Уладзімір Іванавіч Бычкоў | |
---|---|
Род дзейнасці | рэвалюцыянер |
Дата нараджэння | 1861 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 18 жніўня 1883 |
Месца смерці | |
Грамадзянства |
Уладзімір Іванавіч Бычкоў (1861, г. Горкі, Магілёўская губерня — 18 жніўня 1883, паводле іншых звестак 30.8.1883[1], г. Томск) — расійскі рэвалюцыянер, брат рэвалюцыянераў Аляксандра і Яўгена Бычковых[1][2].
Біяграфія
З дваран. Бацька — інжынер-тэхнолаг, дырэктар цукровага завода, затым акцызны чыноўнік. Нарадзіўся ў 1861 годзе ў Горках Магілёўскай губерні, дзе ў той час яго бацька служыў лабарантам Земляробчага Горыгорацкага інстытута[2].
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Гомелі і Кіеве. Навучаўся на юрыдычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта, аднак не скончыў яго[2].
З 1878 года прымае актыўны ўдзел у рэвалюцыйных гуртках ў Кіеве (В. Асінскага, Л. Брандтнера, У. Дзебагорыя-Макрыевіча і інш.) Быў адным з арганізатараў першай кіеўскай нарадавольчаскай групы (гурток У. Бычкова — І. Лявінскага), якая дзейнічала ў 1880 — першай палове 1881[1]. У склад групы ўваходзілі яго брат А. Бычкоў, І. Лявінскі, М. Ааронскі, М. Мазчанка, І. Кірылаў, В. Гарыновіч, Ф. Яноўскі. Гурток лічыў сябе мясцовай ячэйкай нарадавольчаскай арганізацыі і меў сваю пячатку з надпісам «Кіеўская секцыя партыі „Народная воля“»[3]. Планавалася шырокая тэрарыстычная дзейнасць, рыхтаваліся замахі на правакатара Забрамскага, жандарскага капітана Судзейкіна, кіеўскага віцэ-губернатара М. П. Гесэ, рыхтавалася выкраданне касы Кіеўскага ўніверсітэта. Гурток працаваў у асяроддзі настаўнікаў і гімназістаў у Нежыне і Казялецкім павеце[4]. Актыўна ўзаемадзейнічаў з членамі Паўднёва-рускага рабочага саюза (П. Івановым, Е. Кавальскай, М. Шчадрыным і інш.). Наладжваў працу друкарні[2].
Перапісаная рукой Бычкова праграма партыі «Народная Воля» была выяўленая пры ператрусе ў М. Ааронскага 16 красавіка 1881 года.
Арыштаваны 11 кастрычніка 1881 года[1], ён быў прывезены восенню таго ж года ў Маскоўскую перасыльную турму, для далейшай адпраўкі адміністрацыйным парадкам ва Усходнюю Сібір пад галосны нагляд на пяць гадоў. У сувязі з арыштам Бычкова быў арыштаваны яго брат-гімназіст, пасля выпушчаны на парукі, таксама быў арыштаваны і яго сваяк афіцэр 44 рэзервовага батальёна, перакладзены з Кіева кудысьці ў глуш. З прычыны ліста, знойдзенага ў Бычкова, былі зроблены арышты ў Нежыне. Там арыштаваныя настаўнік Пархоменка (выпушчаны на парукі), старэйшы філолаг інстытута Ігнаценка, гімназіст 8 класа Любарская, сельскія настаўнікі Калтуненка, Лук'яновіч і Яшчанка[2][5].
Цікавым эпізодам з'явілася спроба Бычкова ажаніцца ў турме, у выніку чаго ён мог парадніцца з маскоўскім губернатарам[6].
У канцы снежня 1881 года быў вернуты ў Кіеў для прыцягнення да дазнання па «справе 69-ці» (І. Лявінскага, Н. Гекера і інш.) З ліку абвінавачаных яму пагражала найбольш суровае пакаранне. 19 снежня 1882 года збег з Кіеўскай турмы[2][7].
Хаваўся ў Кіеве ў А. Баха і П. Дашкевіча, затым перабраўся з дапамогай Артынскага ў Жытомір, а адтуль праз Бярдзічаў у Харкаў. Пасля арышту В. Фігнер кіраваў мясцовымі рэвалюцыйнымі справамі[1][2].
Лічачы нарадавольчаскую арганізацыю на поўдні разбітай, з'ехаў летам 1883 у Томск, каб арганізаваць уцёкі сваёй нявесты Наталлі Баранавай і наладзіць шляхі ўцёкаў ссыльных[1]. Прыехаў у Томск 10 жніўня 1883 г. пад прозвішчам Паўла Іванавіча Сабанеева, але быў пазнаны крымінальным злачынцам, якія сядзелі з ім разам у Кіеўскай турме. Апошні падаслаў да Бычкова рамізніка, каб адвезці ў пастарунак. Бычкоў стрэліў у рамізніка, але прамахнуўся і, не жадаючы другі раз трапіцца ў рукі паліцыі, наступным стрэлам забіў сябе[1][2][8].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 Бычков Владимир Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 96. — 737 с.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Бычков Владимир Иванович — Революционеры — Яндекс. Словари(недаступная спасылка) (руск.)
- ↑ ЦГАОР СССР, ф. 102, 3-е делопроизводство, 1881 г., д. 359, лл. 21—22, 46.
- ↑ Третя республіканська наукова конференція з архівознавства та інших спеціальних історичних дисциплін. Друга секція. Спеціальні історичні дисципліни. К., 1968, с. 343—345.
- ↑ «Народная Воля» № 8-9, 5 февраля 1882 г (руск.)
- ↑ Народная Воля — Письма С. А. Иванова к П. Вл. Карповичу (руск.)
- ↑ IV. Политические процессы 1879—1882 гг.как арена революционной борьбы // Николай Троицкий (руск.)
- ↑ Народная Воля — Листок Народной Воли № 2, 1883 (руск.)
Літаратура
- Бычков Владимир Иванович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 96.
Спасылкі
- Бычков Владимир Иванович — Революционеры — Яндекс. Словари(недаступная спасылка) (руск.)
- Уладзiмiр Лiўшыц // Фантастычныя ўцёкі рэвалюцыянера з Горак