Фемінізм у Швецыі— уплывовы сацыяльна-палітычны рух за роўнасць жанчын з мужчынамі у шведскім грамадстве.[1][2] Партыі ўсяго палітычнага спектру Швецыі прытрымліваюцца гендэрнай палітыкі у сваіх публічных палітычных маніфестах.[3] Урад Швецыі праз профільнае Міністэрства гендэрнай роўнасці ўвасабляе палітыку гендэрнай прыярытэтнасці.[4][5] Жанчыны ў Швецыі складаюць 45 % парламенту. З 2014 года жанчыны складаюць 43 % мясцовых заканадаўчых органаў.[1]
Шведскія жанчыны мелі абмежаванае права голасу падчас эры Свабоды у 1718—1772 гадах. Незамужнія жанчыны з высокім узроўнем адукацыі ў 1862 годзе першымі ў свеце атрымалі права галасаваць на муніцыпальных выбарах. Неабмежаванае Жаночае выбарчае права ўведзена ў 1921 годзе. З тых часоў Швецыя застаецца ў авангардзе інтэлектуальнага і практычнага фемінізму за гендэрную роўнасць. У наш час, шведскае грамадства ахапіла трэцяя хваля фемінізму. "Феміністычная ініцыятыва " стала першай феміністычнай партыяй, якая выйграла мандат у Еўрапейскі парламент на выбарах 2014 года ў Швецыі, вяртаючы ўвагу да антырасізм у і перспектыў каляровых людзей.
Гісторыя
Протафемінізм
На працягу 17 стагоддзя пытанні, якія тычацца гендэрных роляў, гендэрнай роўнасці і правоў жанчын, ўздымалі некаторыя асобы, напрыклад, Сафія Элізабэт Брэнер, але гэта былі рэдкія выключэнні. На працягу 18 стагоддзя гендэрныя ролі, гендэрная роўнасць і рэформы жаночага сацыяльна-прававога статусу абмяркоўваліся ў публічных дэбатах і літаратуры. Шмат ананімных жанчын-журналістак і пісьменніц пісалі пад псеўданімамі ў часовых перыядычных выданнях, пераважна з дапамогай ананімнай карэспандэнцыі, толькі невялікая частка з іх былі ідэнтыфікаваныя. Сярод іх былі Маргарэта Мома, Катарына Альгрэн і Ганна Марыя Рюкершэльд. У 1761 годзе Хедвіга Шарлота Нордэнфліхт напісала вядомую паэму «Fruntimrens försvar» («у абарону жанчын»).
Першая хваля фемінізму
Першая грамадская арганізацыя, заснаваная жанчынамі ў Швецыі (і першае аб’яднанне шведскіх жанчын дзеля дасягнення і рэфармавання чагосьці ў грамадстве), была жаночым дабрачынным грамадствам «Välgörande fruntimmerssällskapet», заснаваным у Стакгольме ў 1819 годзе групай дваранскіх жанчын пад кіраўніцтвам прынцэсы Сафія Альберціна Шведская для падтрымкі бедных жанчын. У той час такое аб’яднанне было радыкальным крокам. Пазней з’явілася шмат іншых дабрачынных жаночых таварыстваў.
1839 года пісьменнік Карл Юнас Ловэ Альмквіст пачаў доўгія літаратурныя дэбаты адносна гендэрных роляў навэлай «Det går an», у якой адстойваў свабодную любоў, права на сужыцці без абавязку ўступаць у шлюб і права жанчын мець вопыт любові, не губляючы незалежнасці, гэта значыць не ўступаючы ў шлюб.
У 1848 годзе Сафі Сагер пасля паведамлення аб згвалтаванні выклікала значныя спрэчкі, якія працягнуліся падчас суда па яе справе. Яна стала, бадай, першай жанчынай у Швецыі, якая публічна выступіла на карысць фемінізму. Так яна атрымала вядомасць, хоць і была высмеяная як феміністка.[6] Гэта справа была ўнікальнай у той час і таму не прывяла ні да аднаго арганізаванага руху.
