Ферэнц Ракацы
II. Rákóczi Ferenc
Ферэнц II Ракацы. Партрэт работы Адама Маньёкі (1724)
Ферэнц II Ракацы. Партрэт работы Адама Маньёкі (1724)
Князь Сяміграддзя
8 ліпеня 1704 люты 1711
Папярэднік Імрэ Цёкёлі
Пераемнік Карл VI

Нараджэнне 27 сакавіка 1676(1676-03-27)[1][2]
Смерць 8 красавіка 1735(1735-04-08)[1] (59 гадоў)
Месца пахавання
Род Ракацы[d]
Бацька Ферэнц I Ракацы[d]
Маці Ілона Зрыні
Жонка Charlotte Amalie of Hesse-Wanfried[d]
Дзеці József Rákóczi[d] і György Rákóczi[d]
Веравызнанне кальвінізм
Партыя
Дзейнасць палкаводзец, палітык
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера палітыка[4] і ваенная справа[4]
Аўтограф Выява аўтографа
Званне генерал
Узнагароды
рыцар ордэна Залатога руна
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Замак Ракацы ў Боршы

Фе́рэнц II Ра́каці (венг.: II. Rákóczi Ferenc; 27 сакавіка 1676, Боршы, Трансільванія, Габсбургская манархія — 8 красавіка 1735, Родаста, Асманская імперыя) — князь Сяміграддзя, кіраўнік антыгабсбургскай нацыянальна-вызваленчай вайны венгерскага народа 1703—1711 гадоў.

Біяграфія

Паходжанне і выхаванне

Ферэнц II Ракацы нарадзіўся ў вёсцы Боршы (цяпер Борша ў Кошыцкім краі Славакіі) ў сям’і спадчыннага валадара Сяміграддзя Ферэнца I Ракацы і Ілоны Зрыні, пляменніцы Міклаша Зрыні. Унук сяміградскага князя Юрыя II Ракацы і харвацкага бана Пятра Зрыні.

Бацька Ферэнца памёр, калі апошні быў яшчэ немаўлём, таму аўстрыйскі імперскі савет пры Леапольдзе I дабіўся прадугледжанага запаветам Ферэнца I Ракацы прадастаўлення правоў на апякунства над няпоўнагадовымі спадчыннікамі сяміградскага прастола, каб ліквідаваць патэнцыйны ачаг супраціву падпарадкаванню ўсталяванню ўлады дынастыі аўстрыйскіх Габсбургаў над Венгрыяй. Тым не менш, Ілона Зрыні захавала за сабой апекаванне над дзецьмі пры вярхоўнай апецы з боку Леапольда I.

Дзяцінства Ферэнца прайшло ў замках Мункача, Шарашпатаку і Рэгеца, аднак па смерці бабулі Соф’і Батары з 1680 сям’я Ракацы канчаткова замешкала ў Мункацкім замку, які пазней стане апірышчам паўстанцаў, і да якога Ракацы меў асабліва цёплыя пачуцці цягам усяго жыцця. Выхоўваўся юны нашчадак трансільванскіх кіраўнікоў у езуіцкіх школах Чэшскага Крумлава, Індржыхава Градца і Прагі[5].

Паўстанне Цёкёлі

Другі муж Ілоны Зрыні, «кароль куруцаў» Імрэ Цёкёлі, не ўмешваўся ў выхаванне яе дзяцей, займаючыся пераважна змаганнем за захаванне суверэнітэту Сяміграддзя. Аднак разгром туркаў пад Венай у 1683 годзе ўзмацніў недавер Асманскай імперыі да сяміградскага князя, і Цёкёлі нават быў гатовы накіраваць прыёмнага сына закладнікам у Стамбул, але ж Ілона Зрыні супрацівілася такому рашэнню.

У 16861688 Ферэнц мешкаў з маці ў абложаным аўстрыйскімі войскам Мукачаве. Хоць пачаткова Ілоне Зрыні атрымлівалася абараняць замак, да 1688 сілы абаронцаў былі вычарпаны, і пасля капітуляцыі яна з дзецьмі была накіравана ў Вену, якую маглі пакінуць толькі з дазволу імператара. Пасля падпісання Карлавіцкай мірнага дагавора 26 студзеня 1699 Цёкёлі і Зрыні былі высланы з краіны, а сам юны Ракацы застаўся пры двары.

