Будова атмасферы

Трапапаўза (ад грэч. τροπος — паварот, змяненне і παῦσις - прыпынак) — пераходны слой атмасферы Зямлі паміж трапасферай і стратасферай магутнасцю 1 – 2 км, дзе тэмпература з вышынёй не змяняецца (ізатэрмія).

У зямной атмасферы трапапаўза размешчана на вышынях ад 8-12 км (над узроўнем мора) у палярных раёнах і да 16-18 км над экватарам. Вышыня трапапаўзы залежыць таксама ад пары года (улетку трапапаўза размешчана вышэй, чым узімку) і цыкланічнай дзейнасці (у цыклонах яна ніжэй, а ў антыцыклоне - вышэй).

Трапапаўза адыгравае важную ролю ў цыркуляцыйных і тэрмадынамічных працэсах трапасферы і стратасферы. Яна затрымлівае і перашкаджае пераносу аэразолей і вадзяной пары ад зямной паверхні ў стратасферу. Тут фарміруюцца воблакі верхняга ярусу. Трапапаўза абмяжоўвае развіццё кучава-дажджавых воблакаў, іх пранікненне ў стратасферу і надае ім форму накавальні. У межах трапапаўзы ўзнікаюць струйныя струмені. Адначасова трапапаўза з’яўляецца бар’ерам пранікнення азону са стратасферы ў трапасферу.

Трапапаўза з’яўляецца таксама слоем мінімальнай тэмпературы, дзе ўраўнаважваецца паступленне і расход праменнай энергіі. У тропіках трапапаўза высокая і халодная, у напрамку да палюсоў яе вышыня паступова памяншаецца і яна становіцца цяплей.

Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
  • Каўрыга П. А. Метэаралогія і кліматалогія. Вуч. дапаможнік для студэнтаў геагр. фак. — Мн: БДУ, 2004. — 185 с.: іл.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.