Тэхніка (грэч. téchnē мастацтва, майстэрства) — сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, створаных для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбаў грамадства.

Таксама азначае навыкі і прыёмы ў нейкім відзе дзейнасці — тэхніка шахматнай гульні, тэхніка танца, тэхніка ігры на фартэпіяна і пад.

У тэхніцы матэрыялізаваныя веды і вытворчы досвед, набытыя чалавецтвам у працэсе развіцця. Тэхніка аблягчае працоўныя намаганні чалавека і павышае іх эфектыўнасць, дае магчымасць пераўтвараць прыроду. Па меры развіцця тэхніка замяняе чалавека ў выкананні тэхналагічных функцый, звязаных з фізічнай і разумовай працай. Тэхніка ўдзейнічае на прадметы працы пры стварэнні матэрыяльных і культурных даброт; выкарыстоўваецца для атрымання, перадачы і ператварэння энергіі; даследавання законаў развіцця прыроды і грамадства; перамяшчэння і сувязі; збору, зберагання і перадачы інфармацыі; кіравання грамадствам; бытавога абслугоўвання; вядзення вайны і забеспячэння абароны.

Агульнапрынятай класіфікацыі тэхнікі няма. Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць тэхніку вытворчую, бытавую, навуковых даследаванняў, адукацыі і культуры, ваенную, медыцынскую і інш. Асноўную частку тэхнічных сродкаў складае вытворчая тэхніка, да якой належаць машыны, механізмы, інструменты, апаратура кіравання машынамі і тэхналагічнымі працэсамі, вытворчыя будынкі і збудаванні, чыгункі, масты, рухомы састаў, сродкі камунікацыі, сувязі. Паводле галіновай структуры вытворчасці адрозніваюць тэхніку прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі; паводле прыналежнасці да асобных структурных падраздзяленняў вытворчасці — авіяцыйную, меліярацыйную, энергетычную; паводле прыроднай асновы асобных галін тэхнікі — атамную, халадзільную, вылічальную і інш.

Тэхніка і навука

Гісторыя тэхнікі выводзіцца ад прымітыўных прылад працы першабытнага чалавека. У мінулым тэхніка была пераважна эмпірычнымі ведамі і доследамі, накопленымі ў сродках працы; зараз яна ўсё больш робіцца матэрыялізацыяй навуковых ведаў і, у сваю чаргу, стымулюе навуковае пазнанне, ставіць перад навукай новыя задачы, удасканальвае сродкі навуковай дзейнасці; дасягненні сучаснай тэхнікі апіраюцца на фундаментальныя адкрыцці прыродазнаўчых і тэхнічных навук.

Развіццё навукі і тэхнікі, іх узаемасувязь і ўзаемадзеянне з'яўляюцца найважнейшымі ўмовамі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Сілай аб'ектыўных заканамернасцяў развіццё навукі апярэджвае тэхніку і прадвызначае перспектывы тэхнічнага прагрэсу, а распрацоўка новай тэхнікі апярэджвае развіццё вытворчасці і абумоўлівае яе пастаянае тэхнічнае ўдасканальванне.

Развіццё тэхнікі

У марксізме

Асноўныя перыяды развіцця механічных сродкаў працы, як іх вызначае марксісцкая навука, гэта: простыя прылады, сукупнасць простых прылад, складаныя прылады, прывядзенне ў дзеянне складанай прылады мускульнай сілай чалавека, прывядзенне ў дзеянне інструмента сіламі прыроды, машына, сістэма машын, якія маюць адзін рухавік; аўтаматычная сістэма машын. Кожны этап у развіцці тэхнікі адпавядае пэўнаму этапу развіцця грамадскай вытворчасці — «эканамічныя эпохі адрозніваюцца не тым, што вырабляюць, а тым, як вырабляюць». Тэмпы тэхнічнага прагрэсу вызначаюцца сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі, адпаведнасцю вытворчых адносін узроўню развіцця прадукцыйных сіл, у складзе якога тэхніка — найбольш рухомы і рэвалюцыйны элемент. У сваю чаргу тэхніка, залежная ад эканамічных умоваў грамадскага ладу, як найбольш рэвалюцыйны элемент прадукцыйных сіл судзейнічае змяненню гэтых умоваў.

Гл. таксама

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.