Трансфармацыя ў генетыцы — змена спадчынных уласцівасцей клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генетычным матэрыялам у пракарыётаў. Натуральная трансфармацыя адкрыта і вывучана ў бактэрый (напрыклад, трансфармацыя непатагенных бактэрый у патагенныя), але магчыма і ў клетках вышэйшых арганізмаў.
Кампетэнтныя клеткі, здольныя ўключаць чужародную ДНК, сінтэзуюць бялок. Пасля пранікнення ў клетку фрагмента ДНК донара адна з яе нітак распадаецца, а другая ўключаецца ў храмасому рэцыпіента за кошт рэкамбінацыі з гемалагічным участкам. Трансфармацыя выкарыстоўваецца для генетычнага аналізу бактэрый, у якіх невядомыя іншыя формы абмену генетычным матэрыялам (кан'югацыі, трансдукцыі) і эксперыментах па генетычнай інжынерыі.
Адкрыццё і вывучэнне трансфармацыі з'явілася доказам таго, што ДНК — матэрыяльны носьбіт спадчыннасці.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).