Вёска
Траскоўшчына
± |
Траско́ўшчына (таксама Грыско́ўшчына) — колішняя вёска на паўднёвым захадзе Мінска, на беразе ракі Мышкі (прыток Свіслачы). З 1978 года ў складзе Мінска, цалкам знесеная.
Месцілася на паўднёвым усходзе ад Пятроўшчыны, ля сутокаў рэчак Мышкі (або Копраўкі) і Лошыцы.
Назва
Назва Траскоўшчыны адыменнага паходжання, на гэта паказвае ўжо патранімічнае афармленне —шчына.
Аснова Trask- ад антрапоніма (колішняга імя) тыпу Traskus, такое прозвішча вядомае і ў сучаснай літоўскай антрапаніміі.
Імя «Траскус» утворанае ад асновы Tras- і антрапанімічнага суфікса -k-. Гэтая ж аснова таксама ў імені Traseikis, ад якога тапонім Трасейкі (недалёка ад возера Свіцязь).
Яшчэ адна Траскоўшчына каля Ракава, на захадзе ад «мінскай», яе назва найверагодней ад імя той жа асобы.
Таго ж іменнага паходжання на тэрыторыі сучаснага Мінска і былыя вёскі Сморгаўка, Шэйпічы, Лабуншчына (у Каменнай горцы, цяпер не існуе). Існуюць балцка-літоўскія антрапонімы Smurgis, Šeipys, Bugrimas, Labūnas.
Гісторыя
У 1800 годзе вёска на левым беразе ракі Копраўка, уласнасць І. Жыжэмскага, 2 двары, 17 жыхароў, карчма. У 1858 годзе вёска Траскаўшчызна, уласнасць Н. Чарноцкага. У 1897 годзе 8 двароў, 61 жыхар[1].
У 1917 годзе вёска Сеніцкай воласці Мінскага павета: 14 двароў, 85 жыхароў. З 1924 года ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне. 20 студзеня 1960 года вёска пераведзена са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсавет[2].
У 1978 годзе ўключаная ў межы горада Мінска[3]. Вёска цалкам знесеная, на яе месцы прамысловая зона ў канцы вуліцы Машыністаў[4].
Зноскі
- ↑ Памяць 1998, с. 626.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
- ↑ Минск : энциклопедический справочник 1983, с. 408.
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 6.
Літаратура
- Траскоўшчына // Памяць: Гіст-дакум. хроніка Мінскага р-на / Гал. рэд. Беларус. Энцыкл.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.. — Мінск: БелЭн, 1998. — 640 с.
- Тресковщина // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 9 кастрычніка 2018.