Тэрпеноіды — кіслародзмяшчальныя арганічныя злучэнні (як правіла, прыроднага паходжання), вугляродны шкілет якіх утвораны з ізапрэнавых звёнаў. Тэрпеноіды з’яўляюцца вытворнымі тэрпенаў, у некаторых выпадках іх вугляродны шкілет можа ўтварыцца з поліізапрэнавых структур шляхам перамяшчэння або страты вугляроднага фрагмента, звычайна метыльнай групы[1].
Асаблівасці будовы малекул тэрпеноідаў прыводзяць да прыкметнага іх адрознення ад іншых арганічных злучэнняў падвышанай лабільнасцю, схільнасцю да ізамерацыі, цыклізации і полімерызацыі. Ізамерызацыя і трансфармацыя нярэдка праходзіць у мяккіх умовах, пад дзеяннем святла, кіслароду паветра, пароў вады і т. п. З-за лёгкай перагрупоўкі вугляроднага шкілета тэрпеноідаў рускі навуковец Я. Вагнер назваў іх «хімічнымі хамелеонамі».
Тэрпеноіды з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абменных працэсаў, якія праходзяць у раслінах. Некаторыя тэрпеноіды рэгулююць актыўнасць генаў раслін, удзельнічаюць у фотахімічных рэакцыях. Вугляродныя ланцугі шэрагу тэрпеноідаў з’яўляюцца ключавымі прамежкавымі прадуктамі ў біясінтэзе стэроідных гармонаў, халестэрыну, ферментаў, вітамінаў Д, Е, К, жоўцевых кіслот.
Раслінныя тэрпеноіды маюць шырокі спектр біялагічнага дзеяння і таму ўяўляюць цікавасць для пошуку новых лекавых прэпаратаў.