Фінансавы крызіс эпохі Сёва (яп.: 昭和金融恐慌) — фінансавая паніка, якая здарылася ў 1927 ў Японіі ў першы год праўлення імператара Хірахіта (Сёва). Крызіс прывёў да адстаўкі ўрада Вакацукі Рэйдзіра і пашырэння ролі канцэрнаў-дзайбацу ў эканоміцы краіны.
Прычынамі крызісу лічацца запавольванне японскай эканомікі пасля паспяховых пасляваенных гадоў і ўрон, які нанёс землятрус у раўніне Канто ў 1923. Урад зрабіў спробу падтрымаць бізнес ў рэгіёне праз ільготнае крэдытаванне, што прывяло да працяглых дэбатаў у Парламенце вясной 1927 наконт неабходнасці і памераў падтрымкі, калі парламенцкая апазіцыя патрабавала раскрыць рэальнае фінансавае становішча праблемных банкаў. Навіны пра банкруцтва аднаго з даўжнікоў, банка Токіа Ватанабэ, выклікалі паніку сярод насельніцтва Токіа і вынас сродкаў, што прывяло да закрыцця 37 банкаў. Запыт прэм’ер-міністра Вакацукі дадатковай падтрымкі з боку Банка Японіі для буйнога Банка Тайваня быў нечакана адхілены Тайным Саветам, і ўраду прыйшлося сысці ў адстаўку.
Увядзенне новым урадам Танака Гііці трохтыднёвых банкаўскіх канікул прывяло да завяршэння крызісу, і наступныя ўрады перайшлі да практыкі ўзбуйнення банкаў і ліквідацыі маленькіх і фінансава няслушных. У 1932 у краіне налічвалася 625 банкаў замест амаль двух тысяч, якія існавалі да крызісу, а большая частка сродкаў сканцэнтравалася ў Вялікай пятёрцы: банках Міцуі, Міцубісі, Сумімота, Ясуда і Даіці.
У культуры
- У фільме Хаяо Міядзакі «Падымаецца вецер» (2013) дарогу аўтамабілю галоўнага героя і яго сябра Кіра Хондзё перагароджвае натоўп укладчыкаў, якія спрабуюць забраць свае грошы з збанкручанага банка ў красавіку 1927.