Хо́бі (англ.: hobby — захапленне) — рэгулярная дзейнасць, якая робіцца для ўласнага задавальнення, звычайна ў вольны час. Хобі ўключае ў сябе калекцыянаванне тэматычных прадметаў і аб’ектаў, творчасць і мастацкія заняткі, заняткі спортам або іншыя забавы. Хобі спрыяе набыццю значных навыкаў і ведаў у галіне захаплення. Спіс хобі змяняецца разам з новымі інтарэсамі і развіццём моды, што робіць яго разнастайным і доўгім. Хобі, як правіла, прытрымліваюцца тэндэнцый у грамадстве, напрыклад, калекцыянаванне марак было папулярным у XIX і XX стагоддзях, бо пошта была асноўным сродкам сувязі, у той час як відэагульні сталі папулярнымі ў наш час пасля тэхналагічнага прагрэсу. Развіццё вытворчасці і тэхналогій XIX стагоддзя дало рабочым больш вольнага часу для заняткаў хобі.
Этымалогія
У XVI стагоддзі паняцце хобі (англ.: hobby) у англійскай мове значыла «маленькі конь і поні»[1]. Прадмет, які першапачаткова называўся «Hobbyhorse» (Хобіконь), быў зроблены з драўлянай або кошыкавай рамы з галавой і штучным хвастом. Ён быў распрацаваны, каб дзіця імітавала язду на сапраўдным кані. Да 1816 года вытворнае «хобі» было ўведзена ў лексіку шэрагу англічан[2]. У наступныя стагоддзі слова пачало асацыявацца з адпачынкам і баўленнем вольнага часу.
Зноскі
- ↑ The Phrase Finder. Hobby-horse . The Phrase Finder. Gary Martin (1996–2012). Праверана 5 May 2012.
- ↑ Douglas Harper. hobby . Online Etymology Dictionary. Douglas Harper (2001–2012). Праверана 5 May 2012.
Літаратура
- Хобі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — С. 37. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).