Фрагмент устаўнай граматы маёнтка Сар’я Дрысенскага павета Віцебскай губерні, вёскі Крэўнікі і Абухава, 1862 год.

Уста́ўныя гра́маты (руск.: уставные грамоты), таксама ўста́ўныя гра́маты паме́шчыка і сяля́н (руск.: уставные грамоты помещика и крестьян) — акты, якія вызначалі адносіны часоваабавязных сялян з памешчыкам паводле «Палажэнняў» аб адмене прыгоннага права 1861 года ў Расійскай імперыі. Акты вызначалі памеры сялянскага парэформеннага надзелу і павіннасцей за карыстанне ім, а таксама фіксавалі звесткі аб дарэформенным надзеле, развярстанні зямельных угоддзяў, перанясенні сялянскіх сядзіб, тэрмінах пераходу сялян з паншчыны на аброк і інш. Складаліся памешчыкам, зацвярджаліся і ўводзіліся ў дзеянне міравым пасрэднікам. Устаўныя граматы планавалася ўвесці на працягу 2 гадоў[1].

На Беларусі пры ўвядзенні ўстаўных грамат памешчыкі захапілі значную частку сялянскіх надзелаў. Так, у Магілёўскай губерні плошча надзельнай зямлі згодна з устаўнымі граматамі, якія ахоплівалі 60,4 % рэвізскіх душ былых панскіх сялян, супроць велічыні надзельнага землекарыстання напярэдадні сялянскай рэформы 1861 года паменшылася на 12,7 %, у Гродзенскай — на 9,8 %. Увядзенне ўстаўных грамат выклікала пратэсты і хваляванні сялян. Сярод сялян было масава распаўсюджана меркаванне, што праз два гады, разлічаныя для ўвядзення ўстаўных грамат, уся зямля пяройдзе ў іх рукі, а паншчына і аброк будуць скасаваны. Пры гэтым, на думку сялян, тыя хто падпіша ўстаўную грамату, страцяць магчымасць атрымаць сапраўдную свабоду. Чуткі былі вельмі распаўсюджаны, таму імператар Аляксандр II быў вымушаны выдаць дадатковую заяву аб тым, «што ніякай іншай волі не будзе, акрамя той, якая дадзена, і таму сяляне мусяць выконваць тое, што патрабуюць ад іх агульныя законы „Палажэння 19 лютага“»[2]. Аднак чуткі і хваляванні не спыніліся. У 1862 годзе на Беларусі пратэстамі супраць устаўных грамат былі абумоўлены 78 (51,1 %) сялянскіх выступленняў. На 1 студзеня 1863 года ў 5 заходніх губернях Расійскай імперыі сяляне не падпісалі 3127 (78,5 %) устаўных грамат. Праз паўстанне 1863—1864 гадоў увядзенне ўстаўных грамат на Беларусі і Літве працягвалася даўжэй, чым у іншых рэгіёнах еўрапейскай часткі Расійскай імперыі, і было скончана ў сярэдзіне 1864 года[1].

Крыніцы

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.