Ферэнц (Франц) Ліст (венг.: Liszt Ferenc, ням.: Franz Liszt; 22 кастрычніка 1811, Райдзінг (Дабар'ян), Аўстрыйская імперыя — 31 ліпеня 1886, Байрайт, Германія — кампазітар , піяніст , дырыжор, педагог, публіцыст , адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў музычнага рамантызму, заснавальнік венгерскай кампазітарскай школы.
Біяграфія
Ліст быў слаўным выканаўцам, вядомым па ўсёй Еўропе дзякуючы свайму фенаменальнаму піянізму і неперавышанаму ўменню арганізоўваць відовішчныя канцэртныя праграмы. Ф. Ліста лічаць адным з найвялікшых піяністаў у гісторыі, нягледзячы на тое, што ніводнага запісу ігры Ліста не існуе. Уплыў фартэпіяннага стылю Ф. Ліста адчувальны дагэтуль. Таксама Ф. Ліст зрабіў важкі ўклад у развіццё рамантычнай музыкі наогул, імя Ліста звязанае з вынаходніцтвам жанру сімфанічнай паэмы.
Ф. Ліст быў першым піяністам, які выступаў з сольнымі канцэртамі, якімі ён заслужыў прызнанне як прафесіяналаў так і шырокай публікі. У той жа час Ф. Ліст быў надзвычай велікадушным чалавекам — ён не шкадаваў часу і сродкаў, дапамагаючы ахвярам стыхійных бедстваў, сіротам, многіх таленавітых студэнтаў ён вучыў бясплатна. Таксама Ф. Ліст спрыяў фонду памяці Бетховена і ахвяраваў значныя сродкі на адкрыццё кансерваторыі ў Будапешце.
Вялікая колкасць яго фартэпіянных твораў увайшла ў традыцыйны рэпертуар, у прыватнасці Венгерскія рапсодыі, Саната сі мінор і два фартэпіянныя канцэрты. Таксама Ф. Ліст зрабіў шматлікія фартэпіянныя транскрыпцыі папулярных сцэн з опер, сімфоній, капрызаў Паганіні і песень Франца Шуберта. Асобныя фартэпіянныя творы Ф. Ліста лічацца вышэйшай пробай фартэпіяннага майстэрства. Таксама Ф. Ліст быў аўтарам вялікай колкасці харавой, вакальнай і сымфанічнай музыкі. Арганныя творы Ф. Ліста занялі галоўнае месца ў рэпертуары арганістаў.
Біяграфія
Вучыўся ў К. Чэрні, А. Сальеры, Ф. Паэра і А. Рэйхі. У 1823—1835 гадах жыў у Парыжы, дзе набыў вядомасць як піяніст-віртуоз, пачаў педагагічную і кампазітарскую дзейнасць, у 1835—1839 гадах — у Швейцарыі і Італіі, дзе залажыў асновы сучаснага канцэртнага піянізму. Яго выканальніцкі стыль вызначалі сінтэз рацыянальнага і эмацыянальнага, спалучэнне яскравасці і кантрасту вобразаў з драматызмам, маляўнічасць гучання і віртуозная тэхніка, аркестрава-сімфанічная трактоўка фартэпіяна. З канца 1830-х гг. гастраліраваў па краінах Еўропы. У 1848—1858 гг. прыдворны капельмайстар у Веймары. Як дырыжор паставіў у Веймарскім тэатры больш за 40 опер, у т.л. оперы Р. Вагнера, выканаў у сімфанічных канцэртах усе сімфоніі Л. Бетховена, сімфанічныя творы Г. Берліёза, Р. Шумана, М. Глінкі і інш., узначаліў т.зв. веймарскую школу[13].
З 1861 года жыў у Рыме, Будапешце і Веймары. Пастаянна падтрымліваў сувязі з Венгрыяй (з 1875 прэзідэнт заснаванай ім Музычнай акадэміі ў Будапешце, цяпер Нацыянальная венгерская музычная акадэмія імя Ф. Ліста)[13].
