Флягонт Ігнатавіч Валынец | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 27 снежня 1878 (8 студзеня 1879) |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 27 лістапада 1937 (58 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, педагог, палітык, грамадскі дзеяч |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Флягонт Ігнатавіч Валынец (8 студзеня 1879, Вілейка — 27 лістапада 1937, Сандармох, цяпер Карэлія, Расія) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, педагог[1]. Вёў актыўную палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі, сябра БСРГ і ТБШ.
Біяграфія
У 1897 годзе скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю[1]. У 1900 годзе скончыў курсы па падрыхтоўцы народных настаўнікаў пры Свянцянскім народным вучылішчы[2]. Працаваў на цагельні ў Вілейцы, плытагонам на Нёмане. Настаўнічаў ў Троцкім павеце, Муснінскім народным вучылішчы ў Віленскім павеце. У 1908 годзе за палітычную ненадзейнасць і дзейнасць у час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў быў пазбаўлены права выкладаць[1]. Працаваў страхавым агентам[2].
У 1916—1917 гадах на вайсковай службе ў Мінскай каравульнай камандзе, намеснік старшыні салдацкага камітэта, член Мінскага савета. З лістапада 1917 года гарадскі галава Вілейкі, з лютага 1918 года старшыня гарадскога савета. У час нямецкай акупацыі насельніцтва Вілейкі абрала яго бургамістрам. Летам 1920 года быў старшынёй рэвалюцыйнага камітэта Вілейкі[1].
Па выніку Рыжскага міру 1921 года Вілейка адышла да Польшчы. У 1920-х гадах Валынец неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1922—1928 гадах працаваў у сельскай гаспадарцы, грузчыкам на чыгуначнай станцыі, вартаўніком. У 1926—1927 гадах сябра Вілейскага павятовага камітэта Беларускай сялянскай работніцкай грамады (БСРГ). Са снежня 1927 года сябра галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ), у 1928—1929 гадах старшыня Вілейскай акруговай управы БСРГ[2]. Разам з сенатарамі Аляксандрам Уласавым і Рыгорам Шырмам актыўна ўдзельнічаў у працы павятовых і акруговых упраў ТБШ[1].
У 1928 і 1930 гадах абіраўся дэпутатам польскага сейма[1] паводле спісу беларускіх сялян і рабочых. У Сойме ўваходзіў у склад Беларускага сялянска-работніцкага клуба «Змаганне». Пасля роспуску сейма 30 жніўня 1930 арыштаваны. 12 студзеня 1931 года асуджаны на 8 гадоў цяжкай турмы[3]. Член КПЗБ з 1932 года[2].
15 верасня 1932 года ў выніку абмену палітычнымі зняволенымі паміж Польшчай і СССР пераехаў у Менск[1]. Працаваў у Народным камісарыяце камунальнай гаспадаркі Беларускай ССР[1].
Арыштаваны 31 жніўня 1933 паводле сфабрыкаванай справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра». 9 студзеня 1934 года Калегіяй ДПУ БССР прыгавораны да расстрэлу, замененага 10 гадамі лагераў. Сасланы на Салаўкі. 9 кастрычніка 1937 года Асобай «тройкай» УНКВД па Ленінградскай вобласці прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Мядзвеж’ягорскі раён, Карэлія, Расія)[4][5]. Пасмяротна рэабілітаваны паводле абодвух прыгавораў 16 жніўня 1956.
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Волынец Флегонт Игнатьевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 124. — 737 с.
- 1 2 3 4 ЭГБ 1994, с. 214.
- ↑ Sprawozdanie z życia mniejszości narodowych za I kwartał 1931 roku. - s. 70.
- ↑ Возвращенные имена. Книги памяти России (руск.)
- ↑ Остання адреса: Розстріли соловецьких в’язнів з України у 1937—1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003. (укр.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Міхнюк У. Валынец Флягонт Ігнатавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 214. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Остання адреса: Розстріли соловецьких в’язнів з України у 1937—1938 роках: В 2 т. — 2-е вид., доопрац. і доп. — Київ: Сфера, 2003. ISBN 966-7841-40-5 (Т. 1) ISBN 966-7841-68-5 (укр.)