![](../I/Touchpad.jpg.webp)
Тачпад (англ.: touchpad — сэнсарная пляцоўка), сэнсарная панэль — указальная прылада ўводу, часцей за ўсё ўжываецца ў ноўтбуках. Таксама існуюць мадэлі клавіятур, сумешчаныя з тачпадам.
Як і іншыя ўказальныя прылады, тачпад звычайна ўжываецца для кіравання «ўказальнікам» шляхам перасоўвання пальца па паверхні прылады. Тачпады маюць разнастайныя памеры, але звычайна іх плошча не перавышае 50 см². Форма ўвасаблення — часцей за ўсё прастакутнік, але існуюць мадэлі і ў форме круга[1].
Кампанія Apple традыцыйна выкарыстоўвае для пазначэння тачпада слова «трэкпад» (англ.: trackpad).
Гісторыя
Да тачпадаў у ноўтбуках ужываліся трэкпоінты і трэкболы.
У 1988 годзе Джордж Герфайдэ (George E. Gerpheide) вынайшаў сэнсарную пляцоўку (тачпад). Фірма Apple ліцэнзавала яго праект і пачала ўжываць яго ў сваіх ноўтбуках PowerBook, пачынаючы з 1994 года. З той пары тачпад стаў найбольш распаўсюджанай прыладай кіравання курсорам для ноўтбукаў.
Прынцып дзеяння
Работа тачпадаў заснавана на вымярэнні ёмістасці пальца ці вымярэнні ёмістасці паміж сэнсарамі. Сэнсары ёмістасці змешчаны ўздоўж вертыкальнай і гарызантальнай восей тачпада, што дазваляе вызначыць каардынату пальца з патрэбнай дакладнасцю.
Паколькі работа прылады заснавана на вымярэнні ёмістасці, тачпад не будзе працаваць, калі вадзіць па ім якім-небудзь неправодзячым прадметам, напрыклад, канцом алоўка. У выпадку ўжывання тачпад будзе працаваць толькі пры дастатковай плошчы дотыку. (Паспрабуйце кранацца тачпада пальцам толькі трошкі). Вільготныя пальцы ўскладняюць працу тачпада.
Характарыстыкі
Тачпады з’яўляюцца прыладамі з даволі нізкім разрозненнем. Гэтага досыць для ўжывання іх у штодзённай рабоце за камп’ютарам (офісныя праграмы, вэб-браўзеры, лагічныя гульні), але гэта ўскладняе работу ў графічных праграмах і робіць вельмі нязручнай гульню ў 3D-шутэрах.
Аднак у тачпадаў ёсць і шэраг пераваг, у параўнанні з іншымі маніпулятарамі:
- не патрабуюць роўнай паверхні (у адрозненне ад мышы);
- не патрабуюць вялікай прасторы (у адрозненне ад мышы ці графічнага планшэта);
- размяшчэнне тачпада фіксавана адносна клавіятуры (у адрозненне ад мышы);
- для перасоўвання курсора на ўвесь экран дастаткова толькі невялікага руху пальца (у адрозненне ад мышы ці буйнога графічнага планшэта);
- работа з імі не патрабуе асаблівага прызвычайвання, як, напрыклад, у выпадку з трэкболам;
- з дапамогай аднаго тачпада, не кранаючы кнопак, можна выконваць частку маніпуляцый левай кнопкі мышы:
- хуткае крананне — пстрычка;
- падвойнае хуткае крананне — падвойная пстрычка;
- незавершанае падвойнае крананне з наступным перасоўваннем — адпавядае перасоўванню мышы з заціснутай левай кнопкай, гэта азначае перасоўванне аб’екта ці выдзяленне;
- асобныя месцы тачпада (паласа справа і зверху/знізу) могуць быць скарыстаны для вертыкальнай і гарызантальнай пракруткі.
Тачпады ноўтбукаў Apple, Asus, а таксама амаль любыя ад Synaptics (з дапамогай асобнай праграмы[2]) могуць імітаваць націсканне правай кнопкі і кола без ужывання дадатковых кнопак:
- пракрутка — націсканне двума пальцамі і перасоўванне
- правая кнопка — хуткае націсканне двума пальцамі (трыма ў Asus)
- павелічэнне/памяншэнне — сцягванне ці расцягванне двух пальцаў на паверхні тачпада адзін адносна другога
- пераварот — змяненне плоскасці пазіцыі двух пальцаў на тачпадзе ў патрэбным напрамку
- перагортванне — лёгкае крананне падчас руху злева направа ці наадварот трыма пальцамі
Таксама маюцца разнастайныя жэсты, у якіх ужываюцца і чатыры пальцы.
Тачпад адключаецца на ноўтбуку спалучэннем клавішаў Fn (побач з кнопкай Ctrl) + F10 (ці адна з кнопак ад F1 да F12). На некаторых ноўтбуках (напрыклад, Acer Aspire 5738G) тачпад адключаецца асобнай кнопкай.
Асноўныя вытворцы
Асноўныя вытворцы тачпадаў:
Гл. таксама
- Magic Trackpad