Усяжа | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 45 км |
Басейн | 473 км² |
Расход вады | 3,2 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | вадасховішча Астрашыцкі Гарадок |
• Месцазнаходжанне | аграгарадок Астрашыцкі Гарадок |
• Каардынаты | 54°04′00,18″ пн. ш. 27°41′30,98″ у. д. |
Вусце | рака Гайна |
• Месцазнаходжанне | за 3 км ад вёскі Юр’ева |
• Каардынаты | 54°11′26,22″ пн. ш. 28°07′28,2″ у. д. |
Ухіл ракі | 1,1 м/км |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Гайна → Бярэзіна → Дняпро → Чорнае мора |
|
|
Краіна | |
Рэгіён | Мінская вобласць |
Раёны | Мінскі раён, Смалявіцкі раён |
|
|
выток вусце |
|
— выток, — вусце |
Уся́жа — рака ў Мінскім і Смалявіцкім раёнах Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Гайна (басейн Дняпра).
Даўжыня 45 км. Плошча вадазбору 473 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці даходзіць да 3,2 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні складае 1,1 м/км.
Назва
Назва Усяжа балцкага паходжання.
Корань Us- таксама ў гідронімах Уса (два прытокі Нёмана, адзін прыток Бярэзіны), Усія (прыток Угры), Усая.
У больш пашыраным выглядзе аснова Us-ṷ- (> Усв-) у назвах рэк Усвятка (у верхнім цячэнні Дняпра), Усвяж (прыток бярэзінскай Гайны), возера Усвят (на Задзвінні).
Корань Us- звязваюць з індаеўрапейскім *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[1][2]. Роднасны яму корань Uš- у назвах рэк Уша (прытокі Бярэзіны, Віліі, Нёмана), Ушача.
Водныя назвы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні.
У назве Усяжа корань Us- пашыраны балцкім пашыральнікам -ing-, як у назве Аражня / Аряжня (< Ar-ing-in-)[3].
Гідранімічны фармант -ng- таксама ў такіх балцкіх гідронімах, як літ. Alanga, Babrungas, Stabingis, пруск. Balyngen. Ён шырока выкарыстоўваўся ва ўтварэнні прыметнікаў у літоўскай, латышскай, старапрускай мовах[4].
Назва Усяжа значыць «Блішчастая (рака)».
Асноўныя прытокі
На рацэ
- Вадасховішчы: Дубраўскае.
- Населеныя пункты: Астрашыцкі Гарадок, Аношкі, Рудня, Усяжа, Мглё, Прудзішча, Юр’ева і інш[6].
Агульныя звесткі
Пачынаецца з вадасховішча Астрашыцкі Гарадок (Астрашыцкае[6]) у Мінскім раёне (да 1978 года вытокам лічылася рака Вяснянка), вусце за 3 км на паўночны ўсход ад аграгарадка Юр’ева Смалявіцкага раёна. Цячэ ў вярхоўі па паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша, у нізоўі па Верхнебярэзінскай нізіне.
Даліна ў высокай і сярэдняй плыні трапэцападобная (шырыня 0,5—2 км), у нізкай невыразная. Абалона ў высокай і сярэдняй плыні высокая, лугавая, месцамі пад ворывам (шырыня 0,2—1 км), у нізкай амаль поўнасцю асушаная, тарфяністая (шырыня ад 1,5 км да 5 км).
Рэчышча ад вёскі Прылепы Смалявіцкага раёна на працягу 6,1 км дадолу па плыні каналізаванае, на астатнім працягу ўмерана звілістае; шырыня яго 4—7 м, у нізоўі (шырыня 10—25 м) мэандруе. Берагі стромкія (вышыня 1,5—2 м), месцамі абрывістыя (вышыня 3—5 м). У сярэдняй і нізкай плыні рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
У басейне ракі возера Малое.
Заўвагі
- ↑ Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 199.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 105—121.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 231. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
- 1 2 Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 18—19. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)
Літаратура
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 282. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Минская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2009. — С. 18—19. — 60 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-985-508-174-7. (руск.)