Узровень мора — палажэнне вольнай паверхні Сусветнага акіяна, якое вымяраецца па стромай лініі адносна некаторага ўмоўнага пачатку адліку. Гэтае палажэнне вызначаецца законам прыцягнення, момантам інерцыі Зямлі, тэмпературай, прылівамі і іншымі фактарамі. Адрозніваюць «імгненны», прыліўны, сярэднясутачны, сярэднямесячны, сэрэднегадавы і сярэднешматгадовы ўзроўні мора.
Пад уздзеяннем ветравага хвалявання, прыліваў, награвання і ахалоджвання паверхні мора, ваганняў атмасфернага ціску, ападкаў і выпарвання, рачнога і ледніковага сцёку ўзровень мора няспынна змяняецца. Сярэднешматгадовы ўзровень мора не залежыць ад гэтых ваганняў паверхні мора. Палажэнне сярэднешматгадовага ўзроўню мора вызначаецца размеркаваннем сілы цяжару і прасторавай нераўнамернасцю гідраметэаралагічных характарыстык (шчыльнасць вады, атмасферны ціск і інш.).
Пастаянны ў кожным месцы сярэднешматгадовы ўзровень мора прымаецца за зыходны ўзровень, ад якога адлічваюцца вышыні на сушы. Для адліку глыбінь мораў з малымі прылівамі гэты ўзровень прымаецца за нуль глыбінь — пазнаку ўзроўню вады, ад якой адлічваюцца глыбіні ў адпаведнасці з патрабаваннямі суднаходства. У Расіі і большасці іншых краін былога СССР, а таксама ў Польшчы, абсалютныя вышыні пунктаў зямной паверхні адлічваюць ад сярэднешматгадовага ўзроўню Балтыйскага мора, вызначанага ад нуля футштока ў Кранштаце[1]. Глыбіні і вышыні ў заходнееўрапейскіх краінах вылічаюцца па Амстэрдамскаму футштоку (замер узроўню Міжземнага мора робіцца па Марсельскаму футштоку)[2].
Для вымярэння і рэгістрацыі ваганняў узроўню мора выкарыстоўваюць марэограф.
З-за таго, што існуе мноства фактараў, якія ўплываюць на глабальныя змены надвор'я, (напрыклад, Глабальнае пацяпленне), прадказанні і ацэнкі змяненняў узроўню акіяна ў бліжэйшай будучыні не вызначаюцца вялікай дакладнасцю.
Вышыня марской паверхні
Вышыня марской паверхні (ВМП) — гэта вышыня (ці тапаграфія, ці рэльеф) паверхні акіяна. На працягу сутак яна, найбольш схільная ўплыву прыліўных сіл Месяца і Сонца, дзеючых на Зямлю. На вялікіх маштабах часу на ВМП уплывае цыркуляцыя акіяна. Звычайна цыркуляцыя акіяна выклікае адхіленні тапаграфіі ад сярэдняга ўзроўню максімум на ± 1 м[3]. Самыя марудныя змены ВМП адбываюцца за кошт змяненняў у гравітацыйным полі Зямлі (геоід) у выніку пераразмеркавання кантынентаў, стварэння падводных гор і таму падобнага.
Паколькі гравітацыйнае поле Зямлі адносна стабільнае ў маштабах дзесяцігоддзяў і стагоддзяў, цыркуляцыя акіяна мае больш значную ролю ў назіраемай зменлівасці ВМП. Сезонныя змены ў размеркаванні цяпла і ветравага ўздзеяння ўплываюць на цыркуляцыю акіяна, а тыя, у сваю чаргу, на ВМП. Варыяцыі ВМП могуць быць вымераны з дапамогай спадарожнікавай альтыметрыі (напрыклад, спадарожнікі TOPEX/Poseidon, Jason 1) і ўжывацца для вызначэння, напрыклад, павышэння ўзроўню мора, разліку ўтрымання цяпла і геастрафічных плыняў, выяўлення і вывучэння віхраў у акіяне.
Гл. таксама
- Павышэнне ўзроўню мора
- Нацыянальныя сістэмы вышынь у геадэзіі
Зноскі
- ↑ Так званая «Балтыйская сістэма вышынь».
- ↑ Кранштацкі футшток Архівавана 18 чэрвеня 2013.
- ↑ Роберт Стюарт. Введение в физическую океанографию. — 2005.