Фрыдрых I Барбароса
ням.: Friedrich I Rotbart
Бюст-рэлікварый Фрыдрыха I Барбаросы, (каля 1160 г.).
Бюст-рэлікварый Фрыдрыха I Барбаросы, (каля 1160 г.).
19-ы Кароль Германіі
4 сакавіка 1152 10 чэрвеня 1190
Каранацыя 9 сакавіка 1152, Ахенскі сабор, Ахен, Германія
Папярэднік Конрад III
Пераемнік Генрых VI
Сцяг Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі
18 чэрвеня 1155 10 чэрвеня 1190
Каранацыя 18 чэрвеня 1155, Сабор Святога Пятра, Рым, Італія
Папярэднік Лотар II
Пераемнік Генрых VI
Герцаг Швабіі
6 красавіка 1147 4 сакавіка 1152
(пад імем Фрыдрых III)
Папярэднік Фрыдрых II Аднавокі
Пераемнік Фрыдрых IV Ротэнбургскі

Нараджэнне канец 1122
Смерць 10 чэрвеня 1190[1] (67 гадоў) ці 24 чэрвеня 1190(1190-06-24)[2] (67 гадоў)
Месца пахавання
Род Гогенштаўфены
Бацька Фрыдрых II Аднавокі[3]
Маці Юдыт Баварская[d][3]
Жонка Adelheid of Vohburg[d][4] і Беатрыс I[3][4]
Дзеці Філіп Швабскі[3], Генрых VI Гогенштаўфен[3], Фрыдрых V[d][5], Фрыдрых VI Швабскі, Конрад II[5], Атон I, Beatrice Schwäbische[d], Sophie of Hohenstaufen[d] і Agnes von Staufen[d]
Веравызнанне Каталіцтва
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фрыдрых I Гогенштаўфен (ням.: Friedrich I Rotbart; канец 1122, манастыр Вайнгартэн, Бадэн-Вюртэмберг — 10 чэрвеня 1190, ля рэчкі Селіф) — кароль Германіі (1152—1190), імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі (1155—1190), герцаг Швабіі (1147—1152) як Фрыдрых III.

Мянушку Барбароса ён атрымаў у Італіі з-за сваёй рудой барады (ад італ. barba, «барада», і rossa, «рыжая»).

Біяграфія

Фрыдрых быў сынам Фрыдрыха II Аднавокага, герцага Швабскага, і Юдыт Баварскай і даводзіўся пляменнікам каралю Германіі Конраду III. У 1147 годзе пасля смерці бацькі ён стаў герцагам Швабскім. Неўзабаве ён прыняў удзел у Другім крыжовым паходзе, падчас якога дзякуючы сваёй адвазе і доблесці заваяваў усеагульную павагу. Вярнуўшыся ў Германію, хворы кароль (яго дзядзька) рэкамендаваў князям выбраць Фрыдрыха сваім пераемнікам. Ён памёр 15 лютага 1152 года, а ўжо 4 сакавіка Фрыдрых заняў прастол.

Характар

Новы кароль быў чалавекам маладым і фізічна вельмі дужым, ён таксама валодаў жвавым розумам, быў прыемным і нават чароўным суразмоўцам, цудоўным рыцарам, прагным да цяжкіх пачынанняў і славы, сумленным і шчодрым валадаром, добрым і цвёрдым у веры хрысціянінам. Але гэтыя добрыя якасці не пакрывалі недахопаў, звычайных, зрэшты, для тагачасных манархаў. Так, у хвіліны гневу Фрыдрых бываў вельмі суровым, не цярпеў процідзеянняў і парой для дасягнення сваёй мэты гатовы быў на крывавыя расправы. Уладалюбства яго было бязмерным, аднак ён ніколі не марыў пра незвычайныя пачынанні і бурныя поспехі. Усё, за што ён браўся, было рэальна і прадумана. Таму поспех часта спадарожнічаў яму нават у самых складаных прадпрыемствах. І хоць галоўная мара яго жыцця — адрадзіць ранейшую магутнасць імперыі Карла Вялікага — засталася няздзейсненай, ён вельмі шмат зрабіў на гэтым шляху.