У 1855 годзе Юсефіна Дэланд заснавала «Svenska lärarinnors pensionsförening» (Таварыства настаўніц-пенсіянерак), каб даць пенсійнае забеспячэнне настаўніцам на пенсіі і гувернанткам. Быць педагогам у той час было адной з некалькіх магчымых прафесій для самазабеспячэння жанчын, і пытанне пенсіі стаяла для іх вельмі актуальна.
1856 года Фрэдрыка Брэмер апублікавала раман «Герта», які выклікаў вялікую палеміку і пачаў «Герта-дэбаты». Двума найважнейшымі пытаннямі была адмена « coverture» (прынцып, у адпаведнасці з якім з моманту жаніцьбы жанчына губляла грамадзянскую праваздольнасць і трапляла ў поўную залежнасць ад мужчыны). , а таксама забеспячэнне дзяржавай жанчынам эквівалента ўніверсітэта. Сацыяльныя змены не прымусілі сябе чакаць: у 1858 годзе рэформа, якая падавала незамужнім жанчынам права падаваць на законнае паўналецця па спрошчанай працэдуры, а ў 1861 годзе заснаваны Högre lärarinneseminariet — першы жаночы універсітэт. У 1859 годзе Сафі Адлерспарр і Разалі Алівекрона заснавалі першы ў Швецыі і ў нардычных краінах часопіс для жанчын «Tidskrift för hemmet». Гэта стала адпраўной кропкай жаночага руху у Швецыі. Арганізаваны жаночы рух пачащся ў 1873 годзе, калі Ганна Херта-Рэтзіус і Элен Анкарсвард заснавалі «Föreningen för gift kvinnas äganderätt» (Асацыяцыя правоў уласнасці замужніх жанчын). Галоўнай задачай арганізацыі была поўная адмена coverture. У 1884 годзе Сафі Адлерсарэ заснавала «Fredrika-Bremer-Förbundet» (Таварыства Фрэдрыкі Брэмер), мэтай якога было паляпшэнне правоў жанчын. Другая палова 19 стагоддзя характарызуецца стварэннем некалькіх жаночых праваабарончых арганізацый, іх значнай актыўнасцю і інтэлектуальнымі дыскусіямі.
У 1880-х гадах адбыліся так званыя «дэбаты цноты» (Sedlighetsdebatten), калі гендэрныя ролі абмяркоўваліся ў літаратурных дэбатах адносна падвойных стандартаў у процівагу гендэрнай роўнасці. Адной з актыўных удзельніц дэбатаў была "Svenska Federationen " (Шведская Федэрацыя), якая працавала, каб пакласці канец прастытуцыі ў Швецыі і паставіла пад сумнеў тагачасныя падвойныя стандарты, па якіх гэтая сістэма была апраўданай. У 1902 годзе заснавана Нацыянальнае таварыства за жаночае выбарчае права ў Швецыі. Жаночае выбарчае права ўведзена ў 1921 годзе, калі жанчыны фармальна атрымалі роўныя правы з грамадзянамі-мужчынамі. З 1921 да 1954 года школа Kvinnliga medborgarskolan vid Fogelstad правяла курсы па навучанні жанчын у дачыненні да іх новых правоў як паўнапраўных і раўнапраўных грамадзянак, заклікаючы жанчын выкарыстоўваць свае новыя правы.
У міжваенны перыяд для жанчын існавалі розныя часопісы і арганізацыі ўсіх палітычных поглядаў і класаў. Жанчыны таксама арганізавалі жаночыя крылы палітычных партый, такія як сацыял-дэмакратычныя жанчыны ў Швецыі і ўмераная кааліцыйная партыя, праз якія накіроўвалі свае патрабаванні, такім чынам уступаючы ў палітычнае жыццё.
