Украінская аўтакефальная праваслаўная царква | |
---|---|
Українська автокефальна православна церква | |
| |
Асноўная інфармацыя | |
Заснавальнікі | Мсціслаў (Скрыпнык) |
Аўтакефалія | не прызнаная |
Прызнанне аўтакефаліі | 1990 (самаабвешчана) |
Цэнтр | Кіеў |
Рэзідэнцыя Прадстаяцеля | Кіеў |
Юрысдыкцыя (тэрыторыя) | Украіна (аспрэчваецца) |
Мова набажэнстваў | украінская |
Каляндар | Юліянскі каляндар |
Колькасць | |
Епіскапаў | 12 |
Епархій | 14 |
Навучальных устаноў | 8 |
Манастыроў | 13 |
Прыходаў | 1195 |
Вернікаў | 2,4% веруючых украінцаў |
Сайт | https://church.net.ua/ |
Украінская аўтакефальная праваслаўная царква — праваслаўная царква ва Украіне з рэзідэнцыяй прадстаяцеля ў Кіеве, якая існавала з кастрычніка 1989 г. да снежня 2018 г. 15 снежня 2018 г. іерархі, якія прымалі ўдзел у Аб'яднальным саборы, прынялі рашэнне аб самароспуску царквы ў сувязі з аб'яднаннем праваслаўных цэркваў ва Украіне і стварэннем Праваслаўнай Царквы Украіны.[1]
Гісторыя
15 лютага 1989 г. пры падтрымцы праўкраінскіх сілаў у Кіеве пачаў дзейнічаць ініцыятыўны камітэт па аднаўленні Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якая дзейнічала ва Украіне ў 1919-1937 і 1942-1944 гг. Яго асноўнай мэтай было адраджэнне УАПЦ і рэгістрацыя парафій. Пасля таго, як 19 жніўня 1989 г. з юрысдыкцыі Рускай праваслаўнай царквы разам са сваім прыходам выйшаў протаіерэй Уладзімір Ярэма, настаяцель храма Пятра і Паўла ў Львове, аўтакефальны рух пачаў набіраць абароты. Падчас набажэнстваў у парафіях УАПЦ было прынята памінаць тагачаснага Усяленскага Патрыярха Дзімітрыя.
Працягваліся пошукі епіскапаў для адноўленай царквы. 22 кастрычніка 1989 г. на саборы святароў і міран ў Львове было абвешчана адраджэнне УАПЦ. Узначаліў адроджаную царкву пазаштатны епіскап Маскоўскага Патрыярхату Іван (Баднарчук) (14 лістапада 1989 г. ён быў забаронены ў служэнні Сінодам РПЦ).
На пачатак 1990 г. у УАПЦ перайшло каля 200 галіцкіх парафій. Рост колькасці парафій змушаў кіраўніцтва Царквы прыняць рашэнне ажыццявіць хіратаніі (пасвячэнне) новых епіскапаў. Паколькі прыцягнуць да гэтага працэсу архірэяў УАПЦ у эміграцыі ў той час не было магчыма, новага епіскапа УАПЦ Васіля (Баднарчука) высвецілі Іван (Баднарчук), епіскап Валынскі і Ровенскі РПЦ Варлаам (Ільюшчанка), які дзейнічаў таемна ад Сінода РПЦ, і епіскап Яснапалянскі Праўдзіва-Праваслаўнай (Катакомбнай) Царквы Вікенцій (Чэкалін). Як аказалася пасля, апошні быў самазванцам. Таму ўсе здзейсненыя з яго удзелам хіратаніі былі паўтораныя ў 1991 г. пры ўдзеле епіскапа з замежнай часткі УАПЦ Антонія (Шчэрбы). Агулам вясной 1990 г. адбылося яшчэ пяць епіскапскіх хіратаній: Андрэя Абрамчука, Даніла Кавальчука, Мікалая Гроха, Рамана Балашчука і Уладзіміра Раманюка.
Як адзначаў прадстаяцель УАПЦ мітрапаліт Мяфодзій, на момант усталявання аўтакефальнага ладу Украінскай Царквы на Памесным Саборы ў 1990 г. механізм яе абвяшчэння, па-першае, не быў рэгламентаваны святымі канонамі Праваслаўнай Царквы, а па-другое, не быў ўзгоднены на агульнаправаслаўным узроўні. Менавіта таму, клапоцячыся аб станаўленні ўкраінскага праваслаўя ў новых гістарычных умовах, Памесны Сабор УАПЦ у 1990 г. пайшоў шляхам самаабвяшчэння аўтакефаліі.
5-6 чэрвеня 1990 г. у Кіеве адбыўся Усеўкраінскі праваслаўны сабор УАПЦ з удзелам каля 700 дэлегатаў з усёй Украіны, сярод іх было 7 епіскапаў і больш за 200 святароў. Сабор зацвердзіў факт аднаўлення УАПЦ і выбраў Патрыярхам Кіеўскім Мсціслава (Скрыпніка). Таксама быў прыняты статут царквы. Сам мітрапаліт Мсціслаў на гэтым саборы адсутнічаў, а сваё абранне патрыярхам прыняў не адразу. Месцаахоўнікам патрыяршага пасаду ў Кіеве стаў на той час ужо мітрапаліт Іван (Баднарчук). 16 верасня 1990 г. мітрапалітам Львоўскім УАПЦ Іванам(Баднарчуком), епіскапамі УАПЦ Уладзімірам (Раманюком) і Даніілам (Кавальчуком) Антоній (Масендзіч) быў пасвечаны ў епіскапа Ровенскага і Жытомірскага.
