Хася Прусліна | |
---|---|
| |
Род дзейнасці | падпольшчыца, грамадская дзяячка |
Дата нараджэння | 23 студзеня 1901 |
Дата смерці | 25 лістапада 1972 (71 год) |
Хася Мендзелеўна Прусліна (23 студзеня 1901, в. Гарбачова, цяпер Расонскі раён — 25 лістапада 1972, Мінск) — дзяячка мінскага падполля, узначальвала атрад супраціву нацыстам у яўрэйскім гета.
Дзейнасць падчас Другой сусветнай вайны
У пачатку вайны Хася Прусліна працавала настаўніцай. Муж знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. Неўзабаве з двума дзецьмі апынулася ў Мінскім гета. Маленькага сына Мая фашысты забілі падчас першага пагрому. Дачку Дзіну ўдалося запісаць беларускай і выратаваць, адправіўшы ў дзіцячы прытулак у «рускім» раёне горада.
Па даручэнні аднаго з кіраўнікоў падполля Міхаіла Гебелева Хася Мендзелеўна ўзначаліла так званую «дзясятку» ўдзельнікаў супраціву ў горадзе. Атрымаўшы фальшывы пашпарт на імя Пелагеі Фядзюк, уладкавалася прыбіральшчыцай у нямецкую вайсковую частку і здолела звязаць нелегальныя яўрэйскія групы з Мінскім падполлем. Арганізоўвала збор зброі, медыкаментаў, адзення для партызан, перапраўку вязняў гета ў лес, распаўсюджвала агітацыйныя матэрыялы. Па заданні Гебелева Хася з дапамогай іншых жанчын уладкоўвала габрэйскіх дзяцей у дзіцячыя дамы. Аднак далейшае знаходжанне ў горадзе зрабілася вельмі небяспечным: на вуліцах з’явіліся сотні нямецкіх улётак з яе фотаздымкам, таму Прусліна сышла ў партызанскі атрад. Там яна адразу трапіла пад падазрэнне Асобага аддзела, які абвясціў Прусліну шпіёнкай. Ад расстрэлу яе выратаваў адзін з байцоў, які аказаўся яе колішнім студэнтам.
Дзейнасць пасля вайны
Пасля вайны адмовілася ад прапановы пакінуць сабе падпольнае імя і змяніць нацыянальнасць.
Як былая падпольшчыца, шмат зрабіла для рэабілітацыі мінскага падполля і габрэйскага супраціву, якія доўгі час падазраваліся ў здрадніцтве, бо не кантраляваліся ўладамі. Хася Прусліна складала спісы ўдзельнікаў супраціву і арганізавала кампанію зваротаў да Мікіты Хрушчова, у ЦК КПСС і цэнтральныя выданні. Былі напісаны дзясяткі лістоў з сотнямі подпісаў былых падпольшчыкаў.
Праз тры гады намаганні Пруслінай далі плён: часопіс «Коммунист» надрукаваў першы артыкул, дзе прызнаваўся ўнёсак і гераічная дзейнасць Мінскага падполля.
Таксама Хася Прусліна ўздымала пытанне вяртання дзецей, якія падчас вайны былі вывезеныя ў Германію.
Зноскі
Літаратура
- Уладзімер Арлоў. ІМЁНЫ СВАБОДЫ. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — 3-е выд., дап. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — 668 с.: іл.
- Барбара Эпштейн. Женщины на краю Европы / Под ред. Е. Гаповой. — Мн.: ЕГУ, 2003. — С. 188—207.
- Архив Хаси Пруслиной: Минское гетто, антифашистское подполье, репатриация детей из Германии / Сост. З. А. Никодимова; под ред. К. И. Козака. — Минск: И. П. Логвинов, 2010. — 136 с.
Спасылкі
- Архив Хаси Пруслиной: Минское гетто, антифашистское подполье, репатриация детей из Германии Архівавана 17 мая 2017.
- О необычной судьбе минчанки Зинаиды Никодимовой // СБ, 18.10.2013.
- Её назвали Диной // Вечерний Минск, 13.07.2017 Архівавана 15 ліпеня 2017.