Уладзіслаў Паўлюкоўскі | |
---|---|
Род дзейнасці | мастак, перакладчык, пісьменнік, паэт |
Дата нараджэння | 1 (13) мая 1895 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 8 верасня 1955 (60 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і прэміі |
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Творы ў Вікікрыніцах |
Уладзіслаў Міхайлавіч Паўлюкоўскі, больш вядомы пад псеўданімам Улад-Ініцкі (1 (13) мая 1895, в. Ініца, Наваградскі павет — 8 верасня (ці 8 лістапада) 1955, Вільня) — беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак, ваенны фатограф.
Біяграфія
Паходзіў з мнагадзетнай сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую школу ў Стоўбцах і гарадскую школу ў Навагрудку. Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Вучыўся ў Харкаўскім мастацкім вучылішчы[1].
У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску ў чыне прапаршчыка, палкавы пісар у штабе 530-га Васіль-Сураўскага палка, баявыя дзеянні якога канцэнтраваліся пераважна на Віленшчыне. Падпаручнік (ЗАФ ад 8 чэрвеня 1917, старшынства 21 верасня 1916). Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны[2]. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914—1917 гг.», які зараз захоўваецца ў ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных[1].
У 1920 годзе вярнуўся ў родную вёску Ініца. У сярэдзіне 1920-х пераехаў у Вільню (Заходняя Беларусь у складзе Польшчы). Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У 1926 годзе за актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках. Дзякуючы апеляцыйнаму суду вызваліўся ў 1927 годзе[1]. Ізноў арыштаваны польскімі ўладамі ў 1939 годзе, змешчаны ў канцлагер Бяроза-Картузскі. Вызваліўся ў верасні 1939 года ў выніку прыхода савецкіх войск. Пакінуў успаміны пра знаходжанне ў лагеры «Арышты; Бяроза і Воля».
Вярнуўся ў Вільню. З ліпеня 1941 года загадчык бібліятэкі і сакратар Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, сябра навуковай рады музея. Па ліквідацыі музея ў лістападзе 1944 года, быў прызначаны дырэктарам зноў утворанага Літаратурнага музея А. Пушкіна ў Вільні (1946—1948).
29 жніўня 1948 года арыштаваны савецкімі органамі бяспекі, перавезены ў Мінск. Асуджаны да 10 гадоў лагераў. Вызвалены ў 1953 годзе. Вярнуўся ў Вільню паралізаваным і невылечна хворым. Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса[1].
Творчасць
Пачаў друкавацца з 1926 года. У другой палове 1920–х гадоў яго вершы, артыкулы, замалёўкі, апавяданні друкуюцца ў газетах і часопісах «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень», «Хрысьціянская Думка», «Сцяг Працы», «Сялянская ніва», «Пралескі», «Наша праўда», «Народная справа», «Грамадзянін», «Заранка».
На працягу 1928—1929 гадоў выдаў тры кнігі (частка з іх прысвечана вязніцы: вершы «Лукішкі», «Дзень у адзіночцы», «У вастрозе», «Відзежа ў вастрозе»).
Перакладаў расійскіх класікаў (Леў Талстой, Міхаіл Зошчанка).
Як мастак–графік удзельнічаў у выданні віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, розных дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.
Карыстаўся псеўданімамі: У-Ініцкі; Улад. Ініцкі; У. І. Ніцкі; Улад-Ініцкі; Унучак; Унучакаў Зямляк; У. Паў-скі; Ул. Паў-скі; крыптанімамі: У. І.; У.-І.; Ў. П.
Бібліяграфія
- Сон Гаўрылы: і розныя вершы. – Вільня : Выдавецтва У. Знамяроўскага, 1928. – 32 с.
- Апавяданні. Вільня, 1929
- Клім бабаю і іншыя жарты: Вершы. - Вільня : Выдавецтва У. Знамяроўскі і Э Будзька, 1929. – 32 с.
- Aryšty. Biareza i vola: (uspaminy aryštanta). - Vilnia : adbitka z "Krynicy", 1940. – 68 с. ( Бяроза і Воля (1 частка), 2-я частка)
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 210. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- І. Багдановіч, Л. Войцік. Паўлюкоўскі Уладзіслаў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. — Т. 4. Лазарук — Перкін. — С. 507—508. — 524 с.; іл.. — ISBN 5-85700-153-6.
- ПАУЛЮКОЎСКІ Уладзіслаў // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
- Мікола Мікуліч. «Каб загінула цемра, прапала няволя...»: Творчая індывідуальнасць Улад-Ініцкага // Полымя (часопіс). — 2022. — № 4. — С. 66-78.
Спасылкі
- Сяргей Чыгрын. Забыты Уладзіслаў Паўлюкоўскі(недаступная спасылка). racyja.com (7 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 13 мая 2021.
- Паўлюкоўскі Уладзіслаў на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»