Другая хваля фемінізму і сучаснасць
У 1960—1970 гадах у Швецыі зарадзілася новая хваля фемінізму: У 1968 годзе была створана арганізацыя «Grupp 8», якая паклала пачатак і падняла шэраг пытанняў у сферы гендэрнай роўнасці. У 1973 годзе феміністычная група «Arbetets kvinnor» (жанчыны працы) вылучылася з «8 Grupp». У культурнай сферы выявілася музычная феміністычная група Röda bönor. У канцы 1990-х гадоў адбылося адраджэнне актыўнасці фемінізму ў Швецыі, значна заахвочаны ўрадам. Левая партыя на чале з Гудрун Шуман была ў гэтым асабліва актыўнай. У 1997 годзе Урад Швецыі заснаваў Шведскае Жаночае лобі, якое ў 2000-х прывяло да фемінісцкіх кампаній, такіх як культурны рух Bara Bröst, порнастужка Брудныя дзённікі, але таксама і да анціфеміністычных, такіх як дакументальны фільм «Гендэрная вайна». 2005-га года заснавана палітычная сіла Феміністычная ініцыятыва пад лідарствам Гудрун Шуман, з 1990-х гадоў была вядучай фігурай шведскага фемінізму.
У 2017 годзе Марыя Тэрэза Рывэра стала першай жанчынай у свеце, якая атрымала прытулак з-за таго, што была незаконна заключана ў турму за невыкананне забароны на аборт.[7] Яна занядбала забаронай аборту ў Сальвадоры і атрымала прытулак у Швецыі.[7]
Уплыў фемінізму
У дзяржаўнай палітыцы
Амаль усе шведскія партыі так ці інакш сістэмна падтрымліваюць фемінісцкую позву. Швецыя — адна з краін-лідараў па колькасці жанчын у парламенце. Пасля выбараў 2018 года 46 % дэпутацкіх месцаў у шведскім рыксдагу належаць жанчынам. Ва ўрадзе з 23 членаў кабінета — 12 жанчын (больш за палову).
У праграме новага ўрада роўнасць значыцца асобным пунктам: «пад гендарнай роўнасцю мы маем на ўвазе роўныя магчымасці для жанчын і мужчын уплываць на грамадства і свае ўласныя жыцці. Гэтая сфера ўключае ў сябе пытанні ўлады, уплыву, эканомікі, здароўя, адукацыі, працы і фізічнай недатыкальнасці».
У 2007—2010 гг. дзейнічала Міністэрства інтэграцыі і гендэрнай роўнасці. Міністэрства несла адказнасць за захаванне роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі ва ўсіх грамадска-палітычных сферах. У дадзены момант міністрам гендэрнай роўнасці пры Міністэрстве працы Швецыі («Arbetsmarknadsdepartementet») з’яўляецца Мэрта Стэневі[8]. Акрамя таго, у кожнай адміністрацыйнай адзінцы краіны маецца пасада эксперта па пытаннях гендэрнай роўнасці. Па рашэнні рыксдага ў любой афіцыйнай статыстыцы дадзеныя ўлічваюцца з падзелам на мужчын і жанчын. Згодна з Законам аб статыстычным уліку, усе статыстычныя дадзеныя павінны быць падзеленыя па палавой прыкмеце.[9].
Прадухіленне прастытуцыі
Швецыя абрала шлях прадухілення, а не легалізацыі прастытуцыі, у адрозненне ад Нідэрландаў і Германіі. Гэта адбылося па некалькіх прычынах. Гандаль сэксуальнымі паслугамі супярэчыць канцэпцыі роўнасці паміж жанчынамі і мужчынамі. У краінах, дзе прастытуцыя была дазволеная, маштабы гэтай з’явы толькі ўзрасталі. З-за распаўсюджвання хвароб і злачыннасці прастытуцыя наносіць шкоду ўсяму грамадству.
У 1999 годзе ў Швецыі пачаў дзейнічаць закон, супрацьдзеяння прастытуцыі, які забараняе набыццё паслуг сэксуальнага характару. Закон перасьледуе менавіта пакупнікоў сэкс-паслуг, не прадугледжваючы пакарання для тых, хто іх дае. Зроблена гэта таму, што менавіта пакупнікі паслуг лічацца рухаючай сілай прастытуцыі. У 2005 годзе гэты заканадаўчы акт быў уключаны і ў асноўны Крымінальны кодэкс краіны. Шведскі падыход да барацьбы з сэксуальнымі злачынствамі быў пазней узяты на ўзбраенне і такімі краінамі, як Нарвегія, Ісландыя, Канада і Паўночная Ірландыя.
