Фунда́цыя (ад лац.: fundatio — заснаванне) — у Вялікім Княстве Літоўскім ахвяраванне манастырам, храмам і інш. установам зямельных угоддзяў, грошай, каштоўнасцей і інш. Ахвяраванні (фундушы) звычайна рабілі феадалы або дзяржава для заснавання пераважна духоўных устаноў і іх матэрыяльнага забеспячэння. У Вялікім Княстве Літоўскім у XV — пачатку XVI ст. вядомы фундацыі каталіцкім рэлігійным установам.

Паводле пастановы 1481 года вялікага князя літоўскага Казіміра будаўніцтва праваслаўных храмаў на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага было забаронена і толькі ў 1507 годзе датавана першая пасля амаль 30-гадовага перапынку грамата аб фундацыі на праваслаўную царкву.

Асноўнай формай фундацыі дзяржавы і насельніцтва на цэрквы і касцёлы ў першай палове XVI ст. была дзесяціна — натуральны падатак збожжам. У выніку правядзення валочнай памеры дзесяціна ў дзяржаўных уладаннях адмянялася, а цэрквы і касцёлы надзяляліся зямлёй (1—2 валокі). Ахвяраванні і завяшчанні асобных феадалаў на карысць царквы былі разнастайныя: зямля з сялянамі, пустаўшчыны, сенажаці, лясы, гарадскія юрыдыкі, вёскі, маёнткі, грошы, каштоўнасці, рухомая маёмасць і інш.

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.