Палкаводзец

Фрыдрых Барбароса стварыў шматлікую для свайго часу еўрапейскую армію, галоўнай сілай якой з’яўлялася цяжкая, закутая ў стальныя даспехі рыцарская конніца, і ўдасканаліў яе арганізацыю.

Ён прызнаны класікам ваеннага сярэдневяковага мастацтва. Германскае рыцарства пры ім стала для многіх іншых нацыянальных рыцарскіх арганізацый у Еўропе прыкладам для пераймання.

Рыцар

Фрыдрых I Барбароса (у цэнтры). Выява XIII стагоддзя.

Фрыдрых Барбароса свята прытрымліваўся феадальнага права на званне рыцара. Па яго ўказе права на рыцарскі паядынак з усімі яго атрыбутамі меў толькі той, хто быў рыцарам паводле паходжання. Перавязь, рыцарскі пояс і залатыя шпоры мог насіць толькі рыцар. Гэтыя прадметы з’яўляліся ўпадабанымі ўзнагародамі нямецкіх рыцараў, якімі іх падтрымліваў кароль.

Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі

У 1155 годзе Фрыдрых I Барбароса стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі і пачаў праводзіць палітыку па ўмацаванні дзяржавы.

Пры Фрыдрыху I Барбаросе сярэдневяковая Свяшчэнная Рымская імперыя дасягнула свайго найвышэйшага росквіту і ваеннай моцы. Аднак унутры яна заставалася фактычна раздробненай.

Першы італьянскі паход

У 1154 годзе Фрыдрых на чале свайго войска перайшоў праз Альпы і ўварваўся ў Італію. Тым часам Папа Адрыян IV вёў зацятую барацьбу з рымскай знаццю, якая ў 1143 годзе ўтварыла сенат і захапіла кіраванне горадам у свае рукі. З-за хваляванняў Папа павінен быў пакінуць сваю рэзідэнцыю і перабраўся ў Вітэрба. Сенат прапанаваў Фрыдрыху атрымаць карону з рук саміх рымлян, але кароль напышліва адказаў, што прыбыў у Італію не для таго, каб выпрасіць сабе часовую ласку неспакойнага народа, але як прынц, рашуча настроены атрымаць, калі трэба, сілай зброі, спадчыну бацькоў. У ноч з 17 на 18 чэрвеня войскі Фрыдрыха занялі ўсе подступы да сабора Святога Пятра. Адрыян урачыста каранаваў тут Фрыдрыха імператарскай каронай. Але ўжо ўвечар рымляне рушылі ад Капітолія на прыступ кварталаў Святога Пятра. Увесь вечар ішоў кровапралітны бой, і напад гараджан быў адбіты. На наступную раніцу, 19 чэрвеня, імператар і Папа пакінулі вечны горад, у які так па-сапраўднаму і не ўвайшлі. Пераканаўшыся, што больш нічога зрабіць немагчыма, Фрыдрых у верасні вярнуўся ў Германію. З гэтага часу яго думкі ўвесь час былі накіраваны да Італіі. Ён і раней ведаў, а падчас каранацыі канчаткова пераканаўся ў тым, што краіна гэта за апошнія дзесяцігоддзі стала фактычна незалежнай ад імперыі і для таго, каб зацвердзіць у ёй нямецкае панаванне, трэба было заваяваць яе зноў.

Другі італьянскі паход

Фрыдрых I Барбароса. Гравюра на медзі (1847 г.).