Армія
Жанчыны маглі супрацоўнічаць з узброенымі сіламі Швецыі яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя, працуючы на грамадзянскай службе або як члены добраахвотных службаў абароны такіх як «Блакітная Зорка» («Blå Stjärnan») або"Шведская жаночая добраахвотная служба абароны"(«Lottorna»). У 1980 годзе жанчыны ўпершыню змаглі паспрабаваць атрымаць ваенную адукацыю і несці ваенную службу. Тады добраахвотную базавую адукацыю ў сферы ваеннай авіяцыі пажадалі атрымаць 103 дзяўчыны. 30 з іх пачалі падрыхтоўку, а 28 — скончылі. У 1981 годзе Рыксдаг пастанавіў, што і мужчыны, і жанчыны могуць служыць на камандуючых пасадах ва ўсіх сферах абароны. Жанчынам дазволілі служыць афіцэрамі, а пазней салдатамі і матросамі. У 1989 годзе жанчынам фармальна дазволілі служыць у любых падраздзяленнях узброеных сіл, але да 1994 года для гэтага ім усё роўна трэба было праходзіць афіцэрскую падрыхтоўку. Зараз у Швецыі дзейнічае сістэма, пры якой як мужчыны, так і жанчыны могуць на роўных умовах працаваць па кантракце ва Узброеных сілах. На дадзены момант асабісты склад шведскай арміі прыкладна на 13 % складаецца з жанчын (сярод афіцэраў і афіцэраў-спецыялістаў іх 5,5 %, а сярод камандзіраў груп, салдат і матросаў — каля 12 %). Сярод грамадзянскіх супрацоўнікаў узброеных сіл жанчын 38 %.[10]. Пачынаючы з 2018 года прызываюцца як жанчыны, так і мужчыны.[11]
Царква
У Швецыі яшчэ з 1820-х гадоў існавалі жанчыны-прапаведнікі. І хоць ім не дазвалялася прапаведаваць у храмах, яны выступалі побач з цэрквамі, збіраючы вялікія аўдыторыі па ўсёй краіне. Першая ў Швецыі задакументаваная пропаведзь жанчыны ў памяшканні царквы датуецца 1911 годам. Гэта была пастар метадысцкай з ЗША Ганна Говард Шоў, якая выступіла ў царкве Густава Вазы у Стакгольме з нагоды канферэнцыі за падаванне выбарчых правоў. Пасля гэтага, а асабліва ў перыяд пасля 1940-х гадоў, усё больш жанчын пачынаюць прапаведаваць у цэрквах[12]. У 1958 годзе жанчынам дазволілі станавіцца святарамі (прасвітарамі). Праз дзесяць гадоў у Швецыі з’яўляюцца першыя жанчыны-настаяцельніцы, у 1990 — жанчына-біскуп, а ў 2014-м Анцье Якелен становіцца арцыбіскупам Упсалы і кіраўніком царквы Швецыі[12].
За апошнія пяцьдзесят гадоў гендэрны склад работнікаў царквы значна змяніўся, і цяпер духавенства практычна ў роўнай прапорцыі складаюць і мужчыны, і жанчыны. Сёння каля 45 % усіх святароў у Швецыі — жанчыны. Акрамя таго, Генеральны Сінод складаецца з 121 жанчыны і 130 мужчын, якія прымаюць ключавыя рашэнні ў дачыненні да развіцця і будучыні шведскай царквы.
Мова
Фемінісцкая позва таксама ўплывае на развіццё шведскай мовы — у слоўніках і паўсядзённай прамове з’яўляюцца новыя словы і выразы. Напрыклад, гендэрна нейтральнае займеннік «hen», якое ўсё часцей выкарыстоўваюць, паказваючы на чалавека, пол якога невядомы, у шведскай мове з’явілася яшчэ ў 1960-я, а ў слоўнікі патрапіла ў сярэдзіне 2010-х. Таксама актыўна развіваецца лексіка, якая тычыцца пытанняў жаночай сэксуальнасці. З’яўляюцца новыя словы, якія абазначаюць жаночыя палавыя органы (напрыклад, нейтральнае гутарковай слова «snippa» можна сустрэць і ў слоўніках, і ў дзіцячых кніжках). У медыцынскіх тэрмінах таксама імкнуцца адысці ад ацэнкі жанчыны з пункту гледжання «беззаганнасці і чысціні». Так, Шведская асацыяцыя сэксуальнага адукацыі (RFSU) прапануе замяніць традыцыйны тэрмін «mödomshinna» (дасл. «некранутая плещка») на «slidkrans» («вагінальная карона»).
