Фердынанд I (італ.: Ferdinando I; 12 студзеня 1751, Неапаль — 4 студзеня 1825, Неапаль) — кароль Абедзвюх Сіцылій з 1816 года, кароль Неапаля пад імем Фердынанд IV у 1759—1806 гадах, кароль Сіцыліі пад імем Фердынанд III у 1806—1816 гадах. Сын караля Іспаніі Карла III і Марыі-Амаліі Саксонскай.
Як палітычны дзеяч знаходзіўся ў цені сваёй энергічнай жонкі Марыі Караліны і яе фаварыта Актана. Прыхільнік вельмі кансерватыўных поглядаў. На яго кіраванне прыйшліся шматлікія войны з Францыяй.
Раннія гады
Прадстаўнік дынастыі Бурбонаў. Бацька Фердынанда, неапалітанскі кароль Карл, атрымаў у спадчыну ў 1759 г. іспанскі трон і адправіўся кіраваць на Пірэнеі, пакінуўшы 8-гадовага хлопчыка ў Неапалі на апеку рэгенцкага савета. Саноўнікі на чале з Бернарда Танучы працягвалі распачатыя яго бацькам ліберальныя рэформы ў рэчышчы асветнага абсалютызму XVIII стагоддзя. Велізарныя сродкі расходаваліся на дабудаванне каралеўскай рэзідэнцыі ў Казерце. Заўзяты аматар палявання, Фердынанд замовіў для сябе будаўніцтва «паляўнічага доміка» на возеры Фузара.
Пасля нараджэння ў 1777 г. спадчынніка прастола ў дзяржаўны савет была дапушчана каралева Марыя Караліна, якая стала пры добразычлівым папушчальніцтве мужа наводзіць там свае парадкі. Танучы быў адпраўлены ў адстаўку, і ў каралеўстве запанавала атмасфера рэакцыі. Чарговае «закручванне гаек» адбылося, калі французскія рэвалюцыянеры адправілі на гільяціну родную сястру каралевы. Неапаль адразу ўступіў у першую антыфранцузскую кааліцыю, а потым і ва ўсе наступныя.
Выгнанне ў Палерма
Прыбыццё ў Неапаль дружалюбных флотаў пад камандаваннем Фёдара Ушакова (расійскага) і Гарацыа Нэльсана (англійскага) падштурхнула караля ў 1798 г. напасці на Рымскую рэспубліку, створаную па вобразу і падабенству Французскай. Аднак у канцы снежня таго ж года французы ўвайшлі ў Неапаль, зрынулі караля і абвясцілі Партэнапейскую рэспубліку. На караблі Нэльсана каралеўскі двор у паніцы бег у Палерма.
У чэрвені 1799 г. рэспубліканцы здаліся на літасць караля і Фердынанд змог вярнуцца ў Неапаль. Нягледзячы на міласцівыя ўмовы здачы, завадатары «бунту» былі пакараны смерцю. У дзяржаве ўсталяваўся паліцэйскі рэжым — да 1806 года, калі напалеонаўская армія ўвайшла ў Неапаль і каралём замест Фердынанда быў абвешчаны Жазеф Банапарт, якога неўзабаве замяніў маршал Мюрат. Каралеўскі двор ізноў шукаў выратавання ў Сіцыліі.
Англійскі пасланец Бентынк пераканаў Фердынанда змякчыць дэспатычны стыль кіравання, выдаліць ад двара Марыю Караліну і яе фаварытаў, прызначыць рэгентам прынца Францыска і нават абмежаваць уладу манарха канстытуцыяй. Марыя Караліна адбыла на радзіму ў Вену. Як толькі да Палерма дайшла вестка пра яе смерць, Фердынанд, забыўшыся пра жалобу, заключыў марганатычны шлюб з палюбоўніцай Лючыяй Мільяча, якая была названа герцагіняй Фларыдыі.
Пасля звяржэння Мюрата і ўварвання аўстрыйцаў састарэлы манарх вярнуўся ў Неапаль як абсалютны кіраўнік каралеўства Абедзвюх Сіцылій. У гонар рэстаўрацыі Бурбонаў у сталіцы была закладзена грандыёзная базіліка Сан-Франчэска-дзі-Паола. Пачаліся ганенні на праціўнікаў рэжыму; колькасць ахвяр «белага тэрору» ацэньваецца ў 10 тысяч.
Барацьба з карбанарыямі
Вяртанне дэспатызму выклікала незадаволенасць ліберальна настроеных маладых людзей, празваных карбанарыямі. У 1820 г. глава рэвалюцыянераў Гульельма Пепэ ўрачыста ўступіў у Неапаль, а кароль вымушаны быў адступіць і абвясціць пра выданне канстытуцыйнага закона. Падзеі ў Неапалі выклікалі перапалох у Свяшчэнным саюзе; для іх абмеркавання сабраўся кангрэс у Тропау. Фердынанд у ім не змог прыняць удзелу па прычыне забароны з боку парламента.
На наступны год, перадаўшы стырны кіравання сыну, ён абраўся на кангрэс у Лайбаху (1821), дзе заручыўся падтрымкай аўстрыйскага канцлера Метэрніха. Аўстрыйская армія, уступіўшы ў межы каралеўства, нанесла паражэнне Пепэ і канстытуцыяналістам. Неапаль вярнуўся да абсалютысцкай формы кіравання. У разгар новых ганенняў на іншадумцаў Фердынанд памёр.
Унёсак у навуку
Пры падтрымцы Фердынанда I была створана Палермская астранамічная абсерваторыя, дзе быў адкрыты першы астэроід Цэрэра.
Дзеці
- жонка: з 12 мая 1768 (Вена) Марыя-Караліна Аўстрыйская (13 жніўня 1752 — 8 верасня 1814), дачка Франца I Стэфана, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі
- Марыя Тэрэза (1772—1807); муж: з 15 жніўня 1790 Франц II, імператар Аўстрыі
- Марыя Луіза Амелія Тэрэза (1773—1802); муж: з 15 жніўня 1790 Фердынанд III, герцаг Тасканы
- Карла (1775—1778)
- Марыя Ганна (1775—1780)
- Францыск I (1777—1830), кароль Абедзвюх Сіцылій
- Марыя Крысціна Амелія (1779—1849); муж: з 7 сакавіка 1807 Карл Фелікс, кароль П'емонта і Сардзініі
- Карла (1780—1789)
- Джузэпэ (1781—1783)
- Марыя Амалія (1782—1866); муж: з 25 лістапада 1809 Луі-Філіп I, кароль Францыі.
- Марыя Антуанэта (1784—1806); муж: з 4 кастрычніка 1802 Фердынанд VII, кароль Іспаніі.
- Марыя Клацільда (1786—1792)
- Марыя Генрыэта (1787—1792)
- Карла (1788—1789)
- Леапольда (1790—1851), прынц Салерна.
- Альберта (1792—1798)
- Марыя Ізабела (1793—1801)
Зноскі
- 1 2 FERDINANDO I di Borbone, re delle Due Sicilie // Dizionario Biografico degli Italiani — 1960. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Lundy D. R. Ferdinando I di Borbone, Re delle Due Sicilie // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
- ↑ Ferdinand I // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
- 1 2 (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Union List of Artist Names — 2014. Праверана 22 мая 2021.