Трактар (англ.: tractor ад лац.: traho цягну) — самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад[1].
Будова
Складаецца з каркаса, які служыць апорай трактара, рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі, механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя прылады, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншчальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.).
На сельскагаспадарчыя трактары ўсталёўваюць механічныя каробкі перадач з колькасцю перадач да 32, пераважна з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастатычнымі і гідрамеханічнымі перадачамі. Для паніжаных тэхналагічных скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншчальнікам.
Сучасныя колавыя трактары пераважна маюць прывад на ўсе чатыры колы і абсталяваны блакіроўкай дыферэнцыяла. У большасці трактароў заднія колы большыя за пярэднія: пярэднія колы меншага памеру палягчаюць манеўраванне ў полі, а вялікія заднія шыны паляпшаюць праходнасць трактара і лепш размяркоўваюць счэпную вагу[2]. Колавыя трактары маюць прасцейшую канструкцыю, але маюць горшую праходнасць. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, але іх недахопамі з’яўляюцца вялікая маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу.
Класіфікацыя
Бываюць колавыя і гусенічныя; сельскагаспадарчыя (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спецыяльныя — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і іншыя), прамысловыя (тралёвачныя, дарожна-будаўнічыя), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).
Сельскагаспадарчыя трактары агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі сельскагаспадарчых культур. Універсальна-прапашныя — для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных трактароў — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў або гусеніц, дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны.
У краінах СНД трактары падзяляюцца на 10 класаў, паводле цягавага намагання: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (2 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН).
Вытворчасць
Першыя колавыя трактары з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830-я гады ў Вялікабрытаніі і Францыі, з рухавікамі ўнутранага згарання — у 1901 годзе у ЗША, гусенічныя — у 1912 годзе ў ЗША. Як галіна прамысловасці трактарабудаванне існуе з 1917 года, калі на заводах Форда ў ЗША пачаўся масавы выпуск трактароў. У лік найбуйнейшых вытворцаў уваходзяць «Нью-Холанд», «Джон Дзір», «Масі Фергюсан», «Дойц», «Ландзіні», «Кейс». У Беларусі трактары выпускае Мінскі трактарны завод, які ў 1950 годзе пачаў вырабляць гусенічныя і тралёвачныя, а з 1953 года колавыя сельскагаспадарчыя трактары «Беларус»[1][3].
Крыніцы
- 1 2 Трактар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- ↑ Carina Mollner. Die Superpower der Acker-Giganten (ням.). Auto Motor und Sport (13 студзеня 2024). Праверана 15 лютага 2024.
- ↑ Трактарабудаванне // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Літаратура
- Трактар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).