Франкаканадцы
(Canadiens français)
Агульная колькасць 7 966 900
Рэгіёны пражывання  Канада — 7688000
 ЗША — 278000
Мова французская
Рэлігія каталіцызм, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы французы, каджуны

Франкакана́дцы (фр.: Canadiens français) — буйная культурна-моўная група жыхароў Канады. Жывуць таксама ў ЗША і іншых краінах. Агульная колькасць (2022 г.) — 7 966 900 чал.[1] Родная мовафранцузская.

Гісторыя

Новая Францыя

Франкаканадскі гандляр, мал. 1858 - 1860 гг.

Французы пачалі даследаванне ўсходніх берагоў Канады ў XVI ст. У 1524 г. італьянскі вандроўнік Джавані да Верацана, пасланы Францыскам I, нанёс на карту значную частку паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа. У 1534 - 1541 гг. Жак Карцье даследаваў заліў і раку Святога Лаўрэнція. У 1602 г. Генрых IV перадаў манапольнае права каланізацыі адкрытых тэрыторый кампаніі руанскіх гандляроў. У 1605 г. прадстаўнік гэтай кампаніі Самюэль дэ Шамплейн заснаваў калонію Акадыя (зараз Новая Шатландыя) і ў 1608 г. Квебек, які хутка ператварыўся з гандлёвай факторыі ў адміністрацыйны цэнтр каланіяльных валоданняў, названых Новай Францыяй.

Да 1663 г. захоўвалася манаполія руанцаў, а таксама забарона на перасяленне ў Новую Францыю некаталікоў. Хаця большасць французскіх перасяленцаў займалася гандлем футрам, значную ўладу тут набыў ордэн езуітаў. У выніку колькасць каланістаў заставалася нязначнай (каля 2000 чал. у 1663 г.). Многія перасяленцы былі мужчынамі, якія ехалі ў Паўночную Амерыку ў пошуках багаццяў і далейшага вяртання ў Францыю. Таму Людовік XIV абвясціў Новую Францыю каралеўскай правінцыяй і стварыў каланіяльную адміністрацыю. У калоніі накіроўваліся салдаты-ветэраны, заахвочваліся шматдзетныя сем'і. Павіннасці каланістаў на карысць дзяржавы і царквы адрозніваліся ў лепшы бок ад асабіста французскіх. У кантактнай зоне паміж французамі і індзейцамі сфарміравалася своеасаблівая мова мі́чыф (фр.: métchif).

У другой палове XVII ст. французы ў пошуках даступнага шляху да Ціхага акіяна зрабілі шмат намаганняў для пранікнення ўглыб кантыненту. Французскія ўмацаванні з'явіліся на возеры Мічыган і нават ў вярхоўях ракі Місісіпі, па якой пачаўся гандаль з Луізіянай. Але з 1690 г. пачаліся прамыя ваенныя сутыкненні з англійскімі каланістамі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што насельніцтва англійскіх калоній хутка расло і ў сярэдзіне XVIII ст. дасягнула 2 мільёнаў чал., а ў Новай Францыі было толькі каля 80 тыс. перасяленцаў. У 1754 г. французы дасягнулі пэўных поспехаў, калі разграмілі армію брытанскіх каланістаў на чале Джорджа Вашынгтона і пабудавалі ўмацаванні ў Агая. Аднак у брытанцаў атрымалася акупаваць Акадыю, адкуль да 1763 г. яны выселілі ўсіх французаў (гл. Каджуны), а ў 1759 г. брытанцы захапілі горад Квебек. У 1763 г. Новая Францыя была перададзена Вялікабрытаніі. У 1791 г. згодна брытанскаму канстытуцыйнаму акту частка Новай Францыі, населеная пераважна французскімі каланістамі, была пераўтворана ў валоданне Ніжняя Канада.

У складзе Брытанскай каланіяльнай імперыі

Пасля далучэння французскіх калоній у Канадзе да Брытанскай імперыі ў іх праводзілася палітыка, накіраваная на забеспячэнне бяспекі валоданняў ад Францыі, а пасля і ад ЗША. У 1774 г. брытанскія ўлады гарантавалі франкамоўным пасяленцам магчымасць выкарыстання мясцовых грамадзянскіх законаў, вызнанне каталіцызму і выкарыстанне французскай мовы ў адміністрацыі. Частка канадскіх французаў далучылася да амерыканскіх рэвалюцыянераў, але большасць засталася вернай Вялікабрытаніі. Канстытуцыйны акт 1791 г. дазваляў выбіраць мясцовае кіраванне, хаця нават выбраныя прадстаўнікі Ніжняй Канады ў значнай ступені залежалі ад метраполіі.

