Тэмбр (фр.: timbre) — афарбоўка гуку; адна з прыкмет музычнага гуку (разам з вышынёй, гучнасцю і працягласцю).

Па тэмбру адрозніваюць гукі аднолькавай вышыні і гучнасці, але выкананыя або на розных інструментах, рознымі галасамі, або на адным інструменце рознымі спосабамі, штрыхамі.

Тэмбр вызначаецца матэрыялам, формай вібратара, умовамі яго ваганняў, рэзанатарам, акустыкай памяшкання. У характарыстыцы тэмбру вялікае значэнне маюць абертоны і іх суадносіны па вышыні і гучнасці, шумавыя прыгукі, атака (пачатковы момант гуку), фарманты, вібрата і іншыя фактары.

Пры ўспрыманні тэмбраў звычайна ўзнікаюць розныя асацыяцыі: тэмбравую якасць гуку параўноўваюць са зрокавымі, тактыльнымі, смакавымі і іншымі адчуваннямі ад тых ці іншых прадметаў, з'яў (гукі яркія, бліскучыя, матавыя, цёплыя, халодныя, глыбокія, поўныя, рэзкія, мяккія, насычаныя, сакавітыя, металічныя, шкляныя і г. д.); радзей прымяняюцца ўласна слыхавыя вызначэння (звонкія, глухія).

Навукова абгрунтаваная тыпалогія тэмбру яшчэ не склалася. Устаноўлена, што тэмбравы слых мае зонную прыроду.

Тэмбр выкарыстоўваецца як важны сродак музычнай выразнасці: пры дапамозе тэмбру можна вылучыць той ці іншы кампанент музычнага цэлага, узмацніць або аслабіць кантрасты; змены тэмбраў — адзін з фактараў музычнай драматургіі.

У музыцы XX стагоддзя ўзнікла тэндэнцыя сродкамі гармоніі і фактуры ўзмацняць, падкрэсліваць тэмбравы бок гучання (паралелізм, кластары і г. д.). Асаблівым напрамкам ў выкарыстанні тэмбраў з'яўляецца санорыка.

Гл. таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.