У 1158 годзе пачаўся другі італьянскі паход. Галоўнай мэтай яго было заваяванне Мілана, таму што з часоў Конрада II гэты горад прызвычаяўся дэманстраваць сваю незалежнасць і заставаўся галоўнай апорай усіх праціўнікаў імперыі ў Ламбардыі. Каб дзеянні мелі поспех, Фрыдрых паспрабаваў прыцягнуць да паходу ўсіх нямецкіх князёў і сабраў велізарную армію. Вялікая перавага ў сіле дазволіла даць яго задумам добры пачатак. У жніўні Мілан быў абложаны і ўжо 1 верасня капітуляваў. Міланцы павінны былі выплаціць велізарную даніну, выдаць закладнікаў, адмовіцца ад права чаканіць манету і спаганяць дарожную мыту. У цэнтры горада Фрыдрых узвёў замак і паставіў свой гарнізон. Гэта бяскроўная і лёгкая перамога зрабіла вялікае ўражанне на ламбардцаў. Сабраўшы з’езд у Ронкале, Фрыдрых давёў да ведама італьянцаў тыя прынцыпы, на аснове якіх ён жадаў арганізаваць цяпер кіраванне сваімі заальпійскімі ўладаннямі. Грамадскія дарогі, суднаходныя рэкі з прытокамі, порты і гавані павінны былі перайсці пад кантроль імперскіх чыноўнікаў, а збор падаткаў і чаканка манеты станавіліся з гэтага часу выключнай прэрагатывай імператарскай улады.

Разам з тым імператар строга патрабаваў ад сваіх васалаў вайсковай павіннасці і пагражаў адабраць лены ва ўсіх неслухаў. Міжусобныя войны былі строга забаронены.

Новыя эдыкты больш усяго ўшчамлялі правы і свабоды ламбардскіх гарадоў, якія сталі да таго часу амаль незалежнымі ад сваіх феадальных сеньёраў. З іх боку Фрыдрых I і сустрэў наймацнейшае процідзеянне. Генуэзцы заявілі, што аддадуць Фрыдрыху толькі тое, на што ён зможа прад’явіць свае правы ўласнасці. У студзені 1159 года зноў паўсталі міланцы, незадаволеныя тым, што імператар паспрабаваў паставіць тут ва ўладзе сваіх стаўленікаў. Іх падтрымалі жыхары Крэмоны і Брэшыі. Тым часам Фрыдрых, паспадзяваўшыся на свой першы поспех, ужо адправіў за Альпы большую частку саюзных войскаў. Астатніх сіл для новай аблогі Мілана было відавочна недастаткова. У ліпені 1159 года імператар падступіў да Крэмоны і шэсць месяцаў трымаў яе аблогу. Захапіўшы нарэшце ў студзені 1160 года гэту маленькую крэпасць, Фрыдрых загадаў разбурыць яе дашчэнту.

Да іншых цяжкасцей дадаліся звады з папскім прастолам. Пасля смерці Адрыяна IV праціўнікі Фрыдрыха выбралі Папам Аляксандра III, а яго прыхільнікі — Віктара IV. Імператар склікаў у Павіі царкоўны сабор, які абвясціў Аляксандра зрынутым. Аляксандра гэта не спыніла і ён у сваю чаргу адлучыў Барбаросу ад царквы, а падданых яго вызваліў ад прысягі. Фрыдрых зразумеў, што яму трэба рушыць паходам на Рым. Але спачатку ён хацеў замацавацца ў Італіі. Склікаўшы васалаў з Германіі і Італіі, Фрыдрых у маі 1161 года другі раз аблажыў Мілан. Праз год, у сакавіку 1162 года, горад здаўся без усякіх умоў на літасць пераможца. Фрыдрых загадаў усім жыхарам выйсці з горада з той маёмасцю, якую яны маглі панесці, і рассяліцца ў чатырох неўмацаваных гарадах.

Сам горад быў цалкам разбураны. Пасля таго як гэты галоўны вораг быў знішчаны, здаліся П’ячэнца, Брэшыя і іншыя гарады. Імператар загадаў жыхарам разабраць гарадскія сцены, заплаціць кантрыбуцыю і прыняць намесніка — падэсту.

1163—1165 гады

Фрыдрых I Барбароса — крыжак. Мініяцюра з рукапісу (1188 г.).