З 1694 Ферэнц II Ракацы быў ішпанам (загадчыкам) Шараскага камітату. У гэты час рэшткі сялян, што падтрымлівалі Імрэ Цёкёлі, узнялі новае паўстанне і нават авалодалі крэпасцямі Токай, Патак і Уйгей. Тым не менш, самому ішпану не падабалася неарганізаванасць стыхійнага сялянскага руху. Ён быў вымушаны хутка выехаць у Вену, каб абвергнуць сумневы ў сваёй лаяльнасці да імператарскага двара. Аднак на самой справе Ракацы прыйшоў да высновы пра неабходнасць аднаўлення суверэнітэту скасаванага ў 1526 годзе Венгерскага каралеўства і пачаў разважаць пра арганізацыю ўзброенага выступу супраць Габсбургаў. З гэтай мэтай ён заручыўся поўнай падтрымкай трэцяга па памерах зямельных уладанняў феадала краіны, адукаванага землеўласніка Міклаша Берчэні, чые ўладанні межавалі з землямі Ракацы і ўключалі горада Унгвар.

Нацыянальна-вызваленчая вайна

Жоўт Варадзі. Конная статуя Ракацы ў Сегедзе (1912)

Наконадні вайны за іспанскую спадчыну, у 1697 Ферэнц Ракацы ўжо быў сярод удзельнікаў антыаўстрыйскай змовы, падтрымліваючы кантакты з французскім каралём Людовікам XIV, які рыхтаваўся да ваеннага канфлікту з Аўстрыяй. Пасля раскрыцця змовы дзякуючы перахопу ліставання між Ракацы і французамі малады венгерскі арыстакрат 18 красавіка 1700 быў зняволены аўстрыйскімі ўладамі ў фартыфікацыі Вінер-Нойштат (Бечуйхей) непадалёк ад Вены. Ракацы пагражала немінучае пакаранне, аднак у 1701 ён з дапамогай цяжарнай жонкі і камандзіра турэмнай варты здолеў уцячы ў Польшчу, дзе спаткаўся з Берчэні і прадстаўнікамі Францыі.

У 1703 большасць аўстрыйскага войска была адведзена з Венгрыі і Сяміграддзя для ўдзелу ў вайне за іспанскую спадчыну, і ў ваколіцах Мукачава было сабрана новае войска паўстанцаў-куруцаў, набраная пераважна з венгерскіх і русінскіх сялян Закарпацця, што патрабавалі ліквідацыі феадальнага і іншаземнага прыгнёту. Куруцы звярнуліся па дапамогу да Ферэнца Ракацы, і гэтым разам ён пагадзіўся ачоліць паўстанне з прычыны спрыяльнай знешнепалітычнай сітуацыі. Палічыўшы момант падыходзячым для пачатку барацьбы, Ракацы вярнуўся ў паўночна-ўсходнюю Венгрыю, дзе 7 чэрвеня 1703 заклікаў да паўстання супраць валадарання Габсбургаў. Яшчэ падчас знаходжання ў Польшчы выдаў адозву «да ўсіх праўдзівых венграў… шляхцічаў і няшляхцічаў», заклікаючы іх да змагання «cum Deo pro Patria et Libertate» (бел.: з Богам за Айчыну і Волю).

У мінімальныя тэрміны Ферэнц стварыў рэгулярнае войска, заснаванае на базе сіл сялян, паўсталых супраць уласных гаспадароў (практычна ўся венгерская шляхта адмовіла ў падтрымцы Ракацы). 15 чэрвеня 1703 ля Лавачнага да паўстанцаў далучыліся трохтысячныя часткі Тамаша Эсэ, а пазней яшчэ 600 адборных польскіх наймітаў пад камандаваннем Берчэні. Да верасня 1703 уся Венгрыя да Дунаю была вызвалена ад аўстрыйцаў. На вызваленых тэрыторыях Ракацы аказваў судзейнічанне развіццю эканамічнага жыцця, асабліва рамёстваў і гандлю. Каб прыцягнуць пад свае штандары, Ракацы ў верасні 1703 года выдаў патэнт[6], паводле якога ўдзельнікі паўстанцкага войска цалкам вызваляліся ад павіннасцей і сплаты грашовых збораў. Дробных землеўласнікаў і мяшчан ён прывабліваў абяцаннямі рэлігійнай свабоды.