З 1806 г. пачала дзейнічаць ліберальная Канадская партыя (з 1826 г. - Патрыятычная партыя), якая адстойвала інтарэсы франкаканадцаў на палітычным узроўні і выступала за далейшыя рэформы. У 1837 - 1838 гг. пад уздзеяннем мясцовых пратэстных настрояў і рэвалюцыйных падзей у Лацінскай Амерыцы і Еўропе адбыліся ўзброеныя выступленіі, якія скончыліся пакараннем смерцю 12 і высылкай у Аўстралію 58 паўстанцаў.

У 1840 г. пачаў дзейнічаць закон аб Саюзе, які аб'яднаў Верхнюю і Ніжнюю Канаду. Быў створаны адзіны прадстаўнічы орган, у якім франкаканадцы атрымалі меншасць.

З 1840-ых гг. эканамічная сітуацыя пачала пагаршацца, што ў выніку прывяло да доўгатэрміновай стагнацыі. У выніку прыняцця Вялікабрытаніяй пратэкцыянісцкіх законаў, якія абмяжоўвалі вываз збожжа і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў, назіраўся крызіс мясцовых фермерскіх гаспадарак. Гандаль футрамі ў другой палове XIX ст. значна знізіўся. Індустрыялізацыя ў гарадах адбывалася вельмі павольна. У выніку пачалася эміграцыя франкаканадцаў у ЗША, дзе патрабавалася танная працоўная сіла ў прамысловасці. Трэба зазначыць, што ўезд новых пасяленцаў у Ніжнюю Канаду таксама меў сталы характар. Напалеонаўскія войны пачатку XIX ст. прывялі да іміграцыі шматлікіх перасяленцаў як з Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, Ірландыі і Італіі. Але ў другой палове XIX ст. ужо існавалі больш прыцягальныя для перасяленняў месцы — Аўстралія, Новая Зеландыя, Новая Каледонія, Аргенціна і інш. Супраць выезду ў ЗША выступалі франкамоўныя палітыкі і асабліва рымска-каталіцкі касцёл. Аднак эміграцыя працягвалася, і да пачатку XX ст. франкамоўнае насельніцтва Канады амаль не вырасла ў колькасці.

У складзе Канады

Хакейная каманда з Манрэаля, 1895 г.

У 1867 г. быў створаны дамініён Канада, у склад якога ўвайшлі некалькі брытанскіх правінцый Паўночнай Амерыкі, у тым ліку франкамоўны Квебек. Такім чынам, франкаканадцы атрымалі магчымасць мець свае органы кіравання на ўзроўні правінцыі, хаця ўвогуле ў дамініёне склалі моўную і культурную меншасць. Канчаткова межы Квебека былі вызначаны толькі ў 1927 г.

У другой палове XIX ст. назіраецца хуткі рост Манрэаля. Ён стаў прыцягальным для сельскага насельніцтва, імігрантаў з Еўропы і бізнесменаў з іншых тэрыторый Канады. З 1852 г. да 1902 г. яго насельніцтва вырасла з 58 000 чал. да 528 000 чал. У 1870 - 1921 гг. была праведзена рэформа адукацыя, якая да той пары залежала ад касцёла і не адпавядала патрабаванням прамысловага грамадства. У 1896 г. выхадзец з Квебека, Вілфрыд Лар’е, стаў першым франкамоўным прэм'ер-міністам Канады. У першай трэці XX ст. Квебек дэманстраваў зайздросны эканамічны рост, таму зноў стаў прыцягальным для імігрантаў з Еўропы.

