Славутасць | |
Фарны касцёл | |
---|---|
![]() Фарны касцёл. 1879 | |
Краіна |
![]() |
Месцазнаходжанне | |
Заснавальнік | Жыгімонт Кейстутавіч |
Дата пабудовы | 1419 |
Дата скасавання | 1852 |
Фарны касцёл — колішні фарны (парафіяльны) каталіцкі храм у Слуцку.
Гісторыя
Літаратурныя крыніцы XIX ст. (са спасылкай на народнае паданне) адносілі будаўніцтва да 1419 г. Асвечаны храм быў у 1439 г. віленскім біскупам Мацвеем. Да гэтага ж года адносіцца і прывілей на ўтрыманне першага пробашча, якім стаў той жа канонік Мацвей[1][2]. Пабудавалі храм на сродкі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча. Асвячэнне адбылося ў часы, калі князь слуцкі Аляксандр Алелька за ўдзел у магнацкіх усобіцах быў пазбаўлены волі і знаходзіўся ў вязніцы ў горадзе Кернаве, а край быў аддадзены ў часовае кіраванне сыну Жыгімонта Кейстутавіча князю Міхаілу[3][4][5].
Размяшчаўся касцёл у Старым горадзе на гандлёвай плошчы насупраць замка, у пачатку Востраўскай вуліцы[6]. Пазней, калі плошчу перанеслі ў іншае месца і тут з’явіўся Ніжні замак, гэту частку горада сталі называць «Падзамчышча».
У дакументах XV ст. згадваецца пад імем святога архангела Міхаіла[7].
Падчас татарскіх нападаў, што адбыліся на пачатку XVI ст., храм мог быць пашкоджаны, а потым, хутчэй за ўсё да 1538 г., адрамантаваны. Гэтым можна тлумачыць словы даследчыка Андрэя Сніткі, які на пачатку ХХ ст. пісаў, што слуцкія католікі мелі храм, заснаваны ў першай палове XVI ст. пры князі Юрыі Сямёнавічы Алелькавічы[8]. Хаця іншы аўтар ХІХ ст. адзначаў, што ад заснавання да 1840-х гадоў касцёл уцалеў ад пажараў.
У разгар рэфармацыйнага руху, калі Слуцк ператварыўся ў сапраўдную сталіцу літоўскіх пратэстантаў і ў горадзе значна ўзрасла колькасць прыхільнікаў рэфармацыйных накірункаў, а католікаў засталося мала, касцёл на нейкі час быў ператвораны ў кальвінскі збор[9][10]. Відавочна, што адбылося гэта ў 1650-я гады, у часы кіравання князя Багуслава Радзівіла, калі пад кіраўніцтвам яго стрыечнага брата вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла ішла праца па стварэнні Кейданскай уніі ВКЛ са Швецыяй.
![](../I/S%C5%82ucak%252C_Farskaja._%D0%A1%D0%BB%D1%83%D1%86%D0%B0%D0%BA%252C_%D0%A4%D0%B0%D1%80%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_(1826).jpg.webp)
Пасля паразы прыхільнікаў уніі і перамогі контррэфармацыі пачалася барацьба слуцкіх католікаў за вяртанне касцёла, якая завяршылася паспяхова. З тых часоў у іх з’явілася і доўгі час заставалася папулярнай прымаўка: «Слуцкая фара старэйшая за кальвінскую веру» (польск.: Starsza słucka fara, niż kalwińska wiara)[11][12].
Падчас згаданых пераходаў храма з адных рук у другія маглі адбывацца змяненні яго выгляду і інтэр’ера, верагодна, вяліся і будаўнічыя работы. Нездарма ў некаторых дакументах, што адносяцца да 1660 г., калі ў храме зноў распачаліся каталіцкія набажэнствы, слуцкі касцёл нават згадваецца як новапабудаваны[11] .
![](../I/S%C5%82ucak%252C_Farskaja._%D0%A1%D0%BB%D1%83%D1%86%D0%B0%D0%BA%252C_%D0%A4%D0%B0%D1%80%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_(1909).jpg.webp)
У 1666 г. Казімір Клакоцкі пры касцёле заклаў шпіталь, які знаходзіўся пад апекай брацтва святой Ганны. Гэта быў невялікі дом з каплічкай паблізу Бычка, дзе даглядаліся хворыя і састарэлыя парафіяне. У ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях пры касцёле дзейнічала школа [13].
У 1819 г. мясцовыя католікі шырока адзначылі 400-гадовы юбілей храма. Апошні касцельны рамонт адбыўся ў 1838 г., а ў 1843 г. сюды паставілі новы арган і размясцілі новыя абразы. Дзейнічаў фарны касцёл да 1852 г. У сувязі з тым, што старажытны будынак да таго часу моцна састарэў, набажэнствы ў ім скончыліся, яго закрылі, а пазней разабралі.
Фарная капліца
![](../I/21_Slucak_Kaplica_Fara.jpg.webp)
З матэрыялу, які застаўся, на храмавым пляцы была ўзведзена капліца, якую таксама назвалі фарнай. Гэта была невялікая прамавугольная ў плане пабудова з рысамі стылю класіцызм. Яе ўсходні тарэц за кошт зрэзу вуглоў ператвараўся ў трохгранны, а галоўны заходні меў выгляд чатырохкалоннага порціка з франтонам, над якім узвышаўся купалок з крыжам.
Касцельныя абразы і начынне праз нейкі час былі перанесены ў стаяўшы непадалёк былы бернардзінскі мураваны касцёл, які з таго часу стаў парафіяльным[14][12][2][3].
Старажытнае драўлянае распяцце канца ХV ст. трапіла ў рукі ганаровага суддзі слуцкага павета Эдварда Вайніловіча і на пачатку ХХ ст. было размешчана ў пабудаваным ім у Мінску касцёле святых Сымона і Алены[4].