У сакавіку 1704 на бок Ракацы перайшоў імперскі генерал Шыман Форгах, які падтрымліваў правадыра да самага выгнання. Да ліпеня 1704 падтрымка славянскага і румынскага насельніцтва дазволіла барацьбітам за незалежнасць Венгрыі вызваліць ад габсбургскага войска ўсё Сяміграддзе, а да снежня 1705 — увесь Задунайскі край. Больш за тое, пад уплывам ваенных поспехаў паўстанцаў да іх далучылася значная частка шляхты, што змяніла характар паўстання з сацыяльнага на грамадзянскі.

Пры падтрымцы арыстакратыі ў 1704 годзе Ракацы ў Бялградзе быў абраны князем адноўленага княства Трансільванія. А 20 верасня 1705 саслоўны Нацыянальны (Дзяржаўны) сход у ноградскім мястэчку Сечэнь адмовіўся зацвердзіць імператара Іосіфа I венгерскім каралём, наўзамен абвясціўшы стварэнне канфедэрацыі на чале з Ферэнцам II для аднаўлення незалежнасці дзяржавы. Адначасна быў створаны і новы дзяржаўны апарат для адноўленай Венгерскай дзяржавы: былі створаны органы выканаўчай улады — Сенат і Эканамічны савет, — а таксама рэгулярная армія.

13 чэрвеня 1707 Дзяржаўны сход у Анодзе зацвердзіў прапанаваны Ферэнцам Ракацы закон пра дэкаранізацыю Габсбургаў з венгерскага стальца. Паколькі Францыя была не ў стане аказваць сістэматычную дапамогу, Ракацы звярнуўся ў бок Расіі. У верасні 1707 яго прадстаўнікі падпісалі ў Варшаве з пасламі Пятра I таемнае пагадненне, і дзяржавы абмяняліся пасольстварамі. Аднак ваенна-палітычны саюз між Венгрыяй і Расіяй застаўся не рэалізаваным на практыцы: уварванне Карла XII на тэрыторыю Рэчы Паспалітай і Расійскай дзяржавы скавала ўсе сілы Пятра I на палёх бітваў Паўночнай вайны.

Сканчэнне вайны

Яшчэ ў 1704 годзе пад баварскім Гёхштэце аўстрыйцы і англічане здолелі разбіць сілы французаў і баварцаў, што дазволіла вызваліць дадатковыя аддзелы аўстрыйскіх лябанцаў для змагання з вызваленчым рухам у Венгрыі.

Унутраныя справы Венгерскай канфедэрацыі таксама не былі ідэальнымі. Ад паўстання пачала адварочвацца сталічная шляхта, незадаволеная ўсталяванымі законамі. Турчанская сталіца на пачатку 1707 года выдала цыркуляр, у якім пазначыла, што пастановы Ракацы ідуць уразрэз з законамі і свабодамі дзяржавы, аднак супраць іх няможна пратэставаць, што нават пад уладай Габсбургаў было цалкам распаўсюджана і звычайна. Канфлікт скончыўся на сейме ў Онадзе, дзе паслы Турчанскай сталіцы былі забіты на месцы. Князь Ракацы назваў іх «носьбітамі сусветнага зла» і абвінаваціў у «пагрозе венгерскай рэвалюцыі».

Акрамя іншага, пасля 1707 года саслабела і ўнутраная база куруцаў пасля таго, як Ферэнц II Ракацы пасля паўгадовых перамоў адрынуў прапановы імператара Іозефа I, які быў гатовы прапанаваць паўстанцам саступкі. Пасля аднаўлення баявых дзеянняў значная частка прыхільнікаў Ракацы расчаравалася спыненнем мірных перамоў.