Ненадоўга з’ездзіўшы ў Германію, Фрыдрых увосень 1163 года вярнуўся ў Ламбардыю і стаў рыхтавацца да паходу на Рым. Аднак новыя цяжкасці спынілі яго. Венецыя, Верона, Вічэнца і Падуя аб’ядналіся ў антынямецкую лігу. У красавіку памёр Віктар IV. Выбраны на яго месца Пасхалій III меў значна менш прыхільнікаў, чым Аляксандр III. Імператар паспрабаваў напасці на Верону, але ў яго было занадта мала сіл для вядзення сур’ёзнай вайны. Увосень 1164 года ён адправіўся ў Германію, дзе спадзяваўся сабраць новае войска. Справы зноў затрымалі яго на паўтара года. Толькі ўвесну 1165 года Фрыдрых з вялікай арміяй перайшоў Альпы і рушыў прама на Рым. 24 чэрвеня немцы аблажылі замак Святога Ангела і занялі ўвесь левы бераг Тыбра. Аляксандр III закрыўся ў замку Франджыпані побач з Калізеем. Фрыдрых прапанаваў абодвум Папам для пазбягання кровапраліцця скласці з сябе сан і правесці новыя выбары. Аляксандр адмовіўся, і гэта моцна пашкодзіла яму ў вачах гараджан. Вядомыя сваім непастаянствам рымляне абярнуліся супраць папы, і таму прыйшлося бегчы ў Беневент. Імператар урачыста ўехаў у горад, а 30 чэрвеня адбылася інтранізацыя Пасхалія ў храме Святога Пятра. Аднак Фрыдрых не пакінуў свайму прыхільніку нават цені той улады, якой карысталіся да яго папы. Сенат і прэфект горада сталі падпарадкоўвацца асабіста імператару, які такім чынам узяў кіраванне Рымам у свае рукі. Здавалася, Фрыдрых дасягнуў межаў сваіх жаданняў. Але тут неспадзяваныя акалічнасці змяшалі яму ўсе планы: у жніўні ў нямецкім войску пачалася цяжкая эпідэмія чумы.

Ламбардская ліга

Памерлых было так шмат, што Фрыдрых паспешна адвёў сваіх салдат у паўночную Італію. Тут ён з трывогай выявіў, што пазіцыі яго ворагаў узмацніліся. Да лігі, якая ўтварылася раней, далучыліся Крэмона, Бергама, Брэшыя, Мантуя, а таксама жыхары Мілана, якія спешна адбудоўвалі свой горад. Да няшчасця, у Фрыдрыха ўжо не было арміі, і ён павінен быў бяссільна назіраць з Павіі, як разгараецца мяцеж. 1 снежня 1167 года шаснаццаць паўсталых гарадоў аб’ядналіся ў Ламбардскую лігу. Яны пакляліся не заключаць сепаратны мір і весці вайну да таго часу, пакуль не вернуць усе палёгкі і свабоды, якімі яны валодалі пры ранейшых імператарах. У пачатку 1168 года Фрыдрых вырашыў прабірацца ў Германію. Па дарозе ў Сузах яго ледзь не захапілі ў палон, і яму прыйшлося бегчы, перапрануўшыся ў чужое адзенне.

Пяты італьянскі паход

Гэтым разам імператар правёў у Германіі сем гадоў, заняты рашэннем надзённых спраў і ўмацаваннем сваёй улады. У 1173 годзе ён абвясціў пра рашэнне вярнуцца ў Італію і павесці войска ў паход супраць Ламбардскай лігі. Каб не залежаць ад князёў, якія ўжо не раз пакідалі яго без войска ў самы крытычны момант, ён навербаваў шмат брабанцкіх наймітаў. У верасні 1174 года Фрыдрых у пяты раз перайшоў Альпы, а ў кастрычніку аблажыў Алесандрыю. Ламбардцы зацята абараняліся. У красавіку наступнага года, так і не атрымаўшы поспеху, Фрыдрых пачаў перамовы і распусціў салдат, якім яму няма чым было плаціць. Але кансультацыі, якія доўжыліся амаль цэлы год, ні да чаго не прывялі, таму што пазіцыі бакоў былі занадта розныя. Неабходна было зноў рыхтавацца да вайны.