2 кастрычніка 1990 г. органы ўлады УССР афіцыйна зарэгістравалі УАПЦ.
Дэмакратызацыя палітычнага жыцця ва Украіне спрыяла таму, што восенню 1990 г. мітрапаліт УАПЦ Мсціслаў (Скрыпнік) атрымаў магчымасць наведаць Украіну. 18 лістапада 1990 г. у саборы Святой Сафіі ў Кіеве адбылася інтранізацыя яго на Патрыярха Кіеўскага і Усяе Украіны. Ва Украіне Патрыярх Мсціслаў разам з епіскапам Вашынгтонскім Антоніем (Шчэрбай) высвецілі епіскапа Хмяльніцкага Антонія (Фіялка) і епіскапа Днепрапятроўскага Панцеляймона (Раманоўскага).
Пасля свайго кароткага знаходжання ва Украіне Патрыярх Мсціслаў вярнуўся ў ЗША. Сваім намеснікам, кіраўніком справамі патрыярхіі ў Кіеве ён прызначыў епіскапа Ровенскага Антонія (Масендзіча). Пасля апошні быў узведзены на мітрапаліта Пераяслаўскага і Січаслаўскага. Знаходжанне кіраўніка УАПЦ за межамі дзяржавы, а таксама шэраг унутраных трэнняў і канфліктаў ва ўкраінскай частцы УАПЦ у 1990-1991 гг. прывялі да супрацьстаяння ўнутры яе розных груп і архірэяў. Гэта зрабіла немагчымым выразна аформіць сваю структуру і нармалізаваць царкоўнае жыццё.
Пасля смерці патрыярха Мсціслава 7 верасня 1993 г., Памесны Сабор выбраў яго пераемніка - Патрыярха Дзімітрыя (1915-2000 гг.) і надаў яму тытул патрыярха Кіеўскага і ўсяе Украіны. Інтранізаваны ён быў на Патрыярха Кіеўскага і Ўсёй Украіны 14 кастрычніка 1993 г. На Саборы УАПЦ 14-15 верасня 2000 г. прадстаяцелем УАПЦ быў абраны мітрапаліт Мяфодзій, мітрапаліт Цярнопальскі і Падольскі. У 2009 г. ён быў узнагароджаны дзяржаўным ордэнам "За заслугі" I ступеня за шматгадовую плённую царкоўную дзейнасць, зацвярджэнне ідэалаў духоўнасці, міласэрнасці і згоды ў грамадстве. 24 лютага 2015 г. мітрапаліт Мяфодзій памёр. 27 лютага 2015 г. Архірэйскі сабор выбраў месцаахоўнікам прастолу УАПЦ мітрапаліта Львоўскага, кіраўніка Ровенска-Валынскай і Таўрычаскай епархій Макарыя. 4 чэрвеня 2015 г. памесным саборам УАПЦ ён быў абраны прадстаяцелем царквы.
У снежні 2018 г. у сувязі з утварэннем Праваслаўнай царквы Украіны і атрыманнем ёю томаса аб аўтакефаліі ад Усяленскага патрыярха Варфаламея І было прынята рашэнне аб самароспуску УАПЦ, усе архіерэі, святары, храмы і парафіі УАПЦ пераходзілі ў новаўтвораную ПЦУ.
Епіскапат на 2018 г.
Прадстаяцель
- Макарый (Малеціч), мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны
Праўлячыя архіерэі
- Андрэй (Абрамчук), мітрапаліт Галіцкі
- Раман (Балашчук), мітрапаліт Вінніцкі і Брацлаўскі
- Уладзімір (Шлапак), архіепіскап Жытомірскі і Палескі
- Афанасій (Шкурупій), архіепіскап Харкаўскі і Палтаўскі, кіраўнік Чаркаска-Кіраваградскай епархіі
- Герман (Семанчук), архіепіскап Чарнавіцкі і Хоцінскі
- Ціхан (Петранюк), архіепіскап Цярнопальскі і Бучацкі
- Кірыл (Міхайлюк), епіскап Ужгарадскі і Закарпацкі
- Віктар (Бедзь), епіскап Мукачэўскі і Карпацкі
- Барыс (Харко), епіскап Херсонскі і Мікалаеўскі
- Сава (Фрызюк), епіскап Данецкі і Славянскі
- Гаўрыіл (Крызіна), епіскап Ровенскі і Валынскі
Вікарныя архіерэі
- Уладзімір (Чарпак), епіскап Вышгарадскі і Падольскі, вікарый Кіеўскай епархіі
- Геронцій(Алянскі), епіскап Барыспільскім, вікарый Кіеўскай епархіі
- Павел (Мысак), епіскап Каламыйскі, вікарый Івана-Франкоўскай епархіі
Зноскі
Спасылкі
- Офіційний сайт УАПЦ (укр.)