Транскры́пцыя (ад лац.: transcriptio — перапісванне) — біясінтэз малекул рыбануклеінавай кіслаты (РНК) на адпаведных участках дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК); першы этап рэалізацыі генетычнай інфармацыі ў жывых клетках.
Фермент ДНК залежная РНК-полімераза далучаецца да знака пачатку транскрыпцыі (участак ДНК), расплятае падвойную спіраль ДНК і капіруе адзін з яе ланцугоў. Рухаючыся ўздоўж ДНК, фермент паслядоўна далучае манамерныя звёны (нуклеатыды) да РНК, што ўтвараецца, у адпаведнаці з прынцыпам камплементарнасці. Па меры руху РНК-полімеразы ланцуг РНК адыходзіць ад матрыцы і падвойная спіраль ДНК ззаду фермента ўзнаўляецца. Калі РНК-полімераза даходзіць да канца ўчастка, што капіруецца, РНК аддзяляецца ад матрыцы. Колькасць копій розных участкаў ДНК мяняецца ў ходзе развіцця арганізма.
У пухлінародных вірусаў магчымы перанос інфармацыі з РНК на ДНК (адваротная транскрыпцыя) з дапамогай ферменту адваротнай транскрыпцыі (рэвертазы).
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).