Уладзімір Шундрык
Дата нараджэння 3 мая 1929(1929-05-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 снежня 2002(2002-12-25) (73 гады)
Месца пахавання
Бацька Іван
Альма-матар
Член у

Уладзімір Шундрык (3 мая 192925 снежня 2002) — беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік.

Біяграфія

Нарадзіўся 3 мая 1929 г. ў вёсцы Рышчыца каля Слоніма (цяпер — мікрараён горада) ў Навагрудскім ваяводстве ў Польскай Рэспубліцы.

Падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну вучыўся ў слонімскай прагімназіі. Далучыўся да Саюза беларускай моладзі, стаў дружыновым. Мікалай Ракевіч, сябра Уладзіміра Шундрыка, перасказываў ягоныя ўспаміны пра гэта так:

" … ў школе працавалі даволі адукаваныя настаўнікі, таму на ўроках заўсёды было цікава. Настаўнікі адкрывалі нам праўдзівую гісторыю Беларусі, апавядалі пра выдатных дзеячаў, якія праславілі наш край. Запомніўся асабліва настаўнік Паважынскі. Яго ўрокі мы чакалі з нецярпеннем, яны прабягалі для нас, як адна хвіліна. Цікавая работа вялася і па лініі Саюза беларускай моладзі (СБМ). Усе вучні былі сябрамі СБМ. Насілі сваю адметную форму, якую выдавалі бясплатна. У летні час у Альбярціне праводзілася работа з дружынамі: вучні развучвалі беларускія песні, рыхтавалі сцэнары розных мерапрыемстваў. Потым дружыновыя вялі такую работу ў сваіх дружынах. Шмат увагі надавалася спорту. Перыядычна адбываўся збор арганізацыі СБМ на гарадской цэнтральнай плошчы ў Слоніме. Завяршаўся збор паходнай песняй і маршыроўкай. Ніякай антысавецкай агітацыі не праводзілася. Нават настаўнікі нашы стараліся нас папярэдзіць, каб мы не ўдзельнічалі ні ў якіх палітычных мерапрыемствах. "

Пачаў пісаць вершы, першы надрукаваў у «Баранавіцкай газэце». Уладзімірам Шундрыкам апекаваўся вядомы паэт Сяргей Новік-Пяюн, даваў яму беларускія кніжкі. Летам 1944 г. хацеў выехаць на Захад разам з кіраўніцтвам СБМ, але яго адшукаў бацька і забраў да хаты. Пасля прыхода савецкіх войскаў некалькі разоў быў выкліканы на допыты ў НКУС, дзе яму пагражалі арыштам і расстрэлам, але ён сказаў, што кінуў вучобу ў школе, не быў у СБМ, а працаваў вучнем у каваля. У гэты час пачаліся арышты ягоных сяброў, у тым ліку і Сяргея Новіка-Пяюна, што яшчэ больш уплынула на антысавецкія настроі Уладзіміра Шундрыка. Некаторыя знаёмыя і сябры, якія сталі на шлях узброенага супраціву СССР, прапаноўвалі далучыцца, але Уладзімір Шундрык адказваў, што хацеў вучыцца. Усё жыццё адчуваў да сябе пільную ўвагу КДБ, бо было вядома, што ён быў дружыновым СБМ і не меў сімпатый да савецкай улады.

У 1947 годзе паехаў у Гродна, паступіў у настаўніцкі інстытут, навучаўся беларускай мове і літаратуры. Пісаў патрыятычныя вершы, якія чытаў некалькім сябрам каля Каложскай царквы. Пазней спаліў усе рукапісы, а ў ягонай памяці застаўся толькі адзін верш «Мы — вольная моладзь». Захаваўся сшытак з апавяданнямі, якія Уладзімір Шундрык пісаў у 1949 годзе — ён быў перададзены Сяргеем Яршом ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Творы былі прасякнуты бязмежным патрыятызмам, любоўю да Беларусі, настальгіяй па тых часах, калі дзейнічаў Саюз Беларускай Моладзі.

У 1951 годзе Уладзімір Шундрык скончыў Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы. Пасля заканчэння інстытуту прасіўся на працу ў Заходнюю Беларусь, але быў адпраўлены ў Мінскую вобласць. У 1957 годзе атрымаў дазвол і вярнуўся ў родны Слонім, дзе ледзь уладкаваўся ў Дзеравянчыцкую школу, а пасля ў Альбярцінскую, але паўсюль яго бралі часова, бо ставіліся з падазронасцю за яго беларускасць. Шмат гадоў працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а таксама выкладаў сталярную справу. У вольны час даследаваў гісторыю роднага краю, сам спрабаваў пісаць, выступаў з артыкуламі на краязнаўчую і літаратурную тэматыку ў мясцовым і абласным друку. Дома захоўваў «нацыяналістычную» літаратуру: гадавікі часопісаў «Новы шлях», «Беларус на варце», шматлікія кніжкі. Вельмі цікавіўся асобай паэта Гальяша Леўчыка і прыклаў шмат намаганняў, каб сабраць успаміны, сведчанні людзей, якія выліліся ў некалькі публікацый. У 1960-я разам з іншым слонімскім краязнаўцам Васілём Супруном адшукаў на старых могілках у Лабазоўцы магілу бацькі Гальяша Леўчыка, Міхала Ляўковіча, дзе на шыльдзе быў беларускамоўны тэкст.

На пачатку 1990-х Уладзімір Шундрык быў сябрам БНФ «Адраджэнне», прымаў удзел у многіх мерапрыемствах, якія ладзіліся сябрамі БНФ. Паводле ўспамінаў Сяргея Чыгрына, «Беларускую мову і слова Уладзімір Іванавіч Шундрык шанаваў, як самае святое на зямлі». Друкаваў вершы ў газетах, найбольш вядомы з ніх — «Мы — вольная моладзь», які быў напісаны ў 1948—1949 гг. Адзін з твораў Уладзіміра Шундрыка быў надрукаваны ў зборніку «Золак над Шчарай» (Слонім, 1994), ён прысвячаўся роднай мове. Пачаў спрабаваць сябе ў публіцыстыцы. Пасля доўгіх год маўчання адкрыў інфармацыю, якую перадаў яму перад смерцю яго дзядзька, былы пасол польскага Сейма і вязень бальшавіцкіх канцлагераў Павел Крынчык: нібыта ў 30-х гадах у БССР існавала антысавецкае падполле, якое выбрала падпольны ўрад, куды ўваходзіў і Крынчык.

У апошнія гады Уладзімір Шундрык жыў адзін.

Памёр 25 снежня 2002 г., пахаваны на могілках на вуліцы Чырвоных партызан у Слоніме.

Творы

  • Шундрык У. Гальяш Леўчык // Золак над Шчарай. Слонім, 1994, с. 74-80.
  • «Мы — вольная моладзь!», 1948—1949 // Ёрш С. Праз 50 гадоў // Наша ніва, 1999, N21, 6 верасня
  • Шундрык У. Дзяды // Слонімскі веснік, 1991, 2 лістапада.

Зноскі

    Літаратура

    • Слонімскі край 2016 г. N9

    Спасылкі

    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.