Хата — жылая, пераважна зрубная пабудова.
Хата ў Беларусі
Верагодна першай формай драўлянага жытла на Беларусі стаў просты курэнь. Далей атрымаў распаўсюджанне аднакамерны дом зрубнай канструкцыі. Са з’яўленнем сенцаў пляніроўка хаты ўскладнілася: узнікла двухкамернае і трохкамернае жытло. Апошнія тыпы былі найбольш распаўсюджанай формай жылля беларусаў на працягу сярэднявечча і Новага часу.
Як тып жылля гістарычна развілася з зямлянкі (паўзямлянкі). На асаблівасці планаў і канструкцый ўплываюць сацыяльна-эканамічныя і прыродна-кліматычныя ўмовы, будаўнічыя матэрыялы пэўных рэгіёнаў. Беларуская хата вызначаецца дасканаласцю апрацоўкі будаўнічых матэрыялаў, прапарцыянальнасцю форм, выразнасцю кампанентаў, дэкаратыўным аздабленнем. Функцыянальныя, канструкцыйныя і дэкаратыўныя элементы хаты (франтоны, ліштвы, вільчыкі, дымнікі, падзоры і інш.) часта ўпрыгожаны архітэктурнай разьбой. Важны элемент дэкору хаты — мастацкая шалёўка: пэўным нахілам дошак ствараюцца разнастайныя ўзоры (квадраты, ромбы, трохвугольнікі і інш.).
Архітэктура
На Беларусі з 1-2 ст. вядома 1-камернае жытло з печчу без коміна (курная хата) і вузкімі акенцамі з засаўкамі. З 16 ст. існавалі таксама 2 і 3-камерныя хаты (хата+сенцы+хата) (хата+сенцы+гаспадарчая пабудова — клець, варыўня). З 19 ст. пераважала т. зв. белая хата, якая мае печ з комінам. Будавалі хаты найчасцей з хвоі і елкі. Хата на падмурку пашырана з 19 ст. Крылі хаты саломаю, чаротам, дранкай, гонтай, чарапіцай, з 20 ст. выкарыстоўваюць бляху. Да канца 19 ст. быў пашыраны тып падлогі земляны і глінабітны, які змяніла дашчаная падлога на лагах.
Інтэр'ер
Інтэр'ер традыцыйнай хаты строга рэгламентаваны. У куце каля дзвярэй стаяла печ, вусцем да прыпечнага акна, побач быў т. зв. бабін кут. Па дыяганалі ад печы знаходзілася покуць — пачэснае месца ў хаце, там стаялі стол, нерухомыя лавы пры сценах, услон. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчаліся палаці. На сцяне каля дзвярэй мацавалася паліца, дзе трымалі посуд і іншае начынне. Інтэр'ер хаты паступова дапаўняўся інш. мэбляй. Удасканальвалася ўнутраная прастора хаты: некапітальнымі перагародкамі выдзялялі кухню, спальню, святліцу. Знадворку перад уваходам пачалі прыбудоўваць ганак і веранду.
Плян
Літаратура
- Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. — Мн., 1978.
Гл. таксама
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Хата