Рэпрадуктыўныя правы
У 1938 годзе ў Швецыі была ўзаконена кантрацэпцыя, а таксама ў некаторых выпадках дазволеныя аборты па рашэнні спецыяльнай камісіі. У 1964 годзе былі адобраны супрацьзачаткавыя таблеткі. У 1975 годзе жанчыны ў Швецыі атрымалі законнае права на аборт на працягу першых 18 тыдняў цяжарнасці. Пры гэтым, звяртаючыся за кваліфікаванай дапамогай у медыцынскія ўстановы, яны не абавязаны ўказваць канкрэтныя прычыны на правядзенне гэтай аперацыі. Закон удакладняе, што аборт могуць дазволіць і пасля 18-ці тыдняў цяжарнасці — аж да 22-га тыдня, але ўжо толькі ў тым выпадку, калі жанчына зможа даць важкія аргументы на карысць аперацыі. Тады Нацыянальны савет па ахове здароўя разглядае абставіны і прымае рашэнне аб мэтазгоднасці аборту ў кожным канкрэтным выпадку.
Адукацыя
У 1842 годзе ўводзіцца абавязковая пачаткавая адукацыя для дзяўчынак і хлопчыкаў. У 1861 годзе адкрываецца першая вышэйшая навучальная ўстанова для жанчын — Вышэйшая педагагічная школа. У 1870 годзе жанчынам дазваляюць вучыцца ва ўніверсітэтах. Сёння, згодна з шведскаму законе «Аб адукацыі», прынятым у 1996 годзе, прынцып раўнапраўя павінен ахопліваць усе аспекты школьнага навучання. Гэта азначае, перш за ўсё, што дзяўчынкі і хлопчыкі павінны быць у роўных умовах, што настаўнік не павінен падзяляць вучняў па палавой прыкмеце або ацаніць іх, грунтуючыся на гендэрных стэрэатыпах. У Швецыі не прынята падзяляць хлопчыкаў і дзяўчынак на ўроках або даваць ім розныя заданні. Напрыклад, на ўроках працы хлопчыкі і дзяўчынкі разам навучаюцца шыццю, вязання, разьбе па дрэве і апрацоўцы металу. На занятках па дамаводству ўсіх дзяцей вучаць гладзіць бялізну, сціраць, гатаваць ежу, планаваць выдаткі на хатнюю гаспадарку.
Барацьба супраць гвалту ў адносінах да жанчын
У 1864 годзе забаранілі мужыкам караць жонак. Праз сто гадоў, у 1965 годзе, Швецыя прымае закон, які забараняе згвалтаванне ў шлюбе. А ў 1998 пачынае дзейнічаць закон аб недатыкальнасці асобы жанчыны. Згодна з ім, любыя формы гвалту і жорсткасці, якім можа падвяргацца жанчына, напрыклад, з боку партнёра, павінны ацэньвацца як ўзаемазвязаныя. Кожны выпадак гвалту ў дачыненні да жанчыны павінен прымацца пад увагу адпаведнымі інстанцыямі. За грубае парушэнне недатыкальнасці жанчыны можна атрымаць тэрмін турэмнага зняволення да 6 гадоў. У 2011 годзе пераслед жанчын ва ўсіх формах становіцца крымінальным злачынствам. У гэтым жа годзе Швецыя падпісвае Канвенцыю Савета Еўропы аб барацьбе з гвалтам у адносінах да жанчын і прадухіленні жорсткасці ў сям’і. 2018 2018 годзе Рыксдаг прымае закон, згодна з якім сэкс без згоды лічыцца згвалтаваннем, нават калі да ахвяры не ўжывалася сіла або пагрозы[13].