3 жніўня 1708 у бітве пад Трэнчынам Ферэнц II Ракацы, намагаючыся падбадзёрыць правае крыло свайго войска, пераскокваючы ручай, зваліўся з каня і страціў прытомнасць. Палічыўшы, што іх верхавод загінуў, дэмаралізаваныя куруцы кінуліся ва ўцёкі, хоць і мелі перавагу. Такая сур’ёзнае паражэнне ў бітве з габсбургскімі войскамі адбіла ў сялянства ахвоту працягваць змаганне ў войску Ракацы, нават нягледзячы на прыняцце Нацыянальным сходам у снежні 1708 года закону пра вызваленне ўдзельнікаў вызваленчай вайны ад прыгонніцтва, а таксама на абяцанні атрымання зямлі.

Наступная перамога лябанцаў у студзені 1710 года пад Роханам вымусілі Ракацы адводзіць сілы на паўночны ўсход, да Сатмара і Мукачава, дзе ён карыстаўся вялізарнай падтрымкай.

Не давяраючы запэўніванню імперскага пасла Янаша Пальфі ў амністыі, Ферэнц II Ракацы 21 лютага 1711 з’ехаў з краіны і накіраваўся ў Рэч Паспалітую, намерваючыся дабіцца дапамогі ад Расіі і Францыі. Вярхоўнае камандаванне венгерскімі войскамі было даручана барону Шандару Караі.

Венгерская шляхта схілялася да кампрамісу і міру з Габсбургамі, і сам галоўнакамандуючы барон Караі бяз згоды кіраўніка вызваленчага руху распачаў таемныя перамовы з аўстрыйскім галоўнакамандуючым графам Пальфі. 30 красавіка (паводле іншых звестак — 1 мая) 1711 года ў Сатмары (цяпер у Румыніі) была заключана мірная дамова. Наступнага дня асноўныя сілы куруцаў колькасцю 12 000 чалавек капітулявалі на Надзмайтэнскім полі ля Сатмара. Нягледзячы на афіцыйную капітуляцыю, абаронцы апошняй крэпасці, якую кантралявалі куруцы — Мукачаўскага замка ў Закарпаці — абараняліся да 22 чэрвеня 1711 года.

Паводле ўмоў мірнага пагаднення Ракацы атрымліваў памілаванне ў выпадку, калі складзе клятву вернасці імператару, і магчымасць пры жаданні свабодна пакінуць краіну. Аднак Ферэнц II не прыняў гэтыя ўмовы, не давяраючы габсбургскаму двару, і нават не прызнаў законнасць Сатмарскага перамір’я, бо яно было падпісана ўжо па смерці імператара, што пазбаўляла паўнамоцтваў яго даверанае асобы Янаша Пальфі.

Эміграцыя

Сабор Св. Елізаветы ў Кошыцах, дзе пахаваны Ракацы

У Рэчы Паспалітай Ферэнц з часам пачаў адчуваць пагрозу ад таемных агентаў з Вены з улікам таго, што ян разам з Мікалашам Берчэні адрынуў імператарскую амністыю. Даведаўшыся, што аўстрыйскі ваенны савет выдаў на яго атэнтат, Ферэнц пераехаў у Данцыг і да лістападу 1712 года хаваўся там пад імем графа Шарашы.

9 лістапада 1712 выехаў у Англію, аднак каралева пад ціскам Габсбургаў не дапусціла яго ў краіну, таму высадзіўся ў французскім порце Д'еп і спярша жыў у Вярсалі пад Парыжам, а пасля цягам 5 гадоў у камальдульскім кляштары Грабуа, дзе запісаў уласныя мемуары.

14 верасня 1717, па смерці свайго заступніка караля Людовіка XIV, накіраваўся ў Турцыю з мэтай пасяліцца ў Стамбуле. Намагаўся з дапамогай Асманскай імперыі аднавіць сваю ўладу ў Сяміграддзі, аднак заключэнне аўстрыйска-турэцкае дагаворы перакрэсліла яго надзеі. Перакладчыкам Ракацы ў Турцыі быў Ібрагім Мутаферыка — мусульманін венгерскага паходжання, першадрукар ісламскага свету.

У Турцыі Ферэнц працаваў над «Успамінамі пра венгерскую вайну».

Ад 1720 года жыў у месце Родаста (цяпер Тэкірдаг) на беразе Мармуровага мора, дзе і памёр. Таемна быў пахаваны ў храме французскіх лазарыстаў імя святога Бенедыкта ў Стамбуле, дзе была пахавана і яго маці Алена.

