Фітанцы́ды[1] — біялагічна актыўныя рэчывы расліннага паходжання, якія затрымліваюць рост або выклікаюць гібель бактэрый, грыбкоў, прасцейшых, некаторых вірусаў і іншых арганізмаў. З’яўляюцца адным з фактараў прыроднага імунітэту раслін. Адкрытыя савецкім біёлагам Б. П. Токіным.

Большасць фітанцыдаў — лятучыя рэчывы. Утвараюцца ў тканкавых соках і цытаплазме раслін. Па хімічнай прыродзе ўяўляюць комплекс злучэнняў небялковага паходжання (эфірныя алеі, алкалоіды, гліказіды, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы, альдэгіды, кетоны, фенолы і інш.).

Найбольш вядомыя расліны, у якіх маюцца фітанцыды: цыбуля, часнок, хрэн, ядловец, казялец, крываўнік, цытрусавыя. Фітанцыды некаторых раслін, напрыклад багуна, небяспечныя для чалавека.

Выкарыстанне

Фітанцыды выкарыстоўваюцца ў ветэрынарыі і медыцыне, у мэтах барацьбы з узбуджальнікамі хвароб раслін, кляшчамі, насякомымі. Таксама выкарыстоўваюцца ў харчовай прамысловасці пры кансерваванні і захоўванні прадуктаў.

Зноскі

  1. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986.  583 с., іл. 10 000 экз.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.