Урад БНР — вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР).
Першым Урадам БНР стаў Народны сакратарыят на чале з Я. Варонкам. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 і прыступіў да выканання абавязкаў 21 лютага. У яго складзе было 12 чалавек[1], у тым ліку: Я. Варонка, П. Бадунова, Г. Белкінд, Я. Бялевіч, К. Езавітаў, Л. Заяц, П. Злобін, А. Карач, П. Крачэўскі, І. Макрэеў, І. Серада, А. Смоліч. 23 лютага ва Урад БНР былі ўведзеныя В. Рэдзька (народны сакратар шляхоў) і Т. Грыб (народны сакратар земляробства).[2] Такім чынам, кабінет налічваў 14 асоб. Аднак у інфармацыйным лістку ад 9 мая 1918, што распаўсюджваўся Урадам БНР, сцвярджаецца, што народных сакратароў было 15 (пятнаццатым быў М. Гутман). Аснову першага Ураду БНР складалі сацыялісты.
Пачынаючы з 25 сакавіка, Урад БНР перажываў перманентны крызіс. Першым Раду і Народны сакратарыят пакінуў земец Павел Злобін. Паводле стану на 19 красавіка 1918 з Народнага сакратарыяту выйшлі яшчэ тры народныя сакратары: фінансаў — Г. Белкінд, унутраных спраў — І. Макрэеў, шляхоў — В. Рэдзька.[3]
12 красавіка ў склад Рады БНР была кааптавана першая група прадстаўнікоў цэнтрысцкіх і правых колаў беларускага грамадства. Гэта было звязана з намерам дзеячаў БНР утварыць у блізкай перспектыве кааліцыйны (правацэнтрысцкі) урад, да якога, паводле іх логікі, кайзераўская Германія, якая ў той час акупавала Беларусь мела б большы давер і што, мажліва, прывяло б да прызнання незалежнасці БНР.
Новыя страты Рада і Народны сакратарыят зазналі пасля таго, як пад ціскам правацэнтрыстаў была накіравана тэлеграма кайзеру Вільгельму II. З Сакратарыяту выйшлі сіяніст-сацыяліст Л. Гутман, Я. Бялевіч (народны сакратар юстыцыі). На паседжанні Рады 1 мая аб выхадзе з Ураду заявілі Палута Бадунова (народны сакратар апекі) і Тамаш Грыб (народны сакратар земляробства).[4]
Першы кабінет БНР існаваў да 14 мая 1918,[5] калі Рада БНР даручыла Р. Скірмунту ўтварэнне другога Ураду. У той самы дзень быў створаны кааліцыйны Прэзідыум Рады БНР на чале з новым старшынёй Рады — Я. Лёсікам.
З 14 мая да 9 ліпеня 1918 першы Народны сакратарыят існаваў як пераходны Урад БНР да ўтварэння новага кабінету. Пасля адставак дзевяці народных сакратароў першы склад Народнага Сакратарыяту сталі называць «Радаю пяцёх». У яе ў маі 1918 уваходзілі: Старшыня Народнага сакратарыяту, народны сакратар міжнародных і ўнутраных спраў Я. Варонка, народны сакратар асветы і нацыянальных спраў А. Смоліч, народны сакратар юстыцыі і кіраўнік спраў Народнага сакратарыяту Л. Заяц, народны сакратар фінансаў і харчавання П. Крачэўскі, народны сакратар народнай гаспадаркі і земляробства І. Серада. Да 9 ліпеня канфігурацыя «Рады пяцёх» змянілася: з яе выйшаў А. Смоліч, а пасаду народнага сакратара асветы заняў К. Езавітаў.
9 ліпеня 1918 быў зацверджаны асабовы склад другога Ураду БНР пад кіраўніцтвам Р. Скірмунта.[5] У склад новага кабінету ўвайшлі: Р. Скірмунт — Старшыня Сакратарыяту і сакратар міжнародных спраў, К. Кандратовіч — сакратар унутраніх спраў, С. Хржантоўскі — сакратар фінансаў, Р. Астроўскі — сакратар асветы і П. Аляксюк — загадчык справамі. Легітымнасць новага Народнага сакратарыяту не прызнаваў, аднак, Я. Варонка і шэраг яго паплечнікаў. 20 ліпеня 1918 Р. Скірмунт пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.
22 ліпеня 1918 быў сфарміраваны трэці Урад БНР на чале з І. Серадой.
У лістападзе 1918 быў утвораны чацвёрты Урад БНР — Рада народных міністраў — на чале з А. Луцкевічам. Рада народных міністраў БНР створана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі ў адпаведнасці з Часовай Канстытуцыяй БНР (прынята 11 кастрычніка 1918) замест Народнага сакратарыята Беларусі. Называлася таксама Радай Міністраў БНР. У склад 1-й Рады народных міністраў уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП): А. Луцкевіч (старшыня і міністр замежных спраў), Я. Варонка (міністр унутр. спраў), В. Захарка (нам. старшыні да верасня 1919, міністр фінансаў), Л. Заяц (дзяржаўны кантралёр), А. Ладноў (міністр ваенных спраў), А. Смоліч (міністр асветы), А. Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пасля таго як Я. Варонка ўзначаліў Міністэрства беларускіх спраў Літоўскай Рэспублікі, на яго месца быў прызначаны К. Цярэшчанка. 13.12.1919 Рада БНР раскалолася на Найвышэйшую Раду БНР і Народную Раду БНР. Найвышэйшая Рада зацвердзіла паўнамоцтвы А. Луцкевіча. У склад кабінета ўваходзілі сацыял-дэмакраты А. Смоліч і К. Цярэшчанка. У сувязі з перашкодамі, якія чынілі дзейнасці ўрада польскія акупацыйныя ўлады, 28 лютага 1920 Луцкевіч пакінуў пасаду старшыні Рады народных міністраў і выехаў у Вільню. Больш свой урад Найвышэйшая Рада не фарміравала.