У гады I Сусветнай вайны франкаканадцы ўступалі ў канадскую армію толькі на добраахвотнай аснове. У 1939 г. Канада як дамініён Вялікабрытаніі ўступіла ў II Сусветную вайну, пры гэтым грамадзяне Квебека зноў атрымалі права толькі добраахвотнага ўдзелу. У 1942 г. у сувязі з недахопам чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў урад Канады абвясціў агульнафедэральны плебесцыт, які павінен быў прымусіць квебекцаў служыць па прызыву. Большасць квебекцаў (71%) прагаласавала супраць, але 80% канадцаў прынялі рашэнне ўвесці ў Квебеку прызыўную сістэму. Нягледзячы на гэта ў 1944 г. здарыўся прызыўны крызіс, паколькі квебекскія юнакі не жадалі служыць у арміі. Ён паслужыў адной з першых істотных прычын раз'яднання паміж жыхарамі Квебека і астатнімі канадцамі.

У пасляваенны перыяд кансерватыўныя і ліберальныя палітыкі Квебека дамагаліся пашырэння палітычных правоў правінцыі. Праводзілася палітыка шырокага ўмяшання дзяржаўных органаў у развіццё эканомікі. У 1960-ых гг. адносіны паміж франкамоўным і англамоўным насельніцтвам Канады абвастрыліся. Цэнтральныя ўлады ішлі на саступкі патрабаванням квебекскіх палітыкаў, што не знаходзіла падтрымкі ў іншых правінцыях. У 1969 г. французская мова стала адной з дзвюх дзяржаўных моў Канады.

Сепаратысцкія настроі франкамоўнай грамадскасці падагрэлі словы Шарля дэ Голя. Пачас наведвання Канады ў 1967 г. ён абвясціў, што Францыя прызнае незалежны Квебек. У 1970 г. сепаратысцкія партыі атрымалі 23% галасоў выбаршчыкаў. У 1976 г. незалежніцкая партыя Квебека атрымала большасць галасоў. Яе лідары абяцалі, што арганізуюць рэферэндум з прапановай набыцця незалежнасці. Такія рэферэндумы праводзіліся ў 1980 г. і 1995 г. Двойчы нязначная большасць выбаршчыкаў (59,5% і 50,4%) адхілялі выхад Квебека са складу Канады.

Акрамя Квебека франкаканадцы жывуць у іншых правінцыях, але маюць права рэалізоўваць свае моўныя і культурныя інтарэсы праз адукацыю і іншыя формы сацыяльнай актыўнасці.

Асаблівасці культуры

Далёка не ўсе франкаканадцы з'яўляюцца нашчадкамі выхадцаў з Францыі. У розныя гістарычныя перыяды да іх таксама далучаліся выхадцы з іншых еўрапейскіх краін, мясцовыя метысы і крэолы, англамоўныя канадцы. У сучаснай Канадзе найчасцей прыняты выраз "франкафонныя канадцы". Але французская мова франкафоннага насельніцтва таксама некалькі адрозніваецца ад французскай мовы Францыі. Яна заснавана на старой форме з дастаткова значным запазычаннем англійскіх слоў. У Квебеку захаванне і развіццё французскай мовы адбываецца праз адукацыю, праграмы адаптацыі для выхадцаў з іншых краін і правінцый Канады. 75% тэле- і радыёэфіра па закону абавязаны быць франкамоўнымі.

Да сярэдзіны XX ст. аб'яднальным фактарам для франкаканадцаў было спавяданне каталіцызму. У наш час грамадства стала значна больш свецкім, павялічылася колькасць пратэстантаў. Разам з гэтым, зменшылася колькасць шматдзетных сем'яў, якія раней лічыліся нормай.

Франкаканадцы маюць багаты фальклор. Асабліва папулярны жартоўныя гісторыі і казкі пра Маленькага Жана (Petit Jean) і паляўнічага Дальбека (Dalbec). Вылучаецца мясцовая кухня, для якой характэрны мясныя пірагі, рагу, традыцыйныя супы з цыбулі і гароху, нацыянальная бульбяная страва poutine.

У адрозненні ад іншых канадцаў, франкаканадцы не святкуюць дня Каралевы Вікторыі (25 мая). Замест гэтага ў першы панядзелак перад святам адзначаецца дзень Доларда, французскага героя XVII ст. 24 чэрвеня святкуюць дзень Жана-Батыста, заступніка Квебека. Нашчадкі жыхароў Акадыі шануюць дзень Ушэсця (15 жніўня). Каляды лічацца сямейным святам.

Найбольш папулярны спортхакей.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.