Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
скарочана — Саўмін РБ, СМ РБ | |
| |
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Юрысдыкцыя | Беларусь |
Папярэдняе ведамства | Савет міністраў БССР |
Штаб-кватэра |
220010, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Савецкая, 11 (Дом Урада) 53°46′02″ пн. ш. 27°41′02″ у. д. |
Прэм'ер-міністр | Раман Галоўчанка |
Першы намеснік | Мікалай Снапкоў |
Намеснікі | Анатоль Сівак, Ігар Петрышэнка, Юрый Назараў, Леанід Заяц |
Сайт | government.gov.by |
Палітыка |
Беларусь |
Артыкул — частка серыі: |
Адміністрацыйная сістэма Выбары
|
Саве́т Міні́страў Рэспу́блікі Белару́сь — найвышэйшы орган выканаўчай улады, які ажыццяўляе кіраўніцтва сістэмай падпарадкаваных яму рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і іншых дзяржаўных устаноў, а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у Беларусі. Савет Міністраў — Урад Рэспублікі Беларусь.
Да прыняцця зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года, Урад Рэспублікі Беларусь афіцыйна называўся Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Старшынёй Савета Міністраў з’яўляецца Прэм’ер-міністр. З 1994 года ён прызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, з 1996 года — са згоды ніжняй палаты Парламента Рэспублікі Беларусь.
Савет Міністраў Беларусі ў сваёй дзейнасці падсправаздачны Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і адказны перад Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь.
Урад складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Намеснікамі Прэм’ер-міністра з’яўляюцца першы намеснік прэм’ер-міністра і намеснікі прэм’ер-міністра[1].
Склад
У склад Савета Міністраў Беларусі ўваходзяць[1]:
- Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь,
- намеснікі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь,
- кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
- старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь,
- міністры,
- старшыні дзяржаўных камітэтаў,
- кіраўнік Апарата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь,
- старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
- старшыня Праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў,
- іншыя службовыя асобы па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Дзейнасць
Савет Міністраў:
- кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады, у ліку якіх[2]:
- дзяржаўныя адміністрацыйныя органы
- міністэрствы
- дзяржаўныя камітэты
- канцэрны («Белдзяржхарчпрам», «Беллегпрам», «Беллеспаперапрам», «Белнафтахім»)
- арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду (Беларускі рэспубліканскі саюз спажывецкіх таварыстваў)
- распрацоўвае асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі;
- распрацоўвае і прадстаўляе Прэзідэнту для ўнясення ў Парламент праект рэспубліканскага бюджэту і справаздачу аб яго выкананні;
- забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы;
- прымае меры па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю;
- выступае ад імя ўласніка ў дачыненні да маёмасці, якая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь, арганізуе кіраванне дзяржаўнай уласнасцю;
- забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта;
- адмяняе акты міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання;
- ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта.
Урад Рэспублікі Беларусь выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Прэм’ер-міністр выдае ў межах сваёй кампетэнцыі распараджэнні.
Адстаўка Урада
Урад або любы член Урада маюць права заявіць Прэзідэнту аб сваёй адстаўцы, калі лічаць немагчымым далейшае ажыццяўленне ўскладзеных на іх абавязкаў. Урад заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы ў выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду.
Прэм’ер-міністр можа паставіць перад Палатай прадстаўнікоў пытанне аб даверы Ураду па прадстаўленай праграме або з канкрэтнай нагоды. Калі Палата прадстаўнікоў у даверы адмаўляе, Прэзідэнт мае права ў дзесяцідзённы тэрмін прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада або аб роспуску Палаты прадстаўнікоў і назначэнні новых выбараў. Пры адхіленні адстаўкі Урад прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы. Прэзідэнт мае права па ўласнай ініцыятыве прыняць рашэнне аб адстаўцы Урада і вызваліць ад пасады любога члена Урада.
У выпадку адстаўкі або складання паўнамоцтваў Урад Рэспублікі Беларусь па даручэнню Прэзідэнта прадаўжае ажыццяўляць свае паўнамоцтвы да сфарміравання новага Урада.
Цяперашні склад
Прэзідыум Савета Міністраў
Для аператыўнага вырашэння пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, створаны Прэзідыум Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
У склад Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі ўваходзяць[1]:
- Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь
- намеснікі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь
- кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
- Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь
- Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь
- Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь
- Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь
- Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь
Цяперашні склад Прэзідыума Савета Міністраў
Пасада | Кіраўнік |
---|---|
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь | Раман Галоўчанка |
Першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь | Мікалай Снапкоў |
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь | Уладзімір Кухараў |
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь | Ігар Петрышэнка |
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь | Леанід Заяц |
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь | Юрый Назараў |
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь | вакансія |
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь | Іван Тэртэль |
Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь | Павел Калаур |
Міністр эканомікі Рэспублікі Беларусь | Юрый Чабатар |
Міністр фінансаў Рэспублікі Беларусь | Юрый Селіверстаў |
Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь | Сяргей Алейнік |
Гл. таксама
Заўвагі
- 1 2 3 Закон Республики Беларусь 23 июля 2008 г. № 424-З «О Совете Министров Республики Беларусь» (руск.). Национальный правовой интернет-портал Республики Беларусь. Праверана 4 верасня 2010.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь. БелТА. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2012. Праверана 9 верасня 2012.
Літаратура
- Пляхимович И. И. Комментарий к Конституции Республики Беларусь: в 2 т. — Минск: Амалфея, 2015. — Т. 2. — 984 с.
Спасылкі
- Афіцыйная старонка Архівавана 8 сакавіка 2011.
- Міністэрствы ў Мінску Архівавана 27 жніўня 2012.