Уладзімір Мікалаевіч Вольнаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 29 жніўня 1939 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 снежня 2023 (84 гады) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | мастак |
Вучоба | |
Член у |
Уладзімір Мікалаевіч Вольнаў (часам Вальноў; 29 жніўня 1939, в. Гародна, Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць — 18 снежня 2023, Віцебск) — беларускі графік і жывапісец.
Біяграфія
Скончыў аддзяленне дызайну Харкаўскага мастацка-прамысловага інстытута (1971). Удзельнік мастацкіх выставак з 1975. Член Беларускага саюза мастакоў (1979). Жыў у Віцебску[1].
Творчасць
Працаваў у станковай графіцы, жывапісе і інсталяціі. Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыцыйных жанрах: серыі літаграфій «Зямля» (1977—1979) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—1992). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), старажытнаму Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х гадоў дамінуючае месца занялі ідэі хрысціянскай маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»)[2].
Сярод іншых работ: «Вяртанне анёла» (1994), «Супрэматычны дворык» (1999), «Вочы Хрыста, які пакутуе» (2000), «Засмучаная зямля» (2004), «Певень. Заклік» (2005), «Пластыка маёй зямлі» (2007); калажы «Хацелася б усіх назваць» (1996), «Малітвы нашых бацькоў» (1999); серыя літаграфій «Мой горад» (1981), серыя пастэляў «Горад майго дзяцінства» (1982); інсталяцыі «Сям’я. Распяты» (1996), «Памяць. Халакост» (2005), «Прысвячэнне маці» (2006) і інш[1].
Зноскі
- 1 2 М. Л. Цыбульский. Вольнов Владимир Николаевич // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.). — Мн.: БелЭн. — ISBN 978-985-11-0463-1.
- ↑ М. Л. Цыбульскі. Вольнаў Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
Літаратура
- М. Л. Цыбульскі. Вольнаў Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
- М. Л. Цыбульский. Вольнов Владимир Николаевич // Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.). — Мн.: БелЭн. — ISBN 978-985-11-0463-1.
- Вольнаў Уладзімір Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — 727 с. — 10 000 экз.
- Вальноў Уладзімір Мікалаевіч // Беларускі саюз мастакоў: Энцыклапедычны даведнік / аўтар-складальнік Б. А. Крэпак і інш. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішерс», 1998. — С. 88. — 664 с. — 3 000 экз. — ISBN 985-6427-09-6.