Тэлугу (తెలుగు ప్రజలు) | |
Агульная колькасць | каля 75 млн. |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя |
Мова | тэлугу |
Рэлігія | індуізм |
Блізкія этнічныя групы | малаялі, тамілы, канада, гонды, брагуі, чэнчу, куруба |
Тэлу́гу (тэлугу తెలుగు ప్రజలు) - народ дравідыйскага паходжання, карэнныя насельнікі Паўднёвай Індыі, галоўным чынам штата Андхра-Прадэш. У выніку эміграцыі буйныя абшчыны тэлугу склаліся таксама ў Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, краінах Персідскага заліва і г. д. Агульная прыкладная колькасць - 75 млн. чал. (2004 г.)[1].
Паходжанне
Тэлугу вылучыліся з агулнадравідыйскага пласту насельніцтва ў перыяд сярэднявечча. Аднак з-за геаграфічных, каставых і гістарычных адрозненняў агульная свядомасць укаранілася толькі ў кан. XIX - сяр. XX ст. з развіццём культурнага адраджэння і гуртавання вакол мовы тэлугу.
Культура
Асноўным заняткам доўгі час з'яўлялася сельская гаспадарка. Тэлугу вырошчваюць рыс, бабовыя і алейныя культуры, садавіну і гародніну. Разводзяць хатнюю птушку, кароў, свінняў і іншую жывёлу. Ужо ў 1 тысячагоддзі н. э. вылучыліся прафесійныя заняткі гандляроў, ганчароў, кавалёў, цясляроў, якія перадаваліся па спадчыне.
Сем'і вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Да 1947 г. была пашырана палігінія. Шлюбы патрылакальныя, звычайна арганізуюцца бацькамі. Пашыраны шлюбныя адносіны паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. Жонка лічыцца адказнай за дабрабыт сям'і і працягласць жыцця мужа. У фальклоры тэлугу часцяком сустракаюцца матывы нялёгкай удовінай долі, паколькі згубіўшая мужа не можа разлічваць на дабразычлівасць сваякоў. Прадстаўнікі вышэйшых каст маюць абмежаваныя магчымасці разводаў.
Каставая сістэма глыбока ўкаранілася ў грамадстве тэлугу. Так, не прыватныя асобы і сем'і, а менавіта касты земляробаў кантралююць валоданне і размеркаванне зямлі. Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных каст звычайна забаронены.
Тэлугу будуюць паселішчы розных памераў. Некаторыя складаюцца ўсяго з некалькіх гаспадарак, а іншыя сельскія паселішчы больш нагадваюць гарады. Прадстаўнікі розных каст жывуць у розных частках паселішча. Будова жытлаў таксама паказвае паходжанне іх уладальнікаў. Найбольш прымітыўныя жытлы чатырохкутныя, каркасныя, са сценамі з саману і дахам з саломы. Хаты заможных тэлугу шматкамерныя, маюць каменны або цагляны фундамент. Жыхары адной або нават некалькіх вёсак складаюць суседскую абшчыну.
Тэлугу славяцца песенным і танцавальным мастацтвам. Асаблівае развіццё набыла карнатакская музыка, жанр класічнай індыйскай музыкі, характэрны для ўсіх дравідыйскіх народаў Паўднёвай Індыі, але большасць вядомых прыкладаў паходзіць менавіта з Андхра-Прадэш. Найбольш вядомая творчасць Анамаі (1408 - 1503 гг.), які складаў песні на мове тэлугу пад карнатакскую музыку.
Тэлугу таксама вылучаюцца сваёй кулінарыяй. Яна адрозніваецца вялікай колькасцю прыпраў і саленняў.
Мова
Мова тэлугу адносіцца да дравідыйскай сям'і моў.
Рэлігія
Большасць вернікаў спавядае індуізм.
Зноскі
Спасылкі
- Тэлугу на everyculture.com
- Культурныя асацыяцыі тэлугу ў свеце Архівавана 3 снежня 2017.
- Тэлугу - касмапалітычная культура Архівавана 5 снежня 2017.
- Культура тэлугу