Мемарыяльны комплекс
Хатынь
54°20′04″ пн. ш. 27°56′37″ у. д.
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Скульптар С. І. Селіханаў
Архітэктар Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін
Заснавальнік Сяргей Іванавіч Селіханаў, Юрый Міхайлавіч Градаў, Валянцін Паўлавіч Занковіч і Леанід Мендэлевіч Левін
Дата заснавання 5 ліпеня 1969
Сайт khatyn.by/by/
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хатынь — мемарыяльны комплекс на месцы колішняй вёскі ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. 22 сакавіка 1943 года вёска знішчана нямецкімі карнымі падраздзяленнямі пры ўдзеле 118-га паліцэйскага батальёна, сфарміраванага ў асноўным з палонных чырвонаармейцаў, за тое, што жыхары вёскі быццам дапамагалі партызанам.

Знішчэнне вёскі

Раніцай 22 сакавіка 1943 года на скрыжаванні дарог Плешчаніцы—Лагойск і Казыры—Хатынь партызаны атрада «Мсцівец» абстралялі легкавую машыну, у якой ехаў камандзір адной з рот 118 паліцэйскага батальёна гауптман Ганс Вёльке. Ён быў першым немцам, які заваяваў залаты алімпійскі медаль у лёгкай атлетыцы. Разам з былым лёгкаатлетам было забіта некалькі паліцэйскіх[1]. Паліцэйскія 118-га батальёна выклікалі на дапамогу спецыяльны батальён штурмбанфюрэра Оскара Дырлевангера. Па дарозе з Лагойска, паліцэйскія арыштавалі і неўзабаве расстралялі групу мясцовых жыхароў — лесасекаў. Да вечара 22 сакавіка, карнікі па слядах партызанаў выйшлі да вёскі Хатынь, якую спалілі разам з усімі яе жыхарамі. Камандаваў расправай начальнік штаба 118-га паліцэйскага батальёна Рыгор Васюра, былы старшы лейтэнант Чырвонай Арміі.

Мемарыяльны комплекс «Хатынь»

Мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь і іншых беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі разам з насельніцтвам у Вялікую Айчынную вайну адкрыты 5 ліпеня 1969 г.

Аўтары: скульптар С. І. Селіханаў, архітэктары Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін — Ленінская прэмія 1970 года.

Мемарыял складаецца з некалькіх частак. У цэнтры комплексу бронзавая скульптура Няскоранага чалавека (выш. 6,1 м) з забітым хлопчыкам на руках, побач самкнёныя гранітныя пліты нагадваюць дах адрыны, дзе карнікі спалілі жыхароў вёскі. На брацкай магіле мармуровы Вянок памяці з тэкстамі сімвалічных зваротаў загінулых да жывых з просьбай берагчы мір і спакой на зямлі і адказы жывых загінулым. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі, на месцы кожнага спаленага дома вянок зруба, унутры якога абеліск у выглядзе коміна з імёнамі і прозвішчамі спаленых яго жыхароў, наверсе абеліска — звон; на месцы былых вясковых калодзежаў мемарыяльныя знакі. На могілках вёсак 185 урнаў з зямлёй са спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых пасля вайны вёсак. У сцяне Жалобы 66 ніш з назвамі найбольш буйных лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных жыхароў і савецкіх ваеннапалонных на тэрыторыі Беларусі. Побач са сцяной Жалобы і Могілкамі вёсак сімвалічныя Дрэвы жыцця са спісам 433 вёсак, знішчаных разам з жыхарамі і адроджаных пасля вайны. У цэнтры мемарыяла Вечны агонь на ўшанаванне памяці кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, які загінуў у вайну, і тры бярозы як сімвал жыцця.

Гл. таксама

  • Мемарыяльны комплекс «Дальва»
  • Боркі (Кіраўскі раён Магілёўскай вобл.) 15.06.1942 — каля 1800 забітых
  • Ала (Светлагорскі раён Гомельскай вобл.) 14.01.1944 — 1758 забітых (з іх 950 дзяцей)
  • Росіца (зараз Верхнедзвінскі раён Віцебскай вобл.) 16−18.02.1943 — каля 1500 забітых
  • Боркі (Маларыцкі раён Брэсцкай вобл.) — каля 700 забітых

Галерэя

Зноскі

Літаратура

  • Лапцэвіч Л. Г. Хатынь // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
  • Рудлінг, Пэр Андэрс. Хатынская расправа: новы погляд на гістарычную спрэчку // № 1 (118) — 2013.  С. 149—201: іл., табл. Бібліягр. у падрадк. заўвагах. Пераклаў з англійскай мовы Вольф Рубінчык паводле аўтарскага арыгінала.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.