Трынаццацігадовая вайна
Асноўны канфлікт: Аўстра-турэцкія войны
Керасцецкая бітва
Керасцецкая бітва
Дата 1593-1606
Месца Балканскі паўвостраў
Вынік Жытватарацкі мір
Змены Эгер і Надзьканіжа перайшлі Асманскай імперыі
Праціўнікі
Габсбургская Аўстрыя
Свяшчэнная Рымская імперыя
Каралеўства Венгрыя
Каралеўства Харватыя
Каралеўства Багемія

Княства Трансільванія
Княства Валахія
Малдаўскае княства
Войска Запарожскае
Іспанія
Сербскія паўстанцы
Папская вобласць
Венецыянская рэспубліка
Саксонія
Таскана
Балгарскія паўстанцы
Герцагства Ферара
Мантуанскае герцагства
Савойскае герцагства
Асманская імперыя
Крымскае ханства
Нагайская Арда
Камандуючыя
Рудольф II
Іштван Бочкаі
Міхай Храбры
Мехмед III
Ахмед I
Каджа Сінан-паша
Дамад Ібрагім-паша
    Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

    Трынаццацігадовая вайна ў Венгрыі (таксама «Пятнаццацігадовая вайна» — у залежнасці ад таго, які год лічыць пачаткам) — адна са шматлікіх войнаў паміж Габсбургскай манархіяй і Асманскай імперыяй.

    Перадгісторыя

    У 1568 годзе Аўстрыйская імперыя і Асманская імперыя заключылі мірныя дагаворы, які падаўжаўся ў 1574 і 1583 гадах. Пасля падпісання дагавора аўстрыйцы і іх саюзнікі пабудавалі на лініі мяжы ланцуг апорных пунктаў, прызначаных для абароны ўнутраных раёнаў ад уварванняў праціўніка; асманскі бок зрабіў тое ж самае.

    Аднак, нягледзячы на фармальны мір, на асобных участках працяглай харвацка-баснійскай мяжы па-ранейшаму мелі месца абмежаваныя ваенныя дзеянні і сутычкі. У 1591 годзе асманскі губернатар Босніі Хасан-паша ўзяў некалькі фартоў на заходнім (харвацкім) участку мяжы, а на рацэ Купе, каля Петрыньі, пабудаваў новы форт. Габсбургі, ведаючы пра дрэнны стан абароны сваіх межаў, палічылі гэта варожым актам, але паспрабавалі пазбегнуць абвастрэння сітуацыі з дапамогай дыпламатыі. У 1593 годзе Хасан-паша, фарсіраваўшы раку Купу, узяў у аблогу форт Сісак. Той, хто валодаў Сісакам, трымаў пад кантролем дарогі, якія праходзілі па берагах Савы і вялі да Заграба і далей у Аўстрыю, таму аўстрыйцы былі вымушаны адрэагаваць. Спешна сабраныя для аказання падтрымкі гарнізону форта аўстрыйскія сілы ўшчэнт разграмілі ў бітве пры Сісаку парушальнікаў мяжы, многія з якіх былі забіты (у тым ліку і сам Хасан-паша). Каджа Сінан-паша, які ў чарговы раз стаў вялікім візірам Асманскай імперыі, палічыў гэта дастатковай нагодай для пачатку вайны.

    Баявыя дзеянні

    1593—1596 гады

    У ліпені 1593 года Каджа Сінан-паша асабіста павёў армію ў паход на захад. Спачатку невялікія сілы аблажылі Сісак, а далей асноўныя сілы ў кастрычніку атакавалі Веспрэм і Варпалата. Габсбургскія сілы падышлі толькі пасля таго, як турэцкая армія вярнулася на зімовыя кватэры.

    У сакавіку 1594 года габсбургская армія пад намінальным кіраўніцтвам эрцгерцага Маціяса (рэальным камандуючым быў Міклаш Пальфі) узяла Ноград і рушыла на Эстэргам. Аблога Эстэргама пачалася ў маі, але ў чэрвені яе прыйшлося зняць з-за набліжэння асноўных асманскіх сіл. У сярэдзіне ліпеня турэцкая армія ўзяла горад Тата і аблажыла Эстэргам. 29 верасня Эстэргам капітуляваў на ўмовах свабоднага выхаду гарнізона (у 1595 годзе камандзір гарнізона Эстэргама быў пакараны смерцю па абвінавачванні ў здрадзе). Пасля гэтага Каджа Сінан-паша аблажыў Комарна, але тры тыдні аблогі паказалі, што сіл для ўзяцця горада ў туркаў недастаткова.