Імператар запрасіў у К’явену свайго стрыечнага брата, магутнага герцага Баварскага і Саксонскага Генрыха Льва з роду Вельфаў і папрасіў у яго дапамогі. Генрых Леў адмовіў, чым вельмі абразіў Фрыдрыха. З вялікімі цяжкасцямі ён набраў некалькі тысяч салдат у Італіі і рушыў з імі на Мілан. 29 мая 1176 года праціўнікі сустрэліся пад Леньяна. У гэтай бітве нямецкія рыцары па сваім звычаі кінуліся ў магутны напад, прарвалі строй ламбардскай конніцы, і тая ў сумятні бегла. Але калі немцы абрынуліся пяхоту, якая пастроілася ў карэ, іх напад захлынуўся. Тым часам ламбардскія коннікі, сустрэўшы войска з Брэшыі, якое спяшалася ім на дапамогу, вярнуліся на поле бою і раптам атакавалі немцаў з флангу. Фрыдрых з запалам і адвагай кінуўся ў самую бойку, але быў выбіты з сядла. Адразу слых пра яго ўяўную смерць разнёсся па войску. Пакідаўшы зброю, рыцары беглі з поля бою і схаваліся ў Павіі.

Мір з Папам і вяртанне ў Германію

Помнік Фрыдрыху I Барбаросе ў Зінцыгу.
Спінела Арэціна Фрыдрых Барбароса падпарадкоўваецца ўладзе Папы Рымскага Аляксандра III. Фрэска ў Палацца Публіка, Сіена

Пасля гэтага паражэння Фрыдрыху прыйшлося змякчыць сваю пазіцыю і пайсці на вялікія саступкі: ён пагадзіўся прызнаць Аляксандра III адзіным законным папам, вярнуў яму прэфектуру ў Рыме і пагадзіўся прызнаць маркграфства Тасканскае яго ленам. У абмен на гэта Папа зняў з яго сваё адлучэнне. Памірыўшыся з папам, Фрыдрых вярнуўся да ламбардскіх спраў. Але дамовіцца з паўсталымі гарадамі не ўдалося. У ліпені 1177 года ў Венецыі Фрыдрых падпісаў з імі перамір’е на шэсць гадоў і ўлетку 1178 года адправіўся ў Бургундыю, дзе каранаваўся ў Арлі як бургундскі кароль. У Германіі ён скарыстаўся першай нагодай для таго, каб пачаць прыгнятаць Генрыха Льва. На з’ездзе ў Шпаеры біскуп хальберштацкі Ульрых пажаліўся, што герцаг захапіў лены, якія належаць яго дыяцэзіі. У студзені 1179 года Генрых быў выкліканы ў каралеўскі трыбунал для разгляду гэтага пытання, але адмовіўся прыехаць. У чэрвені ён не прыехаў і на з’езд у Магдэбург. Гэта дазволіла пачаць супраць яго іншы працэс: Фрыдрых абвінаваціў яго ў мецяжы. На з’ездзе ў Вюрцбургу ў студзені 1180 года магутны Вельф быў прысуджаны да пазбаўлення ўсіх сваіх ленаў. Усходняя Саксонія была перададзена графу Бернхарду Анхальцкаму.

З заходніх саксонскіх земляў Фрыдрых утварыў новае герцагства Вестфальскае, якое пакінуў за сабой. Баварыя была аддадзена графу Ота фон Вітэльсбаху. Ад яе таксама была аддзелена Штырыйская марка, пераўтвораная ў герцагства. У 1180 годзе імператар павёў войскі ў Саксонію, узяў Браўншвайг і аблажыў Любек. Улетку 1181 года Генрых Леў зразумеў, што яго справа прайграна. У лістападзе ён прыехаў на з’езд у Эрфурт і кінуўся да ног Фрыдрыха, вымольваючы прабачэнне. Барбароса прабачыў яго, вярнуў Браўншвайг, але ўтрымаў усе астатнія ўладанні Вельфаў. Акрамя таго, герцаг павінен быў на тры гады адправіцца ў выгнанне. Канфлікт з ламбардцамі таксама паступова ўладжваўся. У 1183 года ў Канстанцы быў падпісаны мір з Ламбардскай лігай. Гарады прызналі імператара сваім сюзерэнам, а Фрыдрых пагадзіўся на захаванне іх старадаўніх вольнасцей, у тым ліку такіх важных, як права ўзводзіць умацаванні і арганізоўваць лігі. За імператарам засталося права інвеставаць гарадскіх консулаў, яго суд быў прызнаны вышэйшай інстанцыяй. У 1184 годзе Фрыдрых прызнаў каралеўскі тытул за Вільгельмам II Сіцылійскім, які пагадзіўся выдаць сваю цётку Канстанцыю за сына Фрыдрыха, Генрыха (тады яшчэ ніхто не мог ведаць, што гэты шлюб у будучыні прынясе Гогенштаўфенам Сіцылію.).

