У краіне райскай птушкі | |
---|---|
У краіне райскай птушкі | |
Жанр | аповесць |
Аўтар | Янка Маўр |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 1926 |
Электронная версія | |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
У краіне райскай птушкі — прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра, асноўныя падзеі якой разгортваюцца на востраве Новая Гвінея. Аповесць пабудавана на сацыяльным канфлікце, на прамалёўцы двух варагуючых сіл — прыгнечаных папуасаў і гаспадароў-каланізатараў. У аповесці «У краіне райскай птушкі» вызначыліся асноўныя асаблівасці мастацкай манеры Я. Маўра — прыгодніка, які здолеў увабраць у сябе энергію, характар і традыцыі заходняй прыгодніцкай класікі.
У аповесці пераплецены адразу тры сюжэтных лініі:
- кітайца Чунг-Лі і яго англійскіх прыгнятальнікаў-плантатараў;
- папуаса-місіянера Саку;
- Хунь-Чжы — брата Чунг-Лі і папуаса Качу.
Першая лінія ў пакручастай фабуле аповесці галоўная, другая ў найбольшай меры адлюстроўвае ідэйныя пошукі аўтара.
Сюжэт
На паўднёва-ўсходнім беразе вострава Новая Гвінея размясціліся брытанскія факторыі, дзе на прылеглых плантацыях у неверагодна складаных умовах збіраюць гумавы сок з каўчукавых дрэў наёмныя жаўтаскурыя ды чарнаскурыя рабочыя. На плантацыі, дзе працке Чунг-Лі — галоўны герой аповесці — каланіяльную адміністрацыю прадстаўляюць англічане: чапурысты містэр Скот і жорскі містэр Брук, да белых «гаспадароў» адносіцца і хітры грэк Кандаракі.
Завязкаю аповесці служыць канфлікт Чунг-Лі з Брукам: кітаец у парыве адчаю разбівае збан з гумай аб галаву англічаніна і ўцякае. Год бадзянняў па неабсяжным востраве прывёў Чунг-Лі да адкрыцця ў гарах россыпаў самароднага золата. Узяўшы некалькі кавалкаў каштоўнага металу, Чунг-Лі вярнуўся на платнацыю, каб вызваліць свайго брата Хунь-Чжы і ўцячы з ім на радзіму. Аднак яго сустракае навіна, што Хунь-Чжы ўцёк чатыры дні таму з папуасам Качу. Яшчэ горшай становіцца справа Чунг-Лі, калі яго заўважае малаец-наглядчык Файлу. Чунг-Лі хапаюць і містэр Брук ужо задаволена марыць сваю помсту, але пры палонніку знаходзіцца золата і, па парадзе Кандаракі, Чунг-Лі абяцаюць жыццё і свабоду, калі ён правядзе белых да россыпаў каштоўнага металу. Чунг-Лі згаджаецца.
Паколькі золата знойдзена ў гарах цэнтральнай часткі вострава, а іншых шляхоў, акрамя водных, у цэнтральныя раёны Новай Гвінеі не існавала ні ў 1919, ні ў 2019, удзельнікі экспедыцыі едуць на маторным катэры па рацэ Флай. На станцыі Доэр у вусці ракі Флай да 14 удзельнікаў экспедыцыі далучаецца папуас-місіянер Саку. Пакуль Флай — другая па велічыні рака Новай Гвінеі — шырокая і шматводная, катэр шпарка прасоўваецца ўверх па цячэнні, не сустракаючы ніякіх перашкод. Толькі конь (неверагодная жывёліна для лясоў вострава!) з адным-двума наезнікамі, што час ад часу мільгае на беразе, крыху непакоіць англічан. У месцы зліцяя Флай і Стрыклэнда катэр пакідае Саку — ён ідзе несці імя Хрыста ў племя Какаду, што калісьці паланіла ягоную маці. Мапу, правадыр Какаду, прыязна сустракае місіянера, вырашыўшы скарыстаць яго кантакты з богам белых для перамогі над варожым племем Муку.
Тым часам, два папуасы з племя Какаду бяруць у палон Брука, што захапіўся паляваннем на кенгураня. Такі смачны англічанін, безумоўна, мусіць быць з’едзены. Аднак Саку дапамагае Бруку вызваліцца, а калі пагоня заспявае яго ва ўцёках, на дапамогу Бруку паспявае карны атрад з катэра. Белыя не здавальняюцца вызваленнем Брука, яны праводзяць паказальную карную аперацыю, у ход ідуць нават бомбы. Атрад вяртаецца на катэр і экспедыцыя працягваецца.
Дайшоўшы як мага вышэй па цячэнні, Скот пакідае катэр з Брукам і трыма салдатамі аховы, і экспедыцыя ідзе пехатою. Пачынаецца горная частка маршруту, цяпер дарогу ведае адзін Чунг-Лі. На адной з галавакружных сцежак Чунг-Лі кідаецца ў прорву і імітуе сваю смерць. На самой жа справе ён, чапляючыся за хмызы, дапаўзае да каменнай паветкі. Яго манеўр разгадвае малаец Файлу і кідаецца за сваім ворагам. Адбываецца бойка, падчас якой Чунг-Лі дапамагаюць Хунь-Чжы і Качу, што прыехалі сюды на кані і даўно чакалі пад паветкай, згодна з планам Чунг-Лі. Акрыленыя поспехам кітайцы і папуас дражняць белых, а тыя кідаюцца за імі і неўзабаве адшукваюць іх у даліне, поўнай рассыпных самародкаў. Чунг-Лі з сябрамі хаваюцца за струменем вадаспада, а Скот, Кандаракі і сіпаі, замест таго каб дабіць ворагаў, запальваюцца прагай золата і пачынаюць пхаць самародкі ў кішэні. Развярзаецца трапічная ўлева і мклівая паводка змывае ўсіх, акрамя кітайцаў і папуаса пад вадаспадам.
Выжыўшыя рэшткі экспедыцыі вяртаюцца да месца, дзе, на іх думку, іх чакае катэр. Але катэр даўно захоплены папуасамі, дзякуючы палкаводніцкаму таленту Саку, што, адрынуўшы хрысціянскага Бога, стаў важаком аб’яднанага племя Какаду-Муку. Саку вырашае пакараць толькі Скота (папуасы былі б не супраць з’есці ўсіх палонных), але ганарлівы брытанец паспявае пусціць сабе кулю ў лоб. Чунг-Лі і Хунь-Чжы прабіраюцца ў галандскую частку вострава, а адтуль вяртаюцца ў Кітай, дзе набываюць зямельны надзел, але неўзабаве ідуць у кітайскую чырвоную армію змагацца за шчасце ўсіх працоўных.