Цагляная готыка (ням.: Backsteingotik) — від гатычнай архітэктуры, пашыраны ў рэгіёнах вакол Балтыйскага мора, бедных будаўнічым каменем, асабліва ў Паўночнай Германіі. Будынкі гэтага стылю ўзводзіліся пераважна ці цалкам з чырвонай цэглы. Цагляныя гатычныя будынкі іспанскіх мурынаў утвараюць незалежны стыль, званы мудэхарская готыка, які не разглядаецца ў гэтым артыкуле. У рэчышчы цаглянай готыкі развівалася гатычная архітэктура ВКЛ.
Цагляная готыка прыходзіць на змену цаглянаму раманэску, а пазней у сваю чаргу змяняецца цагляным рэнесансам. Межы паміж цаглянай готыкай і абодвума названымі стылямі досыць расплывістыя.
Адсутнасць у цаглянай готыцы архітэктурнай скульптуры, пашыранай у іншых кірунках готыкі, але недасягальнай пры замене каменю цэглаю, кампенсуецца складанай арнаментацыяй сцен, у тым ліку пры дапамозе колеравых кантрастаў паміж чырвонаю цэглаю, паліванаю цэглаю і белаю вапнаю.
Збудаванні цаглянай готыкі можна сустрэць у Беларусі, Даніі, Германіі, Латвіі, Літве, Нідэрландах, Польшчы, Расіі (у Калінінградскай вобласці), Украіне, Фінляндыі, Швецыі, Эстоніі.
Цэгла
У адрозненне ад каменных блокаў звычайнай готыкі, якія рыхтаваліся проста на будаўнічай пляцоўцы, цэгла выраблялася на асобных спецыялізаваных прадпрыемствах. Шырокае распаўсюджанне атрымала цэгла так званага манастырскага фармату, памерам прыблізна ад 28x15x9 см да 30x14x10 см, якая клалася са швамі шырынёй каля 15 мм.
- «Гатычная кладка» (gotischer Verband)
- Паліваная цэгла
- Фігурная цэгла
- Паліваная фігурная цэгла
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цагляная готыка