Уладзімір Георгіевіч Казлоў
Дата нараджэння 1934
Месца нараджэння

Уладзімір Георгіевіч Казлоў (1934 — ?) — студэнт Мінскага медыцынскага інстытута, нонканфарміст, палітычны вязень.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1934 у г. Віцебск у сям’і вернікаў-баптыстаў (бацька быў прэсвітэрам). На чацвёртым курсе навучання ў Мінскім медыцынскім інстытуце быў арыштаваны і абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і прапагандзе, а таксама ў стварэнні контррэвалюцыйнай арганізацыі. Арышт адбыўся 19 кастрычніка 1954 года ў інтэрнаце медінстытута па вуліцы Красная д. 19, пакой 21.

Па гэтай жа справе быў затрыманы яшчэ адзін студэнт медінстытута Даніэль Давыдавіч Марошак. Падчас вобшуку ў студэнта У. Казлова былі знойдзены дзённікі, а таксама напісаны ім, але няскончаны «Манифест русских марксистов-ленинцев». У дзённіках, запісах і лістах сябрам У.Казлоў характаразаваў лад у СССР як «дзяржаўны капіталізм», а Камуністычную партыю ў сваім маніфесце называў «холопско-диктаторской партией России», рэзка адмоўна выказваўся пра Сталіна.

Казлоў і Марошак удзельнічалі ў няўдалай спробе арганізаваць у медыцынскім інстытуце літаратурны гурток, за што былі абвінавачаны ў стварэнні «антысавецкай арганізацыі».

4 студзеня 1955 года У. Казлоў разам з Д. Марошакам былі асуджаныя па артыкулах 72-а і 76 Крымінальнага кодэксу БССР («антысавецкая агітацыя і прапаганда» і «стварэнне контррэвалюцыйнай арганізацыі ці ўдзел у ёй») на 5 гадоў пазбаўлення свабоды з паражэннем у выбарчых правах на 3 гады.

Суд прызнаў студэнтаў вінаватымі ў тым, што «они в разное время, начиная с 1951 года, среди окружающих их лиц проводили антисоветскую агитацию, они возводили клевету на мероприятия Партии и Советского Правительства по колхозному строительству и др.; клеветали на национальную политику в СССР и советскую лействительность, восхваляли порядки в капиталистических странах» [1].

У 1956 годзе прысуд У. Казлову і Д. Марошаку быў апратэставаны. У выніку апратэставання, прысуд паводле артыкула 76 КК БССР быў адменены, а справа за недаказанасцю абвінавачання спыненая. Прысуд па артыкуле 72-а быў зменены, прызначанае пакаранне было зніжана да двух гадоў пазбаўлення свабоды кожнаму, без паражэння ў выбарчых правах. 22 жніўня 1956 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў рашэнне вызваліць У. Казлова і Д. Марошака са зняццем судзімасці. Далейшы лёс У. Казлова невядомы.

19 жніўня 1997 года У. Казлоў і Д. Марошак былі рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда Беларусі. Асабовая справа У. Казлова К. № 37027 з фотаздымкам захоўваецца ў Цэнтральным архіве КДБ Беларусі.

Зноскі

  1. Валодзін, У. Медыкі, якія «паставілі дыягназ» краіне /Уладзімір Валодзін // Новы час. — 2018. — 31 жніўня. — № 31(594). — С. 5-6.

Літаратура

  • Валодзін, У. Медыкі, якія «паставілі дыягназ» краіне /Уладзімір Валодзін // Новы час. — 2018. — 31 жніўня. — № 31(594). — С. 5-6.
  • Дзярновіч, А. Марошак Даніэль Давыдавіч / Алег Дзярновіч // Нонканфармізм у Беларусі, 1953—1985: Даведнік / Архіў найноўшае гісторыі; [Аўтар-уклад. А. Дзярновіч]. — Мінск: Athenaeum, 2004. — 252 с.
  • Маракоў, Л. Марошак Даніэль Давыдавіч / Леанід Маракоў // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991: Энцыклапедычны даведнік: У 3т., Т.3 Кн. 1. Абакановіч-Кучынская. — Мінск, 2004. — С. 439.
  • 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. — С. 237.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.