Драўляная званіца разам з фарнай капліцай прастаялі да пачатку 1930-х гадоў. У сувязі з распачатай у краіне антырэлігійнай кампаніяй іх не стала.
Архітэктура
Пабудаваны з лістоўніцы, храм адносіўся да тыпу пабудоў падоўжнавосевай кампазіцыі: выцягнуты ў даўжыню прамавугольны галоўны аб’ём, завершаны алтарнай апсідай з дзвюма рызніцамі (сакрысціямі) па баках. Усе аб’ёмы былі пакрыты агульным гонтавым дахам. Па баках шчыта галоўнага фасада, які ў XIX ст. упрыгожваў абраз святога Юрыя — пераможцы цмока, меліся дзве чацверыковыя вежкі[15][4]. Несумненна, што яны мелі дэкаратыўны характар і маглі з’явіцца некалі падчас чарговага рамонту або перабудовы. А спачатку касцёл быў, верагодна, бязвежавым.
Па апісаннях XIX ст., у касцёле меліся чатыры алтары: галоўны, з выразанай з дрэва фігурай укрыжаванага Хрыста; з правага боку — алтар святога Мікалая; з левага — святой Ганны, што належаў брацтву святой Ганны; таксама быў яшчэ алтар брацтва святой Марыі Магдаліны.
Будынак абкружаў абшырны пляц, на якім раслі дрэвы і частку якога займаў храмавы некропаль, дзе можна было знайсці пахаванне слуцкага губернатара, заснавальніка слуцкай радзівілаўскай друкарні — Казіміра Клакоцкага (1625—1684).
Асобна стаяла драўляная званіца з двума вялікімі званамі[16]. Гэта было яруснае збудаванне: на магутным квадратным у плане зрубе ніжэйшага яруса ўзвышаўся адкрыты каркасны верхні, пакрыты шатром з гранёным купалком-банькай.
Адным з шанаваных вернікамі старадаўніх рарытэтаў было выкананае з дрэва распяцце Ісуса Хрыста, якое ў ХІХ ст. было прымацавана ў галерэі з боку вуліцы. Выкананне гэтага распяцця прыпісвалася майстрам школы Віта Ствоша, які ў 1477—1489 гг. працаваў у Кракаве[4].
У 1843 г. сюды паставілі новы арган і размясцілі новыя абразы. Вартай увагі славутасцю, што захоўвалася тут, была срэбная скрынка з сэрцам слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла, які памёр у 1760 г. і быў пахаваны ў горадзе Белым (цяпер Бяла Падляска ў Польшчы). Каштоўным рарытэтам, які захоўваўся ў храме і пра значнасць якога ў ХІХ ст. ужо не помнілі, быў трон князёў Алелькавічаў, зроблены візантыйскімі майстрамі са слановай косці. Яго сюды перадаў адзін з апошніх князёў Алелькавічаў Ян-Сімяон. Пазней, хутчэй за ўсё тады, калі драўлянага фарнага касцёла ўжо не было, а былы бернардзінскі яшчэ не быў аддадзены католікам (з-за чаго ў іх узніклі складанасці ў справе захавання касцельнай маёмасці), трон слуцкіх князёў трапіў у прыватныя рукі і пасля некалькіх перапрадаж апынуўся ў Англіі. Цяпер ён захоўваецца ў Лондане ў музеі Вікторыі і Альберта[17].
Зноскі
- ↑ Сведения о древних зданиях и сооружениях в Минской губернии. 1837—1845 гг. Рапорт слуцкого декана Домбровского. НГАБ ф. 295, воп. 1, спр. 609, с. 76.
- 1 2 Гаусман М. А. Исторический очерк г. Слуцка // Минские губернские ведомости. 1878, № 8, с. 117.
- 1 2 Żyskar J. Nasze Kościoły. Archidjecezja Mińska. Warszawa. 1912. Т. 1, s. 322.
- 1 2 3 4 Успаміны Эдварда Вайніловіча // Наша слова. 2006, № 19, с. 4.
- ↑ Ельскі А. Выбранае (Слуцк). Мн., 2004, с. 50.
- ↑ Планы г. Слуцка ХѴІІІ-ХІХ стст. НГАБ ф. 1477, воп. 1, спр. 2877.
- ↑ Мікульскі Ю. Новае да гісторыі князёў Слуцкіх // Беларуская думка. 2014, № 9, с. 87.
- ↑ Снитко А. К. Описание рукописей и старопечатных книг в Слуцком Тройчанском монастыре. СПб., 1911.
- ↑ Блинова Т. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990, с. 56.
- ↑ Блінова Т. З гісторыі Слуцкай езуіцкай калегіі // Беларускі гістарычны часопіс. 1996, № 1, с. 67.
- 1 2 Катлярчук А. У ценю Польшчы і Расеі. 2009 (асобны адбітак з «ARCHE». 2008, № 7-8).
- 1 2 Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Т. 10, Warszawa, 1889. (Sluck)
- ↑ Грыцкевіч А. П. Рэгіянальная культура Случчыны ў ХѴІ-ХѴІІІ стст. // Беларусіка. Т. 3. Мн., 1994, с. 23-31.
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. Мн., 1879.
- ↑ Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 2: Другая палова XVI - канец XVIII стагоддзя / [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Я. М. Сахута] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1988. — 383 с. : іл. ISBN 5-343-00342-7
- ↑ B.J.K. Wspomnienia o Slucku. Gniezno, 1905, s. 30-33.
- ↑ Грицкевич А. П. Древний город на Случи. Мн., 1985, с. 119.
Спасылкі
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Фарны касцёл