Утрэхцкі мірны дагавор — дагавор, які паклаў канец Вайне за іспанскую спадчыну. Мірны дагавор складаўся з пагадненняў, падпісаных ва Утрэхце ў красавіку і ліпені 1713 года паміж Францыяй і Іспаніяй з аднаго боку і Вялікабрытаніяй, Галандскай рэспублікай, Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Партугаліяй і Савояй з іншага. У сакавіку 1714 года ў дадатак да Утрэхцкага быў падпісаны Раштацкі мір, а ў верасні 1714 года — Бадэнскі дагавор.
Прычыны
Вайна за іспанскую спадчыну пачалася ў 1701 пасля смерці апошняга іспанскага караля з дынастыі Габсбургаў, Карла II. Свяшчэнная Рымская імперыя прад'явіла прэтэнзіі на іспанскі трон. Францыя пачала больш агрэсіўна пашыраць свае тэрыторыі. Незадаволеныя еўрапейскія дзяржавы (галоўным чынам Англія і Галандская рэспубліка) выступілі на боку Свяшчэннай Рымскай імперыі, каб перашкодзіць узмацненню Францыі. Іншыя дзяржавы далучыліся да саюза супраць Францыі і Іспаніі, каб паспрабаваць займець новыя тэрыторыі або ж абараніць уласныя. Вайна доўжылася больш за дзесяцігоддзе. Папярэднія ўмовы міру былі складзены ў Лондане ў кастрычніку 1711 года. У наступным годзе ва Утрэхце адкрыўся кангрэс, на якім удзел у перамовах аб міры прымалі, акрамя англійскіх і французскіх міністраў, упаўнаважаныя ад Галандыі, Іспаніі, Савоі і Партугаліі. У 1713 ваюючыя бакі ратыфікавалі мірны дагавор.
Умовы
Іспанія
Філіп V з дынастыі Бурбонаў адрокся ад усіх правоў на французскі прастол і быў прызнаны каралём Іспаніі і яе калоній, з умовай, што кароль іспанскі ніколі не будзе адначасова каралём французскім. Іспанія павінна была саступіць Аўстрыі Неапалітанскае каралеўства, Сардзінію, частку Тасканы, Міланскае герцагства і Іспанскія Нідэрланды; Англіі — Гібралтар і востраў Мінорка; Савоі — Сіцылію.
Францыя
Францыя саступіла Габсбургам малаважныя тэрыторыі ў Нідэрландах, вывела свае войскі з Латарынгіі і саступіла некаторыя землі на поўдні герцагу Савойскаму. У Амерыцы ёй прыйшлося аддаць англічанам калоніі вакол Гудзонава заліва, Зямлю Руперта, Ньюфаўндленд, Акадыю і сваю частку вострава Сент-Кітс.
Аўстрыя
Аўстрыя атрымала ад Іспаніі Неапалітанскае каралеўства, Сардзінію, частку Тасканы, Міланскае герцагства і іспанскія Нідэрланды; яна таксама атрымала Мантую пасля спынення там у 1708 г. прафранцузскай Ганзага-Неверскай дынастыі.
Вялікабрытанія
Англія атрымала Гібралтар і востраў Мінорка, частку французскіх калоній у Амерыцы. Яна таксама набыла «асьента» — выключнае права гандлю неграмі (Роберт Харлі перадасць яго кампаніі Паўднёвых мораў разам з дзяржаўнымі пазыковымі абавязаннямі).
Савоя
Савоя атрымала Сіцылію, Манферат і заходнюю частку герцагства Міланскага.
Галандская рэспубліка
Галандыя атрымала права ўтрымліваць гарнізоны ў крэпасцях Менене, Намюры, Турнэ, Іпры і інш.
Гл. таксама
- Вайна за французскую спадчыну
- Бар'ерны дагавор
Літаратура
- Утрэхцкі мір 1713 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. С. 286.