Праваслаўны храм | |
Тураўская царква | |
---|---|
![]() Рэшткі царквы ў Тураўскім краязнаўчым музеі | |
52°04′24″ пн. ш. 27°43′24″ у. д. | |
Краіна |
![]() |
Горад | Тураў |
Канфесія | Канстанцінопальская праваслаўная царква |
Епархія | Тураўская |
Архітэктурны стыль | старажытнаруская архітэктура |
Дата пабудовы | XII стагоддзе |
Дата скасавання | 3 мая 1230 |
Матэрыял | цэгла |
![]() |
Тураўская царква — колішні праваслаўны храм у Тураве, помнік старажытнарускага дойлідства XII ст. Па сваёй плошчы храм не саступаў самым буйным культавым збудаванням Кіева, Суздаля і Пскова і пераўзыходзіў знакаміты Полацкі Сафійскі сабор[1].
Гісторыя
Царква была пабудавана на гарадзішчы старажытнага Турава, паводле меркавання даследчыкаў, у часы Кірылы Тураўскага[2].
Храм разбурыўся (дакладная дата невядомая) у выніку моцнай дэфармацыі і значнага нахілу сцен, магчыма, у выніку землетрасення ў Карпатах, якое адбылося 3 мая 1230 года[2]. Рэшткі царквы адкрыты і абследаваны М. Каргерам у 1963 г.
Архітэктура
![](../I/%D0%93%D0%BE%D0%BC%D0%B5%D0%BB%D1%8C._%D0%9C%D1%83%D0%B7%D0%B5%D0%B9_%D1%83_%D0%BF%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D1%8B_57.jpg.webp)
![](../I/%D0%93%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%88%D1%87%D0%B0_%D1%81%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B6%D1%8B%D1%82%D0%BD%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%A2%D1%83%D1%80%D0%B0%D0%B2%D0%B0_%D0%BF%D1%8D%D1%80%D1%8B%D1%8F%D0%B4%D1%83_%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%8C%D0%BD%D1%8F%D0%B3%D0%B0_%D1%81%D1%8F%D1%80%D1%8D%D0%B4%D0%BD%D1%8F%D0%B2%D0%B5%D1%87%D1%87%D0%B0_%D1%86%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B2%D0%B0_1.JPG.webp)
Царква ўяўляла сабой чатырохслуповы трохнефавы храм з нартэксам і апсідамі памеры царквы 28,2х16,5 м. Асаблівасць разбіўкі плана ў тым, што спачатку былі распланаваны межы храма па правым боку, а потым па левым (паўночным). У выніку гэтага была зробленая памылка ў адмеры модуляў на 1 локаць (0,43 м), што адлюстравана ў перакошанасці плана.
Падмуркі складзены з валуноў насуха. Сцены ўзведзеныя ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі (захаваліся на вышыню ад 0,3—0,5 да 2 м). Падлога царквы была выкладзена паліванымі пліткамі. Слупы ў сячэнні крыжовыя. У паўднёва-заходнім вугле царквы размяшчалася вежа з вітой лесвіцай.
Лапаткі, якія адпавядаюць усходняй пары падкупальных слупоў, змешчаныя на ўсход з такім разлікам, каб павялічыць плошчу ўспрыняцця вагі ад барабана з купалам і распор скляпенняў. Аналагічны канструкцыйны прыём выкарыстоўваўся ў гродзенскім дойлідстве XVII ст., напрыклад, у Ніжняй царкве. У адрозненне ад гродзенскіх помнікаў падкупальны прамавугольнік памерам 6х5,2 м выцягнуты па падоўжнай восі. Будынак мае канструкцыі, узведзеныя пазней за асноўны аб'ём: прыбудовы да ўсходніх, якія звужаюць праход да галоўнага алтара, і заходніх слупоў, якія злучалі іх з паўднёвай і паўночнай бакавымі сценамі, у выніку чаго быў утвораны своеасаблівы нартэкс, і інш.
Беларускі археолаг Алег Трусаў лічыць, што знешні выгляд царквы, збудаванай кіеўскімі майстрамі, аналагічны архітэктуры храмаў Кіева другой паловы XII стагоддзя[1].
Саркафагі
Пры раскопках у храме выяўлены тры шыферныя саркафагі. У адным з іх, даўжынёй прыкладна 1,8 м, знаходзіліся рэшткі мужчыны ва ўзросце 50-52 гадоў. Навукоўцы лічаць, што гэта было пахаванне не простага чалавека, а княжацкай або духоўнай асобы[2].
Зноскі
Літаратура
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Тураўская царква // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. С. 38.
Спасылкі
- Тураўская царква на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Тураўская царква на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Звесткі пра храм на сайце Radzima.org