Творчасць
Стваральнік першых узораў венгерскай нацыянальнай музычнай класікі, адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў еўрапейскага музычнага рамантызму. Найбольш значныя яго дасягненні ў галіне інструментальнай музыкі. Вызначальныя прынцыпы наватарскай творчасці Ліста — праграмнасць і звязаны з ёю монатэматызм. Абнавіў жанр фантазіі і транскрыпцыі, стварыў новы музычныя жанр — адначасткавую сімф. паэму, новы тып канцэрта і санаты (адначасткавыя з рысамі цыклічнасці). Узбагаціў сродкі гармоніі і аркестроўкі, увёў у фп. п'есах новыя прынцыпы фактурнага выкладання. Паглыбіў сувязі музыкі з літаратурай, першы звярнуўся да твораў жывапісу і скульптуры як да крыніцы праграмных задум. У яго творах арганічны сплаў народна-венгерскіх вытокаў (вербункаш) і дасягненняў еўрапейскай прафесійнай музыкі. Творчасць Ліста адыграла вялікую ролю ў станаўленні венгерскай нацыянальнай музычнай школы і ў развіцці сусветнай музычнай культуры[13].
Творы
Сярод твораў: опера «Дон Санча, або Замак кахання» (паст. 1825); араторыі «Легенда пра Св. Лізавету» (1862), «Хрыстос» (1866) і інш.; месы «Эстэргамская» («Іранская», 1855), «Венгерская каранацыйная» (1867); кантаты; Рэквіем (1868); для аркестра «Фаўст-сімфонія» (паводле І. В. Гётэ, 1857); сімфонія да «Боскай камедыі» Дантэ (1856), 13 сімфанічных паэм (1849—1882), у т.л. «Мазепа» (паводле В. Гюго, 1851), «Прэлюды» (паводле Ж. Атрана і А. Ламарціна), «Арфей», «Таса» (усе 1854), «Праметэй» (паводле І. Гердэра, 1855); 2 эпізоды з «Фаўста» Н. Ленау (1860) і інш.; для фартэпіяна з аркестрам — 2 канцэрты (1856, 1861), «Скокі смерці» (1859), Фантазія на венгерскія народныя тэмы (1852) і інш.; для фартэпіяна — саната h-moll (1853); цыклы п'ес «Паэтычныя і рэлігійныя гармоніі» (паводле А. Ламарціна), «Гады вандраванняў» (З сшыткі); 2 балады, 2 легенды, 19 «Венгерскіх рапсодый»; «Венгерскія гістарычныя партрэты»; «Іспанская рапсодыя»; «Эцюды найвышэйшага выканальніцкага майстэрства», канцэртныя эцюды, варыяцыі, п'есы ў танцавальнай форме, маршы і інш.; для голасу з фартэпіяна — песні і рамансы (каля 90) на словы Г. Гейнэ, Гётэ, Гюго, М. Лермантава і інш., інструментальныя п'есы, камерна-інструментальныя ансамблі, транскрыпцыі (пераважна для фартэпіяна) уласных твораў і інш. кампазітараў («Эцюды па капрысах Паганіні»)[13].
Зноскі
- 1 2 3 Г. Риман Лист // Музыкальный словарь: Перевод с 5-го немецкого издания / под ред. Ю. Д. Энгель — М.: Музыкальное издательство П. И. Юргенсона, 1901. — Т. 2. — С. 768–771.
- 1 2 Н. С. Лист, Франц // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1896. — Т. XVIIа. — С. 759–760.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Walker A. Franz Liszt / пад рэд. Fayard — 1990. — С. 1170. — ISBN 978-2-213-02627-5
- ↑ Kindred Britain
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 https://web.archive.org/web/20210106164458/https://www.lib.umd.edu/ipam/great-pianistic-traditions/franz-liszt-and-his-pupils/liszt-school
- ↑ Н. С. Салиери, Антонио // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1900. — Т. XXVIIIа. — С. 131.
- ↑ Альберт, Эжен // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. Iа. — С. 504.
- ↑ Альбер, Евгений // Аконит — Анри — 1926. — Т. 2. — С. 290.
- 1 2 3 Louis Hall (1814−1857) Праверана 28 снежня 2017.
- ↑ https://www.oxfordmusiconline.com/grovemusic/view/10.1093/gmo/9781561592630.001.0001/omo-9781561592630-e-0000047786#S47786
- ↑ (unspecified title) Праверана 2 ліпеня 2023.
- 1 2 3 4 Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ферэнц Ліст
- Ферэнц Ліст, біяграфія на Encyclopedia channel Архівавана 29 чэрвеня 2007. (230 біяграфічных фільмаў пра гістарычныя асоб).
- Ферэнц Ліст: Ноты твораў на International Music Score Library Project
- Сайт, прысвечаны Ф.Лісту (англ.)
- Фартэпіянная асацыяцыя ім. Ф.Ліста Архівавана 31 кастрычніка 2006. (англ.) — біяграфія, mp3