Труну Ферэнца II у 1899 годзе выявіў даследчык Каляман Таль. У 1906 яго прах быў перанесены на радзіму, у Кошыцы, і пахаваны ў крыпце сабору святой Лізаветы.

Сям’я

Ферэнц II быў трэцім з трох дзяцей у сям’і. Старэйшы брат Юрый памёр у дзяцінстве яшчэ да з’яўлення Ферэнца, а сястра Юльяна была на чатыры гады за яго старэйшая.

У верасні 1694 года Ферэнц Ракацы ажаніўся ў Кёльне з 15-гадовай княгіняй Каралінай Амаліяй Гесэнскай-Райнфельс, дачкою князя Карла Гесэнскага і яго другой жонкі Александрыны Юльяны, графіні Лайнінген-Дагсбург. Мелі чатырох дзяцей:

  • Леапольд Лаяш Дзьёрдзь (1696—1700);
  • Ёжэф (, 1700—1738);
  • Дзьёрдзь (1701—1756);
  • Караліна (1706—1706).

Са смерцю сына Дзьёрдзя ў 1756 годзе род Ракацы згас.

Ушанаванне памяці

Ферэнц II Ракацы лічыцца нацыянальным героем Венгрыі.

Помнікі

Конная статуя Ферэнца II у 1937 годзе была ўсталявана перад будынкам парламента на плошчы Лаяша Кошута ў Будапешце. На мармуровым пастаменце быў змешчаныя яго знакаміты лозунг «Cum Deo Pro Patria et Libertate». У 1950 годзе першыя два словы (cum Deo — бел.: з Богам) былі збіты з ідэалагічных прычын, але ў 1989 годзе адноўлены.

Пасля прыходу да ўлады ў Венгрыі Саветаў на плочша Герояў былі зняты мноства помнікаў каралям дынастыі Габсбургаў. На месцы аднаго з іх, Ліпата II, у 1953 быў усталяваны яшчэ адзін помнік Ферэнцу Ракацы.

У 2006 годзе ў Кошыцах усталяваная скульптура Ферэнца II Ракацы.

Ва Украіне пастаўленыя два помнікі Ферэнцу II Ракацы: на тэрыторыі замку Паланак у Мукачаве і ў вёсцы Янашы на Берагаўшчыне.

Вуліцы

Імем Ракацы названыя вуліцы і плошчы ў шматлікіх гарадах Венгрыі. Так, 28 кастрычніка 1906 года, калі рэшткі Ракацы былі прывезены з Турцыі, яго імя атрымаў адзін з найбольшых праспектаў, што падзяляе 7-ы і 8-ы раёны Будапешта. Тут сама яго імя носіць плошча ў 8-м раёне і мост праз Дунай.

Мясціны

Дзве суседнія вёскі Венгрыі, якія стаяць на месцы былых уладанняў Ракацы, названыя ў яго гонар Ракацыфальва і Ракацыуйфалу.

Банкноты

Ракацы на 500-форынтавай банкноце

Партрэт Ракацы быў змешчаны на банкнотах Венгрыі. Пасля іх выхаду з абарачэння партрэт перанесены на купюры наміналам 500 форынтаў.

Іншае

Яго імем названы Закарпацкі венгерскі інстытут у Берагаве (Украіна).

Папулярная патрыятычная мелодыя невядомага кампазітара XVIII—XIX стагоддзя таксама названая «Маршам Ракацы», паколькі лічыцца, што нібыта ён яе надта ўпадабаў, хоць насамрэч час яе стварэння датаваны прыкладна 1730-мі. «Марш Ракацы» выконваецца падчас ваенных парадаў у Венгрыі.

Зноскі

  1. 1 2 Ferenc Rakoczi II // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Brozović D., Ladan T. Ferenc II. Rákóczy // Hrvatska enciklopedijaLZMK, 1999. — 9272 с. — ISBN 978-953-6036-31-8
  3. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  4. 1 2 Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  5. Pach P.Zs. Boje proti Habsburgovcom za nezávislosť v XVII. storočí Kapitoly z Uhorských dejín. — Bratislava, 1952.
  6. Rákóczi Ferenc fejedelem emlémkiratai a magyarországi háborúról 1703-tól annak végéik. — Budapešť, 1978.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.