| ||||||||||||||||||||||||||||
Феадосія (укр.: Феодосія, Теодосія, крымскатат.: Kefe, ад грэч. Θεοδοσία — «Богам дадзеная») — партовы і курортны горад поўдня Украіны ля Чорнага мора на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Крыма[2]. Феадасійскі рэгіён Крыма — тэрыторыя, падпарадкаваная Феадасійскага гарсавету, уключае ў сябе акрамя ўласна Феадосіі шэраг пасёлкаў.
Дзень горада Феадосіі — апошняя субота ліпеня.
Геаграфія
Знаходзіцца на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Крымскага паўвострава (абмываецца на ўсходзе водамі Феадасійскага заліва Чорнага мора), на мяжы Крымскіх гор і Керчанскай узгорыстай раўніны, сярод адгор’яў, што заканчваюцца мысам Святога Ільі.
Клімат пераходны ад субтрапічнага міжземнаморскага тыпу да ўмерана кантынентальнага. Лета цёплае (24 °C у жніўні). Феадасійскі порт адкрыты круглы год для заходу суднаў.
Гісторыя
Горад Феадосія (грэч. Θεοδοσία) быў заснаваны выхадцамі з Мілета да сярэдзіны VI ст. да н. э. Існаваў як старажытнагрэчаская калонія, пазней — грэчаскі поліс. З 355 да н.э. ў складзе Баспорскай дзяржавы. У 107 да н.э. адзін з цэнтраў паўстання Саўмака.
У IV ст. н.э. разбурана гунамі. У V—VI ст. паселішча аланаў. У канцы VI ст. пад уладай хазараў.
Пасля захопу ў 1239 годзе Крыма войскамі Батыя ўвашла ў склад Залатой Арды. У 1270—80-я гады на яе тэрыторыі генуэзцы заснавалі гандлёвую факторыю Кафэ (назва захоўвалася да 1783). У пач. XIV ст. тут узнікла армянская калонія.
У 1475 годзе Кафу захапіла Турцыя, і горад атрымаў назву Кефе (другая назва Малы Стамбул). У XVI—XVII ст. горад — галоўны нявольніцкі рынак у Крыме. У 1616, 1628 і 1667 Кефе займалі запарожскія казакі.
У руска-турэцкую вайну Кафу ўзялі рускія войскі (1771). З 1783 года ў складзе Расіі (зноў названа Феадосіяй), з 1802 павятовы горад Таўрычаскай губерні, у 1892 злучаны з чыгункай Севастопаль—Данбас.
У грамадзянскую вайну Феадосію захоплівалі аўстра-германскія, англа-французскі войскі. У 1920 годзе занята Чырвонай Арміяй.
З 1921 у складзе Крымскай АССР. У 1941—44 акупіравана германскімі войскамі, вызвалена ў выніку Крымскай аперацыі 1944 года. З 1945 пасля скасавання крымскай аўтаноміі ў складзе Крымскай вобласці РСФСР, з 1954 — Украінскай ССР. У 1953—1995 гады горад з’яўляўся адным з цэнтраў Керчанска-Феадасійскай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту, у связі з чым да пачатку 1970-х гадоў меў статус закрытага горада.
З 1991 года ў назалежнай Украіне, у складзе Рэспублікі Крым (1992—1998) і Аўтаномнайй Рэспублікі Крым (з 1998).
З 2014 года кантралюецца Расіяй. 26 снежня 2023 года Узброеныя сілы Украіны нанеслі ракетны ўдар па Феадосіі, атакаваны ў пункце базавання вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск»[3].
Вядомыя асобы
- Гаўрыіл Канстанцінавіч Айвазоўскі (1812—1880) — армянскі святар, навуковы гісторык, лінгвіст і паліглот.
- Іван Канстанцінавіч Айвазоўскі (1817—1900) — рускі мастак-марыніст, калекцыянер, мецэнат.
- Андрэ Барсак (1909—1973) — французскі рэжысёр, тэатральны мастак, драматург.
- Таццяна Казырэнка (нар. 1996) — украінская футбалістка.
Зноскі
- ↑ https://crimea.gks.ru/storage/mediabank/Численность%20на%2001-01-2019(3).pdf
- ↑ Гэты аб’ект размешчаны на тэрыторыі паўвострава Крым і кантралюецца Расіяй. Міжнародная супольнасць не прызнае ўключэнне Крыма ў склад Расіі і лічыць яго анексіяй часткі тэрыторыі Украіны (гл. Рэзалюцыю 68/262 Генеральнай Асамблеі ААН).
- ↑ tass.ru