13 снежня 1919 ў выніку расколу ў Радзе БНР, учыненага эсэрамі і эсэфамі створаны пяты (паралельны) Урад БНР на чале з В. Ластоўскім. Пасля адстаўкі А. Луцкевіча кабінет Ластоўскага застаўся адзіным Урадам БНР. У склад гэтага кабінета ўваходзілі прадстаўнікі БПС-Р і БПС-Ф: В. Ластоўскі (старшыня), Я. Бялевіч (міністр фінансаў), Т. Грыб (міністр унутраных спраў), К. Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), А. Ладноў (міністр замежных спраў), Л. Заяц (дзярж. кантралёр), А. Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). Праз 3 дні пасля стварэння ўрада яго старшыня В. Ластоўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі на 2 месяцы. Пасля вызвалення з турмы Ластоўскі, члены яго кабінета, а таксама Прэзідыума Народнай Рады П. Бадунова і Я. Мамонька, выехалі ў Рыгу. Туды ж пераехалі старшыня Народнай Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка, якія вымушаны былі ў студзені 1920 пакінуць Беларусь і жыць у Германіі. У верасні 1920 міністрам фінансаў замест Бялевіча стаў А. Вальковіч. Пазней міністрам замежных спраў замест Ладнова прызначаны Цвікевіч. У сувязі з заключэннем паміж Латвіяй і РСФСР мірнага дагавора латвійскі ўрад не мог даваць прытулак ураду БНР. У лістападзе 1920 Рада народных міністраў БНР пераехала ў сталіцу Літвы Коўна (Каўнас). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921) Рада народных міністраў была прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады ў Беларусі. 20 мая 1922 пачаўся ўрадавы крызіс у сувязі з тым, што на Генуэзскай канферэнцыі 1922 па эканамічных і фінансавых пытаннях В. Ластоўскі і А. Цвікевіч прызналі права Літоўскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край.
Пасля працяглага крызісу 11 кастрычніка 1922 замест Рады міністраў была ўтворана Дзяржаўная калегія на чале з П. Крачэўскім (шосты Урад БНР). 20 красавіка 1923 В. Ластоўскі і К. Дуж-Душэўскі выйшлі з гэтага органа, і меў месца ўрадавы крызіс. 23 жніўня 1923 сфарміраваны сёмы ўрад БНР. У новую Раду народных міністраў БНР увайшлі А. Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я. Варонка (міністр асветы, неўзабаве выехаў у ЗША), В. Захарка (в.а. міністра фінансаў), Л. Заяц (дзяржаўны кантралёр) і У. Пракулевіч (дзяржаўны пісар). Аднак гэты кабінет не лічыцца паўнамоцным, паколькі ў пратаколе аб'яднанага сходу Прэзідыума Рады БНР і ўрада адсутнічаюць подпісы членаў Прэзідыума П. Бадуновай, Я. Мамонькі і Н. Козіча. Рада народных міністраў была сфарміравана не пастановай Прэзідыума Рады БНР, яе склад прыняты «да ведама». У сувязі з пагаршэннем адносін паміж беларускай палітычнай эміграцыяй і ўрадам Літвы 11 лістапада 1923 Прэзідыум Рады БНР і ўрад пераехалі ў Прагу.
Паражэнне партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, які падтрымлівалі ўрады В. Ластоўскага і А. Цвікевіча, з аднаго боку, пэўныя поспехі новай эканамічнай палітыкі, беларусізацыі і ўзбуйненне БССР, з другога, нарадзілі ў асяроддзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Цвікевіч выношваў ідэю стварэння альтэрнатыўнага Радзе БНР цэнтра эміграцыі. Пра яго планы стала вядома ў Менску. Кіраўніцва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць паліт. эміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўрада БНР. Дзеля гэтага была запланавана Другая Усебеларуская канферэнцыя ў Берліне. Перад канферэнцыяй Рада народных міністраў абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць». Такім чынам, сёмы Урад БНР 15 кастрычніка 1925 самараспусціўся, а Цвікевіч і яго аднадумцы прызналі Менск цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. Аднак П. Крачэўскі і В. Захарка не прызналі правамоцнымі гэтыя акты. Пасля канферэнцыі ў Берліне старшынёй Рада народных міністраў БНР стаў Захарка. У 1928-43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. 3 сакавіка 1943 да сакавіка 1946 старшынёй Рады БНР і Рады народных міністраў быў М. Абрамчык. 3 21 чэрвеня 1948 Рада народных міністраў БНР не фарміравалася.
Восьмы Урад БНР быў створаны ўжо пасля Другой сусветнай вайны.
Зноскі
Літаратура
- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т.1., у 2-х кн. / Уклад. С. Шупа. – Вільня; Нью-Ёрк; Менск; Прага. 1998.
- Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
- Сідарэвіч, А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта / А. Сідарэвіч // ARCHE Пачатак. — 2008. — №4.
- Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
- Цвикевич, А. Беларусь: политический очерк (перевод с белорусского) / А. Цвикевич. — Берлин : Издание Чрезвычайной дипломатической миссии БНР, 1919. — 33 с.