Хе́дар (ідыш: חדר хе́йдэр — пачатковая яўрэйская школа, пакой; узыходзіць да іўр.: חֶדֶר — пакой) — яўрэйская рэлігійная пачатковая школа.

Паходжанне

Назва хедар упершыню згадана ў XIII стагоддзі. Пазней школы такога тыпу шырока распаўсюдзіліся ў асяродках ашкеназскіх яўрэяў. Функцыянаванне хедараў на Украіне і ў Польшчы ў першай палове XVII стагоддзя апісана ў кнізе Н. Гановера «Іевен мецула» («Багна бяздонная»). Сістэма, створаная ў тыя часы, захавалася ў межах Расійскай імперыі і ў некаторых раёнах Аўстра-Венгрыі да Першай сусветнай вайны.

Сістэма навучання

У хедары, як у школах талмуд-тора, вучыліся толькі хлопчыкі. Аднак калі талмуд-тора была абшчыннай установай для падтрымкі бедных дзяцей, чые бацькі не маглі ўносіць плату за навучанне, хедар быў прыватнай школай, і яго настаўнікі (меламеды) атрымлівалі плату ад бацькоў. Для атрымання такой платы спатрэбіўся кананічны хітрык галахічных аўтарытэтаў, бо лічылася, што навучанне законам веры абавязак аўтарытэтаў і здзяйсняецца як міцва, гэта значыць бясплатна.

Навучанне праводзілася звычайна ў адным з пакояў кватэры настаўніка. Тым не менш, абшчына кантралявала навучанне ў хедары і вызначала пэўныя правілы і абмежаванні прыватнай ініцыятыве меламеда. Паводле школьнага статута Кракава (1511), у хедары не малго вучыцца адначасова больш за 40 вучняў. У настаўніка маглі быць спецыяльныя памочнікі (на ідыш белфэрз, адзіночны лік белфэр). Аднак на практыцы нагрузка настаўніка была значнай; у адным класе адначасова маглі навучацца вучні трох узроставых груп. У малодшай групе (дардыке, з трох гадоў) школьнікі навучаліся азбуцы і чытанню яўрэйскіх тэкстаў без перакладу. У наступнай групе (з пяці гадоў) вывучалася Пяцікніжжа з каментарамі Рашы і пачатковыя звесткі пра Талмуд. Старэйшыя вучні (з васьмі гадоў) глыбей займаліся Талмудам.

Свецкія дысцыпліны ў хедары не вывучаліся. Заняткі праходзілі зранку да сямі-васьмі гадзін вечара. Практыкаваліся цялесныя пакаранні свавольных вучняў, для чаго быў спецыяльны бізун (канчык). Лічылася, што выкладанне не патрабавала спецыяльных ведаў, і праца настаўніка цанілася невысока. Па заканчэнні хедара юнак мог пад кіраўніцтвам рабіна або адукаваых членаў абшчыны працягнуць вывучэнне Талмуда ў сінагозе (бэйс-мідраш) або паступіць у ешыбот. Аднак для значнай часткі жыхароў штэтла (мястэчка) адукацыя абмяжоўвалася навучаннем у хедары.

У Новы час

З часу Хаскалы хедар падпадаў пад лютую крытыку з боку тых, хто атрымаў свецкую адукацыю; прыхільнікі Хаскалы (маскілім) дужа абураліся прымітыўнай методыкай навучання. Нянавісць да сістэмы адукацыі, якая склалася, ярка выяўлена ў творах І. Б. Левінзона, І. Л. Гардона, П. Смаленскіна і многіх іншых. Аднак у Расійскай імперыі толькі ў канцы XIX ст. здолелі рэалізаваць спробу рэфармацыі хедара (так званы хедар метукан) на аснове ідэалогіі палесцінафільства (Хавявей Цыён) і, пазней, сіянізму. Рэфармаваныя хедары мясціліся ў прасторных памяшканнях, тут выкладалі гісторыю яўрэйскага народа, геаграфію Эрэц-Ізраэль, граматыку іўрыта. Нягледзячы на жорсткі супраціў артадаксальна-рэлігійных колаў, асімілятараў і ўладаў, школы сістэмы «хедар метукан» значна паўплывалі на станаўленне новай сістэмы яўрэйскай адукацыі.

Гл. таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.