Трэці крыжовы паход

Статуя імператара Фрыдрыха I Барбаросы ў гары Кіфхойзер. Доўгая барада імператара аплятае трон.

У 1189 годзе Фрыдрых прыняў удзел у Трэцім крыжовым паходзе ў Святую зямлю. У паходзе таксама прынялі ўдзел французскі кароль Філіп II Аўгуст і англійскі кароль Рычард Львінае Сэрца. Усе яны мелі ўласныя войскі і ўвесь час варагавалі паміж сабой, прэтэндуючы на галоўнае камандаванне і славу пераможца. На час сваёй адсутнасці Фрыдрых перадаў кіраванне дзяржавай сыну Генрыху і ўвесну 1189 года выступіў з Ратысбона на Дунаі. Паспяхова прайшоўшы праз Венгрыю, Сербію і Балгарыю, крыжакі ўлетку ўступілі ў Візантыю. Фрыдрых I Барбароса вёў сваю войска праз тэрыторыю Візантыйскай імперыі па сушы (французскія і англійскія крыжакі дабіраліся ў Палесціну марскім шляхам) — дарога была выведана яшчэ ў Першы і Другі крыжовыя паходы.

У Малой Азіі яму даводзілася раз-пораз адбіваць напады лёгкай мусульманскай конніцы. Як і ў мінулы раз, паміж немцамі і грэкамі вельмі хутка ўзніклі непаразуменні. Пасланцы імператара Ісака Ангела запатрабавалі ад Барбаросы закладнікаў і абавязацельствы таго, што ён саступіць частку будучых заваяванняў. Фрыдрых адправіў да імператара паслоў, якіх Ангел загадаў кінуць у турму. Пры вестцы пра гэта Фрыдрых перапыніў перамовы і павёў сваю армію на Канстанцінопаль, аддаючы ўсё на сваім шляху спусташэнню. У канцы лістапада крыжакі ўзялі Адрыянопаль. Толькі пасля гэтага Ісак уступіў з ім у перамовы, і ў студзені 1190 года было заключана пагадненне. Фрыдрых абяцаў не праходзіць праз Канстанцінопаль, за што візантыйскі імператар падаў немцам харч і абяцаў пераправіць іх праз праліў.

Смерць

Юліус Шнор фон Каральсфельд Смерць Фрыдрыха Барбаросы

На шляху ў Палесціну германскае войска панесла вялікія страты ў сутычках з мусульманскімі войскамі султана Саладзіна. 18 мая крыжакі ўзялі прыступам Конью. 10 чэрвеня войска, якое суправаджалася армянскімі праваднікамі, падышло да горнай ракі Селіф. Пры пераправе праз яе імператар, быўшы адзеты ў цяжкія даспехі і кальчугу, зваліўся з каня, быў падхоплены бурным цячэннем і захлынуўся ў вадзе, да таго, як да яго паспелі падаспець на выручку яго рыцары.

Шлюбы і дзеці

вяселле Фрыдрыха I Барбаросы і Беатрыс Бургундскай. Фрэска на столі Імперскай залы. Вюрцбург

Легенда

Шарль Жырардэ Фрыдрых Барбароса чакае, паводле легенды, час свайго вяртання ў пячоры пад гарой Унтэрсберг

Паводле легенды, імператар не памёр, а спіць у пячоры пад гарой, каб аднойчы вярнуцца. Яго доўгая барада працягвае расці.

Паводле іншай легендзе, калі Фрыдрых ехаў на чале войскі, на яго напалі асасіны і забілі яго, целаахоўнікі, каб не раскрываць сваёй ганьбы, расказалі ўсім, што Фрыдрых патануў пры пераправе праз раку (што гучала вельмі непераканаўча, паколькі ён цудоўна плаваў і быў са світай).