Фемінізм у Швецыі ў лічбах
У цэлым, ідэі фемінізму шырока падтрымліваюцца шведскім грамадствам. Апытанне сайта"Yougov" у 2016 годзе паказаў, што 27 % шведаў заўсёды называюць сябе фэміністамі, а яшчэ 23 % робяць гэта ў пэўных сітуацыях. Ідэі гендэрнай роўнасці, згодна даследаванню «Ipsos», падтрымліваюць 68 % жыхароў у краіне. Па дадзеных іншага апытання сайта «YouGov», Швецыя апынулася самай прагрэсіўнай у гэтым сэнсе з 27 краін, апярэдзіўшы суседзяў па Скандынавіі, Вялікабрытанію і ЗША. Статыстыка пацвярджае грамадскія настроі. Так, у вышэйшых органах улады прыблізна палову пасад займаюць жанчыны. З увядзеннем усеагульнага выбарчага права ў 1921 годзе колькасць жанчын-дэпутатаў Рыксдагу пастаянна расце. Калі ў 1921 годзе жанчыны складалі толькі 1 % ад усіх шведскіх парламентарыяў, то ў 1965 годзе іх было ўжо 12 %, у 1998 годзе — 43 %. Па выніках выбараў 2018 года ў Рыксдагу засядаюць 46 % жанчын. У 2018 годзе прапорцыя дэпутатаў ад Швецыі ў Еўрапарламенце складае 52 % жанчын на 48 % мужчын.
Жанчын-міністраў таксама становіцца больш. Калі ў 1973 годзе ва ўрадзе іх было толькі 11 %, то ў цяперашнім кабінеце Левена-52 %. Паводле статыстыкі за 2017 год, сярод насельніцтва Швецыі ва ўзросце 25-44 года 54,4 % жанчын маюць вышэйшую адукацыю (і 40,1 % мужчын). Сярод узроставай групы 45-64 года 41,7 % жанчын маюць вышэйшую адукацыю (і 33,6 % мужчын).
У нашы дні дзве з трох вучоных ступеняў у Швецыі прысуджаюцца жанчынам. Сярод тых, хто вучыцца ў магістратуры і аспірантуры ў шведскіх ВНУ, — мужчын і жанчын прыкладна пароўну. Аднак захоўваецца дыспрапорцыя ў прафесарскім складзе шведскіх ВНУ. У 2017 годзе сярод прафесараў было 72,9 % мужчын і толькі 27,1 % жанчын [14].
І хоць у Швецыі не прынята дзяліць прафесіі на «мужчынскія» і «жаночыя» і адсутнічае якая-небудзь сістэма квот на працоўныя месцы, у статыстычна некторых прафесіях пераважаюць жанчыны, а ў некаторых — мужчыны. Так, на пасадах сядзелкі, няні, выхавальніка ў дзіцячым садзе, медсёстры, памочніка бухгалтара працуюць пераважна жанчыны. А распрацоўшчыкамі праграмнага забеспячэння, кіроўцамі грузавікоў, наладчыкамі і аператарамі станкоў, сталярамі, цеслярамі, прыбіральшчыкамі, аўтамеханікамі, электрыкамі — мужчыны[15].
У той жа час жанчыны займаюць 40 % высокіх пастоў у саветах дырэктараў.
