Тучынка, Тучынскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска ў паўночна-заходняй частцы горада, размешчаная з паўночнага боку Ракаўскага шляху. Прадмесце было знакаміта вялікай колькасцю цагельных заводаў, таму яго часта называлі Цагельняй[1].
На паўднёвым захадзе ад Тучынкі месціцца Мядзведжына, на поўначы — Кальварыя, па паўночным усходзе — Татарская Слабада, на паўднёвым усходзе — Раманаўская Слабада[2][3].
Гісторыя
Назва ўрочышча Тучынка сведчыла пра наяўнасць у гэтай мясцовасці значнай колькасці невялікіх азёраў і сажалак[4].
У пачатку XX ст. Тучынка ўваходзіла ў пятую паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзіў Ракаўскі трак[5].
У часе нямецкай акупацыі ў Тучынцы адбываліся масавыя расстрэлы яўрэяў.
Сучаснасць
У цяперашні час на тэрыторыі былой Тучынкі праходзіць Тучынскі завулак, які злучае вуліцы Кальварыйскую і Максіма Танка. Пра існаванне прадмесця нагадвае Тучынскі сквер.
У 2009 годзе Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Харкаўскай — Берута — Верашчагіна — жылой забудовы назвы «Тучынскі»[6].
Старыя адрасы
- Тучынка, 12. Цагельны завод Я. Л. Файна і З. Д. Шэкта. Гаспадары яго пачыналі саматужнікамі прадпрымальнікамі. У 1899 годзе аб’ядналіся для будаўніцтва цагельні побач з заводам Рубенчыка. Работы расцягнуліся на два гады.
- Тучынка, 37. Цагельны завод Ш. Я. Рубенчыка. Заснаваны ў 1901 годзе на базе саматужнай вытворчасці. Быў абсталяваны шаснаццацікамернай печчу Гофмана[7].
Зноскі
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 231
- ↑ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 196—197
- ↑ «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 550—551
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 230
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 254
- ↑ Безымянным скверам и улицам Минска присвоены имена(недаступная спасылка) // «Минск-Новости», 25 жніўня 2009
- ↑ Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 254—255
Літаратура
- Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008