Арабскі рукапіс XIV ст.

Тысячы і адной ночы (араб. كتاب ألف ليلة وليلة kitāb 'alf layla wa layla, перс.: هزار و يك شب hezār o yek šab) — помнік сярэдневяковай арабскай літаратуры, збор казак Блізкага Усходу і Паўднёвай Азіі, аб’яднаных гісторыяй пра цара Шахрыяра і яго жонку Шахразаду (Шахеразаду), складзены ў залаты век ісламскай культуры. Казкі напісаны рознымі аўтарамі ў розныя часы з сюжэтамі з арабскага, персідскага, індыйскага і месапатамскага фальклору і літаратуры.

Гісторыя стварэння

Пытанне пра паходжанне і развіццё твора цалкам не высветлена да цяперашняга часу. Спробы знайсці прарадзіму зборніка ў Індыі, якія рабілі першыя даследчыкі, пакуль дастатковага не абгрунтаваны. Правобразам твора на арабскім грунце быў, імаверна, зроблены ў X стагоддзі пераклад персідскага зборніка «Хезар-Эфсанэ» (Тысяча казак). Гэты пераклад па сведчанню арабскіх пісьменнікаў таго часу, вельмі папулярны пры двары халіфаў у Багдадзе. Ён не захаваўся, аднак казкі з гэтага зборніка вельмі часта існавалі і самастойна, часам у найбольш распаўсюджанай форме.

Толькі ў XVI—XVII стагоддзях «Тысяча і адна ноч» набыла той выгляд, у якім і вядома сучаснаму чытачу. Даследчыкі старажытнай арабскай літаратуры і мовы лічаць, што назва пайшла ад цюркскага фразеалагізма «бін бір», гэта даслоўна азначае «тысяча адзін». Ужываецца ж гэты фразеалагізм у значэнні «няпэўнае мноства». 3 цягам часу назва пачала разумецца літаральна — 1001, гэта значыць расказ Шахразады сапраўды ахоплівае тысячу і адно апавяданне.

Радзімай канчатковай рэдакцыі зводу стаў Егіпет. Гэта тлумачыцца гістарычнымі падзеямі. Да сярэдзіны XIII стагоддзя Багдад і іншыя гарады Усходу былі захопленыя і разбураныя манголамі. І ўжо пасля заваявання Егіпта і Сірыі асманскім султанам Селімам I (1512—1520) гарады Егіпта сталі галоўнымі цэнтрамі арабскага свету.

Мастацкія асаблівасці

Героі казачнай эпапеі падаюцца адпаведна традыцыйнаму ўяўленню і разуменню дабра і зла, прыгажосці і гармоніі. Станоўчы герой заўсёды чалавек адукаваны, багаты (калі бядняк, то ўрэшце да яго ўсё роўна прыходзіць багацце), шчодры, прыгожы. Гэтыя рысы адпавядаюць маральнаму і эстэтычнаму ідэалу сярэдневяковага гараджаніна Усходу. Лепшыя апавяданні і казкі «Тысячы і адной ночы» вызначаюцца расквечаным апісаннем быту, займальнасцю, багатым на падзеі і матывы сюжэтам, дасканалай кампазіцыяй, тонка пададзенай эротыкай, камічнасцю і гумарам.

Ілюстрацыя да кнігі, Абу-ль-Хасан Гафары, каля 1850 г.

Шахразада здолела падпарадкаваць, паралізаваць злога і жорсткага цара Шахрыяра, які, пасля здрады і ашуканства жонкі, пакляўся штоноч браць да сябе дзяўчыну і раніцай забіваць яе. Шахразада завабіла яго ў залаты, чарадзейны церам першай казкі — і праз тысячу і адну ноч цар Шахрыяр вярнуўся ў свет высакародным і велікадушным чалавекам, з глыбокім раскаяннем у сваіх злачынствах. Тым самым яшчэ раз сцвярджаецца сіла мастацтва, казкі, якая здольная адрадзіць душу і напоўніць жыццё прыгажосцю.

Вялікую ролю ў культуры Усходу ва ўсе часы займала паэзія, музыка, танец. Таму ў «Тысячы і адной ночы» мноства вершаў і вершаваных урыўкаў, якія былі ўведзены ў тэкст пазнейшымі перапісчыкамі і адпавядалі літаратурным густам таго часу. Некаторыя з гэтых вершаў прыпісваліся альбо сапраўды належалі вядомым сярэдневяковым арабскім паэтам — Абу Нувасу, Ібн аль-Мутазу, паэту і музыканту Ісхаку Масульскаму. Часам вершаваныя ўстаўкі маюць проста ілюстрацыйны характар і таму пры перакладзе могуць быць без усякай шкоды для твора апушчаныя. Але часам верш неад’емная частка дыялогу, бо, у разуменні сярэдневяковых арабаў, сапраўднае красамоўства немагчыма без вершаў.

Беларускія пераклады

  • Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Пераклад з рускай. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1939.
  • Аладзін і чарадзейная лямпа: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Пераклад С. Драздоўскага. — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Рэдакцыя дзіцячай і юнацкай літаратуры, 1961.
  • Сіндбад-мараход: Арабская казка: Для малодшага ўзросту / Мастак І. Някрасаў. — Мінск: Беларусь, 1963.
  • Тысяча і адна ноч: Арабскія народныя казкі: Выбранае: Для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Укладальнік, каментарыі, пасляслоўе, пераклад на беларускую мову А. Канапелькі. — Мінск: Беларуская навука, 1998.
  • Усходнія казкі: для малодшага школьнага ўзросту / літаратурная апрацоўка і пераклад з рускай мовы Н. В. Бабінай. — Мінск: Харвест, 2017.

Цікавыя факты

Памятная манета Нацбанка Беларусі, прысвечаная «Тысячы і адной ночы».

Зноскі

  1. Беларускі музычны тэатр рыхтуе прэм’еру балета «Тысяча і адна ноч»(недаступная спасылка) — радыё «Беларусь» 18.07.2013

Літаратура

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.