У справаздачы часопіса CEOWORLD ад 2020 года Швецыя прызнана лепшай краінай у свеце для жанчын [16]. У 2019 годзе згодна з «Індэкс гендэрнай роўнасці Швецыя» паказала найлепшы вынік сярод краін ЕС у пытанні гендэрнай роўнасці (83.6 з 100 максімальных балаў). У гендэрным рэйтынгу Сусветнага эканамічнага форуму «Глабальны гендэрны разрыў даклад», які ацэньвае разрыў паміж жанчынамі і мужчынамі ў палітычных і эканамічных магчымасцях і правах, доступе да адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, у 2018 годзе Швецыя апынулася на трэцім месцы з 149 краін, саступіўшы Ісландыі і Нарвегіі. Для параўнання: Францыя, Германія, Вялікабрытанія размясціліся ў другой дзесятцы. Беларусь заняла 28 месца, Малдова — 35, Польшча — 42, ЗША — 51, Украіна — 65, Расія — 75, Японія — 110, ААЭ — 121. Завяршаюць Спіс Ірак, Пакістан, Емен на 147—149 месцах [17] А ў рэйтынгу Сусветнага эканамічнага форуму «Жанчыны, бізнес і закон 2019: дзесяцігоддзе рэформаў», адсочваецца сувязь паміж заканадаўствам краіны і эканамічнымі рашэннямі, якія прымаюцца жанчынамі, Швецыя апынулася адной з шасці краін, якія атрымалі найвышэйшую ацэнку 100 балаў з 100 [18].
Крытыка
Спачатку намаганні Марго Вальстрэм выклікалі ў многіх здзіўленне. Сёння менавіта праваабарончыя групы паказваюць на крывадушнасць феміністычнай знешняй палітыкі ў краіне, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце экспарцёраў зброі на душу насельніцтва, экспартуючы зброю аўтакратычным рэжымам, вядомым сваімі парушэннямі правоў чалавека.[19]
Заўвагі
- 1 2 «The Swedish General Election 2014 and the Representation of Women», Northern Ireland Assembly, Research and Information Service Research Paper, 1 кастрычніка 2014, с. 1.
- ↑ Viola Gad, «Feminism Comes to the Forefront of Swedish Politics», Time Magazine, 12 верасня 2014.
- ↑ «The Swedish General Election 2014 and the Representation of Women», Northern Ireland Assembly, Research and Information Service Research Paper, 1 кастрычніка 2014, с. 21.
- ↑ «The Swedish General Election 2014 and the Representation of Women», Northern Ireland Assembly, Research and Information Service Research Paper, 1 кастрычніка 2014, с. 9.
- ↑ Sadaf Ahsan, «How Sweden is trying to turn every 16-year-old into a feminist», National Post, 7 снежня 2015.
- ↑ Kyle, Gunhild; Krusenstjerna, Eva von (1993). Kvinnoprofiler. Panorama (Natur & Kultur), 99-0913791-7. Stockholm: Natur & Kultur.
- 1 2 Moloney, Anastasia. Sweden welcomes Salvadoran woman wrongly jailed for abortion in asylum first . Reuters. Праверана 22 сакавіка, 2018.
- ↑ Märta Stenevi (шведск.). Regeringskansliet. Праверана 8 лютага 2021.
- ↑ Казлова Я.Д. Роля жанчыны ў грамадска-палітычным жыцці Швецыі (рус.) // Пытанні гісторыі, міжнародных адносін і справаводства. — 2012. — № 8.
- ↑ Jämställdhet och jämlikhet: Historik . Försvarsmakten.
- ↑ Persson, Alma; Sundevall, Fia (2019-12-17). "Заклік жанчын на ваенную службу: гендэр, ваенная служба і ваенная служба у Швецыі 1965-2018". Women's History Review. 28 (7): 1039–1056. doi:10.1080/09612025.2019.1596542. ISSN 0961-2025.
- 1 2 Prästämbete för kvinnor och män . Svenska kyrkan (31 мая 2018).
- ↑ Sweden approves new law recognising sex without consent as rape . ВВС (24 мая 2018).
- ↑ Jämn fördelning av makt och inflytande / author (2018/publisher=).
- ↑ Ekonomisk jämställdhet . SCB (2 красавіка 2018).
- ↑ Пападопулас, Ганна. RANKED: Лепшыя краіны свету для жанчын, 2020 (англ.). Праверана 21 чэрвеня 2020.
- ↑ World Economic Forum. T Глабальны даклад аб гендэрнай разрыве 2018 (2 красавіка 2018).
- ↑ World Economic Forum. Women, Business and the Law 2019: A Decade of Reform (2 красавіка 2019).
- ↑ Хаваючыся за словам F-Word: няўдачы шведскай феміністычнай знешняй палітыкі (англ.)(недаступная спасылка). CFFP. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 24 мая 2019.