    У пачатку 1595 года памёр султан Мурад III. Яго сын Мехмед III атрымаў у спадчыну дзяржаву, якая знаходзілася ў поўным разладзе. Праціўнікі туркаў таксама не сядзелі склаўшы рукі, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Рудольф II і кіраўнік Трансільваніі Жыгманд Батары падпісалі пагадненне аб сумесных дзеяннях супраць туркаў, да якога пасля далучыліся гаспадар Валахіі Міхай Храбры і ўладар Малдавіі Аран Тыран. На некаторы час асноўным полем бітвы сталі раёны, якія прылягаюць да Усходняга Дуная. У жніўні 1595 года Міхай разбіў туркаў у бітве каля вёскі Кэлугэрэні, а затым, аб’яднаўшыся з трансільванскай войскам, якім камандаваў Іштван Бочкаі, узяў Тырговіштэ, Бухарэст і Брэілу. На некаторы час Валахія апынулася вызваленай ад туркаў.

    Тым часам на заходнім фронце сілы Габсбургаў, якімі кіраваў Карл фон Мансфельд, узялі Дзьёр, Эстэргам і Вішэград, але вырашылі не чапаць ключавую турэцкую крэпасць у Венгрыі — Буду. Асманская армія пачала аблогу Эгера.

    Асманы разумелі, што для ўзняцця прэстыжу султана і імперыі патрэбна новая стратэгія. На нарадзе, праведзенай вялікім візірам, было вырашана, што новы, яшчэ нявопытны султан, павінен стаць на чале сваёй арміі (ніхто з султанаў так не рабіў з 1566 года). У красавіку 1596 года Каджа Сінан-паша памёр, і новым вялікім візірам стаў Дамад Ібрагім-паша. У чэрвені асманская армія выступіла ў паход, каб злучыцца з войскамі, якія знаходзіліся на лініі крэпасцей, і 13 кастрычніка Эгер, які быў ключом да горнай Венгрыі, нарэшце паў.

    25 кастрычніка 1596 года ўзмоцненая татарскімі падмацаваннямі асманская армія сутыкнулася каля раўніны Мезэ-Керэстэш з трансільванцамі і асноўнымі сіламі аўстрыйскай арміі. Адбылося адзінае за ўсю вайну буйное сутыкненне паміж асноўнымі сіламі варагуючых бакоў, якое скончылася перамогай туркаў. Пасля бітвы султан, якога не занадта вабіла роля галоўнакамандуючага, прапанаваў заняць узначаліць войска вялікаму візіру, а сам вярнуўся ў Стамбул.

    Пазіцыйная барацьба (1597—1604)

    1597—1598 гады прайшлі ў сутычках сярэдняга памеру па лініі судотыку варагуючых бакоў; крэпасці раз-пораз пераходзілі з рук у рукі, але гэта не ўплывала на агульную сітуацыю. Да 1599 года варожыя бакі вычарпалі свае сілы, і ўвосень пачаліся мірныя перамовы, але бягучы стан не задавольваў ніводны з бакоў, і таму перамовы поспеху не мелі.

    У 1600 годзе туркі прарвалі абарончую лінію Габсбургаў, узяўшы стратэгічна важную крэпасць Надзьканіжа. Ізноў з’явілася пагроза аблогі Вены, і ў 1601 годзе Габсбургі беспаспяхова паспрабавалі вярнуць Надзьканіжу, аднак ім удалося ўзяць Секешфехервар, які туркі адбілі ўжо ў 1602 годзе. 1603—1604 гг. прайшлі ў барацьбе абодвух бакоў за Буду і Пешт.

    Паўстанне Бочкаі і канец вайны

    Палітыка Габсбургаў, накіраваная на барацьбу з Рэфармацыяй, пазбавіла іх магчымай падтрымкі пратэстанцкіх дзяржаў у барацьбе з туркамі. Больш таго, уціск імперскімі ўладамі пратэстантаў у Трансільваніі прывёў да таго, што ў 1604 годзе дваранін Іштван Бочкаі ўзняў там антыгабсбургскае паўстанне, спадзеючыся на заступніцтва мусульман-турак. Скарыстаўшыся барацьбой аўстрыйцаў з Бочкаі, туркі ў 1605 годзе вярнулі Эстэргам.

    Аднак у Асманскай імперыі таксама хапала праблем. Пасля смерці ў 1603 годзе султана Мехмеда III яго пераемнікам стаў трынаццацігадовы Ахмед I. Да гэтага часу Малая Азія была абхоплена хваляваннямі, у іншых раёнах імперыі таксама было неспакойна, а ў 1603 годзе пачалася чарговая вайна з Персіяй. У гэтых умовах абодва бакі пачалі шукаць міру.

    Вынікі

    11 лістапада 1606 года ў памежнай вёсцы Жытватарак быў падпісаны мірны дагавор. Апроч мноства іншых палажэнняў, дагавор замацоўваў за кожным з бакоў тыя тэрыторыі, якія яна ў той момант утрымлівала, што дало Асманскай імперыі вельмі невялікі выйгрыш у відзе ўсяго дзвюх новых крэпасцей — Эгера і Надзьканіжы. У абмен на разавую выплату 200 тысяч флорынаў адмянялася штогадовая «даніна», якую імператар Свяшчэннай рымскай імперыі плаціў султану.

    Літаратура

    • Кэролайн Финкель «История Османской империи: Видение Османа» — Москва: АСТ, 2010. ISBN 978-5-17-043651-4
    This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.