Chryścijanskaja Dumka | |
---|---|
Тып | часопіс |
Галоўны рэдактар | Адам Вікенцьевіч Станкевіч |
Заснавана | 6 студзеня 1928 |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс |
Chryścijánskaja Dúmka (Хрысція́нская ду́мка) — рэлігійны часопіс беларусаў-каталікоў, які выдаваўся з 6 студзеня 1928 года ў Вільні пад рэдакцыяй ксяндза Адама Станкевіча. У розныя часы быў штодвухтыднёвікам і месячнікам. Змагаўся за родную мову ў касцёлах, змясціў цыкл публікацыяў Адама Станкевіча «Rodnaja mowa u światyniach». Талерантна ставіўся да праваслаўя, прапагандаваў ідэю царкоўнай уніі. Змяшчаў літаратурныя творы Францішка Грышкевіча, Казімера Сваяка, Уладзіслава Берняковіча, Сяргея Пеюна, Янкі Быліны, Марвіча (Мар’яна Пецюкевіча), Гальяша Леўчыка і іншых, нарысы пра жыццё і творчасць Казімера Сваяка і Ядвігіна Ш. У часопісе публікаваліся рэцэнзіі на выхад кніг паэзіі Андрэя Зязюлі «З роднага загону» (1913, 1931) і Хведара Ільяшэвіча «Зорным шляхам» (1932). Часопіс інфарміраваў пра дзейнасць беларускага выдавецтва «Krynica». Выходзіў лацінкай.