У культуры

У літаратуры

У рамане Умберта Эка «Баўдаліна» апісваецца, што, нібы, Фрыдрых Барбароса патануў у рацэ ў выніку інсцэноўкі сваёй світай. Спадарожнікі, якія ахоўвалі яго, сярод якіх быў прыёмны сын Баўдаліна, знайшоўшы караля раніцай за зачыненымі дзвярамі ў адным з пакояў Замка Ардзруні без свядомасці, і, пераканаўшыся, што кіраўнік мёртвы, спалохаліся, што сын загінулага імператара пакарае смерцю іх і прыдумалі афёру, у выніку якой усе прыйшлі да высновы, што Барбароса патануў падчас ранішняга купання.

У кінематографе

  • «Барбароса» (Італія, 2009). У ролі імператара Фрыдрыха I — Рутгер Хаўэр. Фільм распавядае пра проціборства Фрыдрыха Барбаросы з горадам Міланам і Ламбардскай лігай, якія пярэчылі ўладзе імперыі і адстойвалі сваю незалежнасць. Фільм сканчаецца бітвай пры Леньяна 1176 года (разгром Фрыдрыха аб’яднанымі сіламі італьянцаў).

Зноскі

  1. 1 2 Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911.
  2. BeWeB Праверана 13 лютага 2021.
  3. 1 2 3 4 5 Kindred Britain
  4. 1 2 (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. 1 2 Lundy D. R. The Peerage

Літаратура

  • Балакин В. Д. Фридрих Барбаросса. М.: Молодая гвардия, 2001.
  • Опль Фердинанд. Фридрих Барбаросса / Пер. с нем. Ермаченко И. О., Некрасова М. Ю. — СПб.: Евразия, 2010. — 512 с. — 1000 экз. — ISBN 978-5-91852-014-7.
  • Пако Марсель. Фридрих Барбаросса. — Ростов-на-Дону: Феникс, 1998.
  • Шишов А. В. 100 великих военачальников. М.: Вече, 2000.
  • Рыжов К. Все монархи мира. Западная Европа. М.: Вече, 1999.
  • Всемирная история войн. Книга первая / Р. Эрнест и Тревор Н. Дюпюи. М.: Полигон, 1997.
  • Умберто Эко. Баудолино. М.: Симпозиум, 2007.

Спасылкі

Папярэднік
Конрад III
кароль Германіі
11521190
Пераемнік
Генрых VI
Папярэднік
Лотар II
імператар Свяшчэннай
Рымскай імперыі

11551190
Папярэднік
Фрыдрых II
герцаг Швабіі
11471152
Пераемнік
Фрыдрых IV
Імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі (да Атона I — «рымскія імператары») (800—1806)
800 814 840 843 855 875 877 881 887 891
   Карл I Людовік I    Лотар I Людовік II Карл II    Карл III      
891 894 898 899 901 905 915 924 962 973 983
   Гвіда Ламберт Арнульф    Людовік III    Берэнгар I    Атон I Атон II   
983 996 1002 1014 1024 1027 1039 1046 1056 1084 1105 1111 1125 1133 1137 1155
      Атон III    Генрых II    Конрад II    Генрых III    Генрых IV    Генрых V    Лотар II      
1155 1190 1197 1209 1215 1220 1250 1312 1313 1328 1347 1355 1378 1410
   Фрыдрых I Генрых VI    Атон IV    Фрыдрых II    Генрых VII    Людовік IV    Карл IV      
1410 1437 1452 1493 1508 1519 1530 1556 1564 1576 1612 1619 1637
   Жыгімонт Фрыдрых III Максіміліян I Карл V Фердынанд I Максіміліян II Рудольф II Маціяс Фердынанд II   
1637 1657 1705 1711 1740 1742 1745 1765 1790 1792 1806
   Фердынанд III Леапольд I Іосіф I Карл VI    Карл VII Франц I Іосіф II Леапольд II Франц II   

Каралінгі — Саксонская дынастыя — Салічная дынастыя — Гогенштаўфены — Вітэльсбахі — Габсбургі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.