Фе́я — персанаж еўрапейскага фальклору, дух, які вядзе схаваны лад жыцця і пры гэтым здольны ўмешвацца ў жыццё чалавека. Папулярны вобраз феі як мініяцюрнай і прывабнай жанчыны сфарміраваўся ў эпоху росквіту рамантызму ў заходняй літаратуры і развіўся ў віктарыянскую эпоху. У шырокім значэнні пад феямі прынята разумець усіх роднасных міфалагічных істот народаў Еўропы, а часам і іншых рэгіёнаў, якія нярэдка кардынальна адрозніваюцца адна ад адной.
Этымалогія
Слова «фея» паходзіць ад fae — англійскага чытання лацінскага слова fata — «лёс». Спачатку пад феямі разумелі розных духаў-памочнікаў і прадказальнікаў будучыні. У сучаснай англійскай мове пераважна ўжываецца не fae, а fairy — так з пачатку XIV ст. называлася зямля, дзе жывуць феі (fairyland). У брытанскім фальклоры лічылася, што аб прысутнасці фей сведчаць знакі на зямлі, падобныя на рукатворныя — кольцы грыбоў, закамянеласці марскіх вожыкаў, а таксама камяні ўздоўж дарог, пракладзеных рымлянамі, якімі пазначалі адлегласці.
Таксама ў германскіх мовах ёсць падобнае слова fey, утворанае ад старажытнаанглійскага fæge — «асуджаны на смерць» або «прызначаны лёсам» і «нясмелы», «нямоглы», ад протагерманскага *faigjo з тым жа значэннем, якія ўзніклі, як і foe — «вораг» ад германскага fehan — «нянавісць» або гоцкага faih — «падман». З ім звязваецца санскрыцкае pisunah — «злосны».
Апісанне
Фей звычайна апісваюць вонкава як людзей, якія маюць магічныя здольнасці. На працягу стагоддзяў паведамлялася пра мініяцюрных фей розных відаў, пачынаючы ад зусім маленькіх да памераў чалавека. Некаторыя маленькія феі маглі павялічваць свае фігуры, каб пераймаць людзей. На Аркнейскіх астравах фей апісвалі як нізкарослых, апранутых у цёмна-шэрае, а часам і ў даспехі. У некаторых фальклорах у фей зялёныя вочы. На некаторых выявах феі паказаны ў абутку, на іншых — басанож. Крылы, хоць і сустракаюцца ў віктарыянскіх і больш позніх творах мастацтва, у фальклоры сустракаюцца рэдка; феі ляталі з дапамогай магіі, часам седзячы на сцёблах амброзіі або на спінах птушак. Сучасныя ілюстрацыі часта ўключаюць крылы стракозы або матыля.
Паходжанне
Разжалаваныя анёлы
Хрысціянская догма сцвярджала, што феі былі класам «разжалаваных» анёлаў. У адной гісторыі апісвалася група мяцежных анёлаў, і калі Бог загадаў зачыніць вароты Раю, тыя, хто яшчэ быў на нябёсах, засталіся анёламі, тыя, хто быў у пекле, сталі дэманамі, а тыя, хто быў паміж імі, сталі феямі. Іншыя пісалі, што некаторыя анёлы былі недастаткова набожнымі, але і недастаткова злымі для пекла, і выгнаныя з нябёсаў.
Рэшткі карэннага насельніцтва
Уяўленне пра фей маглі паўстаць у прышлага насельніцтва, якое заваявала мясцовых жыхароў; тубыльцы, якія хаваліся ад заваёўнікаў, або аказвалі ім супраціў, сталі ўяўляцца як нябачныя, помслівыя сілы. У кельцкім фальклоры нярэдка згадваецца «маленькі народ», які, ратуючыся ад захопнікаў, вымушаны быў сысці пад зямлю, у курганы, асабліва ўздоўж брытанскага заходняга ўзбярэжжа. Перавага зялёнага адзення фей тлумачыцца яго прыдатнасцю для маскіроўкі, а выкарыстанне магіі — як сродак супрацьстаяць добра ўзброеным чужынцам з іншых зямель. Часам у фальклоры адзначаецца, што феі баяцца жалеза. Гэта можа сведчыць, што абарыгены не ўмелі яго апрацоўваць, а заваёўнікі валодалі жалезнай зброяй.
Паганскія багі
Нейкі час лічылася, што феям першапачаткова пакланяліся як божаствам, такім як німфы і духі дрэў, і з ростам уплыву хрысціянскай царквы шанаванне гэтых багоў працягвалася. Многія састарэлыя багі старога фальклору і міфаў былі пераробленыя ў фей у віктарыянскай мастацкай літаратуры. Адпаведна фей інтэрпрэтавалі як метафары начнога зорнага неба, як персаніфікацыю таго ці іншага аспекту прыроднай стыхіі, або такіх паняццяў, як «каханне» або «перамога».
Духі памерлых
Феі маюць тыповыя рысы, характэрныя духам продкаў. Землямі фей традыцыйна лічацца месцы пахаванняў, курганы. У іх уладаннях няма змен, бег часу неадчувальны, няма хвароб, старасці. Феі дапамагаюць тым, хто шануе іх, пакідае ім дары, і здзекуюцца з тых, хто гэтага не робіць ці турбуе іх без патрэбы. Адна казка распавядае пра чалавека, злоўленага феямі, які выявіў, што кожны раз, калі ён пільна глядзеў на фею, яна здавалася яго мёртвай суседкай.
Іншапланецяне
Уфолагі нярэдка атаясняюць фей з іншапланецянамі, з-за шматлікіх паралеляў паміж імі ў вераваннях. Так, стэрэатыпныя іншапланетныя карлікі могуць гіпнатызаваць людзей, выкрадаць іх і дзяцей. Выпадкі «выкрадання феямі» або «выкрадання іншапланецянамі» тычацца галоўным чынам працэсу ўспрымання і інтэрпрэтацыі падзеі, калі людзі бачаць і чуюць не тое, што адбываецца на самой справе, а тое, што яны чакаюць або баяцца ўбачыць і пачуць.