіх цэркваў у прысутнасці вялікай колькасці гараджан. Храм быў прыпісаны да 119-га пяхотнага Каломенскага палка.
Пачаткова ў царквы не было правага і левага прыдзелаў, у ліпені 1899 года Павел Багдановіч накіраваў рапарт з просьбай дазволіць дабудаваць два каменныя прыдзелы, ужо ў 1900 годзе працы па прыбудове прыдзелаў былі завершаны, і храм набыў сучасны выгляд.
Архітэктура
Мураваны крыжова-купальны трохнефавы аднаапсідны чатырохслуповы храм-помнік. У цэнтры сіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі ўзвышаецца масіўны купал на васьмігранным светлавым барабане, завершаны цыбулепадобнай галоўкай. Меншыя дэкаратыўныя купалы сіметрычна размешчаны над дахамі бакавых нефаў. Дамінантай кампазіцыі з'яўляецца высокая двух'ярусная званіца з шатровым пакрыццём, размешчаная над бабінцам.
Цікавыя факты
- За алтарнай сцяной пахаваны рэшткі вышэйшых афіцэраў, а побач з імі знаходзяцца дзве брацкія магілы з рэшткамі салдатаў.
- Самым цікавым элементам царквы можна назваць драўляную пераносную царкоўку, якой карыстаўся Каломенскі полк для малітваў падчас ваенных дзеянняў у Турцыі.
- У храме знаходзіцца спіс (копія) святыні Белай Русі — Мінскай іконы Божай Маці, зроблены ў XIX стагоддзі.
- Падчас Вялікай Айчыннай вайны храм падвяргаўся бамбардзіроўцы, аднак бомба, якая прабіла купал храма, не ўзарвалася. Яна прашыла цэнтральны купал царквы і ўпала каля абраза Мікалая Угодніка.
- Пры аднаўленні царквы выкарыстоўвалася чырвоная цэгла, якая выпускаецца на адным латвійскім заводзе, які пастаўляў сваю прадукцыю ў маскоўскі Крэмль.
- У ківоце ў правай прыбудоўцы змешчана ікона Нерукатворнага абраза Збавіцеля, аўтарам якой паводле падання з'яўляецца вядомы рускі жывапісец Мікалай Ге. Ікона была ахвяравана храму адным з яго апекуноў у канцы XIX стагоддзя.
Набажэнствы
Набажэнствы ў храме праходзяць штодня раніцай і ўвечар, акрамя вечара панядзелка. Пачатак ранішняй службы ў 09.00, вячэрняй — у 18.00. У нядзелю раніцай праходзяць дзве службы — у 07.00 і ў 10.00.
У храме рэгулярна здзяйсняюцца таінствы хрышчэння і вянчання, ёсць уласны хор, дзейнічае нядзельная школа.
З моманту асвячэння храма і да цяперашняга часу чатыры разы ў год на Сусветныя суботы тут праходзяць памінальныя набажэнствы, у якіх загінулыя войны называюцца пайменна.
Зноскі
- ↑ БЕЛОРУССКИЙ СЛЕД НА ШИПКЕ Архівавана 24 верасня 2014. (руск.)
- ↑ Жежеро Василий Константинович Архівавана 7 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ Церковь святого Александра Невского в Минске. - Минск: Приход храма благоверного князя Александра Невского в г. Минске, 2018. - 176 с.
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Мінск) на сайце Radzima.org
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Мінск) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Гісторыя храма Архівавана 23 студзеня 2013.
- Свята-Аляксандра-Неўская царква (Мінск) на сайце «Архіварта»