Вёска
Хвоева
± | ||||||||||||||||||
Хво́ева[1] (трансліт.: Chvojeva, руск.: Хвоево) — вёска ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Сноўскага сельсавета
Мае тры вуліцы: Азёрную, Садовую і Сноўскую. Ля вёскі знаходзіцца чыгуначны прыпынак Хвоева, размешчаны на лініі Мінск — Баранавічы.
Гісторыя паселішча
Упершыню «sioło Chwoiowskie» згадваецца ў вядомых даследчыкам пісьмовых крыніцах 1 снежня 1562 года ў акце валочнай памеры маёнтка Сноў, як супольная ўласнасць родных братоў Паўла і Мальхера Жыгімонтавічаў Некрашэвічаў-Сноўскіх. Налічвала 59 валок «добрага грунту»[2].
У 1579 годзе знаходзілася ў трыманні новагародскага падсудка Есіфа Іванавіча Галаўні і яго жонкі Ядзвігі Мікалаеўны Біюціскай (крэўнай тагачасных уладальнікаў Сноўскага маёнтка — новагародскага земскага суддзі Мальхера Сноўскага Граўжа і яго старэйшага брата Паўла). Маёмасная спрэчка за Хвоева паміж Мальхерам Сноўскім і Есіфам Галаўнёй была ўлагоджана «…за доброволным отписом пана Сновского в певной сумме пенезей»[3].
У 1588 годзе новагародскі земскі суддзя Есіф Галаўня вымяніў свой маёнтак Хатаевічы ў Менскім павеце на маёнткі Студзёнкі і Сноў, якія належалі пасля смерці віцебскага кашталяна Мальхера Сноўскага яго жонцы Барбары Янаўне Клачкоўне Сноўскай[4]. Так Хвоева зноў стала ўласнасцю Галаўні да яго смерці ў 1598 годзе. Пасля падзелу спадчыны паміж яго сынамі 21 кастрычніка 1602 года в. Хвоева атрымаў Крыштаф Есіфавіч Галаўня[5].
У другой палове XVII — першай трэці XIX ст. Хвоева знаходзілася ва ўласнасці прадстаўнікоў родаў Рдултоўскіх, пазней (да першай трэці XX ст.) — Гартынгаў. У 1690 годзе два дымы ў Хвоеве належалі Ежаму Васілеўскаму[6].
Пасля падпісання Рыжскай дамовы, у 1921—1939 гадах знаходзілася ў складзе Сноўскай гміны Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства Польскай рэспублікі.
Насельніцтва
- 2010 год — 291 чалавек
- 1999 год — 293 чалавекі
Славутасці
- Карчма з Хвоева (XIX стагоддзе), перавезена ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000383
Вядомыя ўраджэнцы
- Рамуальд Іосіфавіч Клім (1933—2011) — савецкі беларускі лёгкаатлет і трэнер, алімпійскі чэмпіён 1964 года ў кіданні молата.
- Пётр Вікенцьевіч Лешчылоўскі (нар. 1938) — беларускі эканаміст.
Заўвагі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Vilniaus Universiteto biblioteka (VUB). RS. F. 4. (nr. 17). A-3913. S.V. 36827. K. 4-4v.
- ↑ «Оповеданье и пильность Есифа Головни, подсудка земского земли Новгородское (против) маршалка господарского, судьи земского новгородского, державцы куренецкого Малхера Сновского Кгравжа о наеханье кгвалтовное урядника сновского Миколая Володкевича с бояры и люди сновскими на люди сновские села Хвоевского» // Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 272, 1576—1579; Кніга судовых спраў № 58 (копія канца XVI ст.) / падрыхтаваў да друку А. Мяцельскі. Мінск : Беларуская навука, 2015. [арк. 227 адв.-228 адв.].
- ↑ РГАДА. Ф. 389. Литовская Метрика. Опись 1. Ед. хр. № 277, лл. 537—540.
- ↑ «Реестръ делу ровного, вечыстого межы нами, то естъ хоружым воеводства Новгородского, писарем скарбным Великого Князтва Литовского [Юрем Есифовичем Головней], а Крыштофом и Яном Есифовичами Головнями в маетностях, лежачых у Великом Князтве Литовъском, у розных поветех на нас, яко наследных потомков по отцу нашым, небощыку его милости пану Есифу Головни, суди земскому Новгородском спалых, то ест в повете Новгородском, в ыименю Задвеи, в ыименью Снови и Бретянце и доме в месте Новгородском, а в повете Ошменском, в ыименью Лебедеве и в ыименью Хожовой, через их милостеи панов стрыев и опекунов, в тестаменте пана отца нашого описаных, за сполным зезволенем и згодою нашою учыненого» (LVIA, SA, Knyga № 27 (F. 8), k. 505-510v).
- ↑ Metryka Litewska. Rejestry podymnego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Województwo nowogródzkie 1690 r. / Instytut Historii PAN. Opracowali Henryk Lulewicz, Andrzej Rachuba; pod redakcją Andrzeja Rachuby. Warszawa: Wydawnictwo Neriton, 2002. S. 68.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хвоева