Францішак Карлавіч Будзька

Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар, пісьменнік, перакладчык
Нараджэнне 23 студзеня 1884(1884-01-23)
Смерць 2 студзеня 1920(1920-01-02) (35 гадоў)
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Францішак Карлавіч Будзька (23 студзеня 1884, в. Вознаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губерня — 2 студзеня 1920, в. Янатруда на Полаччыне) — рымска-каталіцкі святар, культурна-асветны дзеяч, пісьменнік, перакладчык.

Біяграфія

Скончыў народнае вучылішча ў Будславе, затым Вілейскае павятовае вучылішча (1899). У 1901 здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1901-05 вучыўся ў Пецярбургу ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. У 1906 працягваў вучобу ў Пецярбургскай Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У 1907 вымушаны адмовіцца ад далейшай вучобы з-за цяжкага фінансавага становішча.

У 1907 пасвечаны ў святары. Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. Пераклаў з польскай мовы кнігі «Кароткі катахізм для прыспасаблення дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» Роха Філяхоўскага, «Кароткая гісторыя святая» Шустара і «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» Банчкоўскага. Дазвол на друк на ўсе тры кнігі даў біскуп Стафан Данісевіч. «Катахізм» быў надрукаваны ў 1907 г. накладам 10000 асобнікаў. Астатнія два пераклады засталіся ў рукапісе.

З 9 студзеня 1908 г. вікарый Полацкага касцёла. У 19121917 гг. у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў Сестржанцэвіцкім павятовым вучылішчы пры касцёле Св. Станіслава.

У 1911 г. ксёндз Францішак Будзька выдаў па-беларуску пераклад кнігі Яна Урбана «Бл[аслаўлёны] Андрэй Баболя». Кніга выйшла ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Да перакладзенага тэксту была далучаная паэма пра Баболю, якую, на думку літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, мог напісаць Янка Купала[1].

Матэрыяльна падтрымліваў выданне першай беларускай каталіцкай газеты «Biełarus» (Вільня, 19131915). Пасля 1917 служыў у Полацкім дэканаце. Член арганізацыйнага камітэта і ўдзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24-25.5.1917).

З усталяваннем ва Усходняй Беларусі савецкай улады пераследаваўся органамі бяспекі.

Памёр ад запалення лёгкіх. Месца пахавання невядомае.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.